Талака ў Курапатах: схроны бамжоў ды чалавечыя парэшткі

Нават пасля згортвання лагеру моладзь працягвае наведваць памятнае ўрочышча. Гэтым разам — для вясновай прыборкі.

talaka_u_kurapatah__7__logo.jpg

На талаку сабралося троху больш за дзесятак чалавек з пакетамі для смецця ды пальчаткамі. Арганізатарам выступіла Моладзь Руху “За Свабоду”, але ўдзел узялі як чальцы іншых партый, так і цалкам незаангажаваныя людзі.

talaka_u_kurapatah__5__logo.jpg

talaka_u_kurapatah__8__logo.jpg

Цягам талакі хлопцы і дзяўчаты назбіралі з-два тузіны пакетаў смецця, якое з’явілася навідавоку пасля сыходу снегу. Час-почас трапляліся “схроны” бамжоў з адмыслова адкладзенымі пакетамі з рэчамі. Гледзячы па ўсім, гаспадары пакідалі тут сваё майно яшчэ ў мінулым годзе, да халадоў.

talaka_u_kurapatah__1__logo.jpg

talaka_u_kurapatah__2__logo.jpg
talaka_u_kurapatah__3__logo.jpg


Актывісты таксама правялі тлумачальную размову з мясцовым жыхаром, які выпальваў ва ўрочышчы каляровы метал з дратоў ды электрапрыбораў. Мужчына рабіў гэта сістэматычна, маючы адмыслова адведзенае месца ў глыбіні лесу. Пасля размовы жыхар Зялёнага Лугу прыбраў кастрышча ды паабяцаў перанесці сваю “дзейнасць” у іншае месца.

talaka_u_kurapatah__6__logo.jpg

Цалкам выпадкова натрапілі “свабодаўцы” і на сумнае сведчанне расстрэлаў, якія праходзілі тут з 1937 па 1941 год: з-пад зямлі паказаўся кавалак чэрапу. Верагодней за ўсё, фрагмент быў вымыты вадой.

Талака скончылася а 12-й, пасля чаго частка актывістаў далучылася да экскурсіі па ўрочышчы, якую праводзіў гісторык ды актывіст КХП-БНФ Алесь Чахольскі.