Уладзімір Мацкевіч пра прызнанне Шуневіча: «Гэтыя людзі ілгалі свядома»

Філосаф, метадолаг Уладзімер Мацкевіч пракаментаваў карэспандэнту «Радыё Свабода» заяву міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Уладзімер Мацкевіч у судзе 15 сакавіка

Уладзімер Мацкевіч у судзе 15 сакавіка


Міністр прызнаў у размове з журналістамі, што пераслед Уладзімера Мацкевіча за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага быў памылковы.

 

Уладзімер Мацкевіч сказаў, што насамрэч людзі памыліліся, і гэта з кожным можа здарыцца, але ж.

 

— Гэтыя людзі ілгалі свядома. Бо кожнага з іх я, адвакат і нават аднойчы суддзя перапытвалі пасля іх паказанняў. Мы пыталіся: паглядзіце ўважліва на гэтага чалавека, які стаіць перад вамі, то бок на мяне. Можа, вы на мітынгу бачылі кагосьці падобнага да гэтага чалавека? Кожны з міліцыянтаў углядаўся ў мяне і казаў: не, на сто адсоткаў ён упэўнены, што гэта быў менавіта я. Некалькі разоў перапытвалі і я, і адвакат. Таму гэта не магло быць памылкай.

 

Калі б яны сапраўды кагосьці бачылі, то потым, углядаючыся на судзе ў мяне, у іх быў бы хоць цень сумнення, што гэта мог быць чалавек падобны. Але ж ім быў дадзены загад. Яны не бачылі нікога, ніхто нічога не парушаў на гэтым мітынгу. І нават калі б я ці хто яшчэ там трымаў гэты плакат, то што ў гэтым крымінальнага? Што ў гэтым такога? Але ж гэта была разнарадка, яны па гэтай разнарадцы так і казалі.

 

Калі б гэта было аднойчы, то можна было б прыняць тлумачэнне, што яна памыліліся. Але ж я памятаю адзін са сваіх першых судоў, яшчэ 1997 году. На судзе таксама былі два міліцыянты, якія сведчылі супраць мяне, казалі, што яны мяне арыштавалі і гэтак далей. Тады я насамрэч быў на акцыі. Але тыя сведкі не маглі пазначыць месца, дзе яны мяне арыштоўвалі, бо іх там не было. Бо мяне арыштоўвалі зусім іншыя міліцыянты, і нават мяне трохі памялі, калі я супраціўляўся. Яны не ведалі, ува што я быў апрануты і гэтак далей. Гэта таксама былі сведкі па разнарадцы.

 

Ім проста прыйшоў час прыйсці ў суд, як на вахту, і сказаць тое, што ім напісалі. Вось яны так і сведчаць.

 

Усе суды пабудаваныя менавіта такім чынам. Сведчаць тыя, хто сёння павінен заступіць на вахту ў суд. А не тыя, хто быў на акцыі. Вельмі часта так бывае, што на акцыі адны міліцыянты ў цывільным, а на суд ідуць зусім іншыя. Гэта звычайная практыка, пра гэта ўсе ведаюць у апазіцыі, хто бярэ ўдзел у акцыях.

— Але тут міністр прызнаецца...

 

— А што міністр можа сказаць? Бо справа атрымала пэўную галоснасць. Іх напэўна пыталіся, бо гэта ўжо і дыпламаты ведаюць. І калі б гэта быў нейкі невядомы малады чалавек, то ніхто б гэтага і не заўважыў. А паколькі мяне ведаюць у краіне і за мяжой, то гэты пракол яны дапусцілі відавочна і вымушаныя апраўдвацца. Бо гэта ўжо проста так не замяць.

 

— У судзе быў пачаты разгляд справы супраць вас. Які яе лёс?

 

— Наступнага пасяджэння, відаць, ужо не будзе пасля такога выказвання Шуневіча. Хутчэй за ўсё, яны там пакаралі гэтых міліцыянтаў і тых, хто гэта прыдумаў. Справу яны замнуць, бо ім яна дасланая на даследаванне. Раз Шуневіч сказаў, што яны памыліліся, то, значыць, яны ўжо прызналі, што памыліліся. Ніякага далейшага даследавання не будзе. Але пастанова суду такая, што я не магу яе абскардзіць. Прыцягнуць іх да адказнасці ў мяне, такім чынам, няма юрыдычных падстаў. Таму мы з адвакатам звярнуліся ў пракуратуру, дзе я прашу даць прававую, юрыдычную ацэнку гэтаму факту з прыкладаннем пратаколу суду, дзе перапытванні кожнага са сведак пазначаныя. І відаць, што гэта былі наўмысныя, ілжывыя сведчаньні.


www.svaboda.org