У Кастуся Жукоўскага могуць апісаць маёмасць за «незаконны выраб прадукцыі СМІ»
Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў па пошце пастанову аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ад судовага выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Цэнтральнага раёна Гомеля Тамары Лабезнікавай.
Судовая выканаўца раней наведвала фрылансера і папярэджвала, што можа быць апісана і канфіскавана маёмасць. «Буду сам працаваць, прасіць дапамогу ў добрых людзей, каб неяк сплаціць штрафы. Таму што маю сям'ю могуць пазбавіць маёмасці, забраць аўтамабіль, хоць ён мне і не належыць, але наўрад ці гэта некага будзе хваляваць, скажуць — ты ім карыстаешся, значыць, ён твой. Буду прасіць дапамогі ў міжнародных арганізацыях, пісаць туды лісты, каб нехта заступіўся за беларускіх журналістаў-фрылансераў, абараніў свабоду слова», — пракаментаваў фрылансер.
Нагадаем, з пачатку 2016 года Кастуся Жукоўскага судзілі па артыкуле 22.9 КаАП у Карме, Жлобіне, Калінкавічах, Гомелі, Жыткавічах, Мазыры... Агулам штрафы (улічваючы 2015 год) склалі больш за 79 мільёнаў рублёў.
Відавочна, што на гэтым «правасуддзе» не спыніцца, бо ўжо 6 красавіка фрылансера выклікаюць на суд у Светлагорску, дзе яго зноў будуць судзіць па артыкуле 22.9 КаАП.