Ультыматум Дзмітрыя Мядзведзева і лёс беларускай дзяржаўнасці
Выступ прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева ў Брэсце 13 снежня можна лічыць кропкай адліку для новага этапу беларуска-расейскіх дачыненняў. Кіраўнік ураду РФ заявіў, што кампенсацыя беларускаму боку страт ад падатковага манеўру ў РФ магчыма толькі пры ўмове, што Мінск пагодзіцца на далейшае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, паводле дамовы, падпісанай у 1999 годзе.
Тут варта звярнуцца да гэтага дакумента. 8 снежня 1999 года ў Маскве была падпісана Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. У ім быў шэраг артыкулаў, якія прадугледжваюць цеснае аб'яднанне дзвюх дзяржаў. У дамове гаварылася аб стварэнні адзіных грошай, мытні, суда, рашэнні якога мелі б абавязковую юрыдычную сілу. Меркаваліся змены канстытуцый Беларусі і Расіі, а таксама стварэнне Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы, які павінен быць зацверджаны на рэферэндумах у дзяржавах-удзельніцах.
У пэўным сэнсе гэта быў юрыдычны нонсэнс. Бо ставіліся несумяшчальныя адна з другой задачы: аб'яднанне ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў-удзельніц. Відавочна, што калі дзве краіны аб'ядноўваюцца ў адну дзяржаву, то яны ніяк не могуць захоўваць свой нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт і заставацца суб'ектамі міжнароднага права. Калі ж яны застаюцца суверэннымі, то новае аб'яднанне ніяк нельга назваць «саюзнай дзяржавай». Тады гэта ўсяго толькі нейкая форма міждзяржаўнага саюза.
Саюзная дзяржава — гэта помнік той эпохі, у якой яна стваралася. Гэта палітыка-юрыдычная структура меркавалася як пераходная форма на шляху да поўнага аб'яднання дзвюх краін. На тле старога і хворага прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына, амаль поўнасцю страціўшага давер расійскага грамадства, малады і энэргічны, папулярны ў Расіі Аляксандр Лукашэнка марыў пра крамлёўскі пасад і ўсяляк прышпорваў працэс інтэграцыі.
Але ўжо 31 снежня 1999 году да ўлады ў Расіі прыйшоў Уладзімір Пуцін, вароты ў Крэмль зачыніліся, і інтэнцыі Аляксандра Лукашэнкі да інтэграцыі з РФ рэзка астудзіліся. Пачалася доўгая тактычная гульня. Мінск і Масква рэалізоўвалі сваю тактыку. Пуцін прапаноўваў такую схему: спачатку эканамічная інтэграцыя і толькі затым — палітычная. Логіка вельмі празрыстая. Беларусь прывязваецца да Расіі эканамічна, тут уводзіцца расійскі рубель, Лукашэнка пазбаўляецца рэальнай эканамічнай улады ў сваёй краіне. Вось тады можна пераходзіць і да палітычнага аб'яднання, бо Беларусі няма куды падзецца. Варта нагадаць, што ў 2000 годзе Лукашэнка падпісваў пагадненне аб пераходзе на расійскі рубель у 2005 годзе, але потым адмовіўся ад гэтага.У сваю чаргу Лукашэнка прапаноўваў пачынаць з палітычнай інтэграцыі, прыняць Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы.
Тая эпоха даўно закончылася, а помнік застаўся. І вос цяпер Расія вырашыла яго ажывіць. Ружжо, якое амаль 19 гадоў (з 1999 году) вісела на сцяне, раптам выстраліла. Расія вырашыла рэанімаваць, здавалася, даўно ўсімі пахаваную Саюзную дзяржаву. Не выпадкова Мядзведзеў нагадаў пра агульную фінансавую сістэму. Без сваіх грошай сувэрэнітэт краіны падрываецца. Фактычна Масква прад'явіла Беларусі ўльтыматум. Кажучы па іншаму, Расія штурхае Беларусь да фактычнага аб'яднання ў адну дзяржаву, ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці.
Упершыню за ўсе гады «брацкай інтэграцыі» Расія выкарыстоўвае эканамічны шантаж для прымусу да здачы суверэнітэту Беларусі. Цяпер усё спасылаюцца на прапанову Пуціна ад 2002 года аб далучэнні Беларусі да Расіі шасцю абласцямі. Але тады расійскі прэзідэнт не ўвязваў гэтае пытанне з тэмай эканамічнай дапамогі.Пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч у інтэрв’ю агенцтву ТАСС паспрабаваў растлумачыць, расшыфраваць заяву Мядзведзева. Паводле яго, «на нейкім этапе рэсурс падтрымкі Беларусі, які існаваў у сыравінных формах датацый, сябе вычарпаў». Патрэбны новыя механізмы. Прычым, гаворка ідзе не толькі пра нафту, але і пра газ. Зніжкі на кошт газу дзейнічаюць толькі на 2019 год. А далей газавая цана стане прадметам перамоваў, вынікі якіх Масква зноў жа ўвязвае з будаўніцтвам Саюзнай дзяржавы. Менавіта так можна зразумець развагі Бабіча. «Гэта новы эканамічны пакет», — адзначае амбасадар.
Расійскія медыі актыўна абмяркоўваюць тэму Саюзнай дзяржавы, як праект захавання Пуціна ва ўладзе пасля 2024 году. Маўляў, ствараецца новая аб'яднаная беларуска-расійская дзяржава, з новай Канстытуцыяй, і Пуцін становіцца яе прэзідэнтам. Такім чынам можна абыйсці канстытуцыйныя абмежаванні займаць прэзідэнцкую пасаду толькі два тэрміны.
А куды дзяваць у гэтай новай дзяржаве Аляксандра Лукашэнку? Як адзначыў галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедзіктаў, кіраўніка Беларусі накіруюць паслом у Зімбабве.
Намёкі на тое, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ў беларуска-расійскіх адносінах нешта адбываецца, былі. Але іх заўважалі толькі вельмі уважлівыя назіральнікі. Тут і прызначэнне новым расійскім амбасадарам палітычнага цяжкавагавіка Міхаіла Бабіча з больш вялікім паўнамоцтвамі, і дзіўныя запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі ў непарушнасці беларускага сувэрэнітэту, і двойчы прагавораная ім гатоўнасць раздаць беларусам 7 мільёнаў аўтаматаў дзеля абароны краіны.
Тым не менш, ультыматум, вылучаны Мядзведзевым у Берасці, апынуўся для Мінска ў пэўным сэнсе нечаканым. Пра гэта сведчыць і аптымістычная заява Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу, калі ён упэўнена казаў, што пытанне пра кампенсацыю Беларусі страты ад падатковага манеўру будзе вырашана цягам тыдня, на перамовах віце-прэм'ераў і прэм'ер-міністраў дзвюх краін. І расійскія афіцыйныя асобы пацвярджалі гэта.
Першы віцэ-прэм'ер і міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў апавядаў, які механізм прапануе Масква, гэта павінен быць міжбюджэтны трансферт. 18 кастрычніка ён нават заявіў, што Расія гатовая наступным годам пералічыць у бюджэт Беларусі каля $ 405 млн. І вось зараз такі аблом.
Невыпадкова Аляксандр Лукашэнка адрынуў прапанову Дзмітрыя Мядзведзева і заявіў пра пагрозу незалежнасці Беларусі з боку РФ. Выступаючы перад расійскімі журналістамі 14 снежня ён сказаў: «Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі ... Не кіем, дык палкай інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны».
Такім чынам, галоўны саюзнік, сябар, «старэйшы брат», асноўны абаронца Беларусі ад знешніх ворагаў стаў галоўнай пагрозай беларускай незалежнасці, дзяржаўнасці. Такі дзіўны парадокс «брацкай інтэграцыі».
Паўстае пытанне аб сапраўдных мэтах Расіі. Не думаю, што Масква сапраўды разлічвае прымусіць Беларусь да рэальнага аб'яднання ў адну дзяржаву. Там добра ведаюць Лукашэнку і разумеюць, што гэта мала верагодна. Хутчэй, гэта такі элегантны спосаб пазбавіцца ад неабходнасці плаціць саюзніку нафтавай грант. Крэмль разумее, што Менск адкажа адмоўна на расійскае прапанова, тады кіраўніцтва РФ скажа: калі так, то мы не будзем плаціць кампенсацыю за падатковы манеўр.
Але калі ўважліва аналізаваць выступ А. Лукашэнкі перад расійскімі СМІ, то важна звярнуць увагу, што яго адказ даволі супярэчлівы.
З аднаго боку, ён заяўляе, што «суверэнітэт для Беларусі — гэта святое!». І наступным крокам трэба было б аб'явіць, што тая краіна, якая пасягае на наш суверэнітэт, — гэта вораг, ад якога трэба бараніцца. І тады варта было б звярнуцца за падтрымкай да народу («Браты і сёстры, Бацькаўшчына ў небяспецы»).
Але не. Лукашэнка робіць нешта зусім адваротнае. Першай рэакцыяй улады была спроба неяк, калі не схаваць, то трохі прыхаваць пагрозу. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся не да беларускіх медыяў, а да расійскіх. БелТА не дала поўны выступ Дзмітрыя Мядзведзева ў Берасці, ягоны ўльтыматум фактычна застаўся за кадрам афіцыйнай агенцыі. Найбольш вострыя моманты палемікі з Расіяй з прэсавай канферэнцыі Лукашэнкі БелТА таксама прыбрала. Пра іх мы даведаліся з паведамленняў расійскіх медыйных крыніц.
Лукашэнка ўсё яшчэ спадзяецца перахітрыць Крэмль. На гэтай згаданай прэсавай канферэнцыі для расійскіх медыяў кіраўнік Беларусі кажа: дык я ж не супраць паглыблення інтэграцыі, не супраць далей будаваць Саюзную дзяржаву, не супраць выконваць дамову 1999 году. Маўляў, я ж цалкам «за», але прапаную іншы алгарытм гэтага працэсу, трэба заходзіць з другога боку, спачатку роўныя ўмовы гаспадарання і толькі потым стварэнне сумесных дзяржаўных інстытутаў. Галоўны спосаб выйсця з такой няпростай сітуацыі ён бачыць у тым, каб у чарговы раз паехаць да Уладзіміра Пуціна і неяк пра ўсё дамовіцца.
Такім чынам, Беларусь на парозе вялікага выкліку. Калі Масква ў чарговы раз не памяняе сваю пазіцыю, то краіне прыйдзецца далей жыць без расійскага нафтавага гранта. Цалкам магчыма, што за гэтым рушыць услед і павелічэнне кошту газу з 2020 года. Кажучы па іншаму, прыйдзецца жыць без расійскай халявы. Магчыма, гэта і будзе сапраўдным суверэнітэтам. Усё гэта цягне за сабой вялікія і, думаю, драматычныя наступствы. Сардэчна запрашаем у новую рэальнасць.