Утрыманне Статкевіча ў Шклове стварала праблемы для адміністрацыі калоніі
«Утрыманне Міколы Статкевіча ў Шклоўскай калоніі стварала пэўныя праблемы для адміністрацыі папраўчай установы, — лічыць Барыс Бухель. — Таму і было вырашана абвінаваціць яго ў парушэнні правілаў адбыцця пакарання. У прыватнасці Мікола Статкевіч адмаўляўся ад прымусовай звышнармаванай працы.
— Чалавек, да якога ўсе зняволеныя прыслухоўваюцца. Чалавек, які можа служыць для іх прыкладам паводзінаў. Канечне, там няма і сонечнага святла ў чатырох сценах, і размаўляць няма з кім — хоць сам з сабой размаўляй.
Мікалай Статкевіч выглядае нармальна і не прызнае віну ў інкрымінаваных яму дзеяннях, заявіла жонка палітыка Марына Адамовіч, якая прысутнічала на пасяджэнні Шклоўскага раённага суда ў калоніі № 17.
Палітвязень правядзе ў турме яшчэ больш за год і 7 месяцаў зняволення.
«Міколу Статкевіча могуць накіраваць з калоніі у турму ўжо сёння, не адкладваючы на потым рашэнне суддзі Шклоўскага раёна Баранчыкавай», — паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.
Па яе словах, абскардзіць рашэнне суда, які пагоршыў умовы ўтрымання Статкевіча, можна толькі ў наглядным парадку. — Візуальныя прыкметы судовага паседжання выконваліся. Мікола мог гаварыць пра свае перакананні. Ён казаў пра гэтую сістэму, пра шматлікія парушэнні з боку адміністрацыі калоніі, пра прымусовую працу, супрацоўнікі калоніі выглядалі бледна.
Жонка Мікалая Статкевіча падкрэсліла, што ў судовым рашэнні гаворыцца, што паседжанне было адкрытым. Хоць на самай справе на разгляд не дапусцілі прадстаўніка Еўрапейскага звязу, праваабаронцаў і паплечнікаў палітычнага вязня.