Супрацоўнікі пасольства Канады ў Польшчы падпісалі паштоўкі беларускім палітвязням

Супрацоўнікі пасольства Канады ў Польшчы сустрэліся з беларусамі. Сустрэча прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве. У ёй прынялі ўдзел саветнік амбасады Канады ў Польшчы Памэла Айсфелд, супрацоўніца амбасады Ёланта Віденка, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, супрацоўніца Беларускага дома ў Варшаве Юлія Бандарэнка.



kan_polka_san.jpg

Саветнік амбасады Канады ў Польшчы Памэла Айсфелд і Андрэй Саннікаў

Дыпламаты перадалі офісу грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» аргтэхніку, а таксама паштоўку для былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча, падпісаную паслом Канады ў Польшчы Аляксандрай Бугайліскіс, паведамляе charter97.org.

«Я вельмі расчараваная і засмучаная інфармацыяй аб новым прысудзе, які вы атрымалі. Жадаю вам працягваць заставацца моцным і мужным дзеля свабоднай і дэмакратычнай Беларусі», — зазначыла пасол.

Паштоўкі палітвязням таксама падпісала дарадца дыпмісіі Памэла Айсфелд.

«Хацела б выказаць сваю падтрымку і заклапочанасць сітуацыяй з палітычнымі вязнямі Беларусі — Мікалаем Статкевічам, Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком, Яўгенам Васьковічам, Арцёмам Пракапенкам, Юрыем Рубцовым. Канада па-ранейшым настойвае на іх безумоўным вызваленні», — напісала яна.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў падзякаваў дыпламатаў за салідарнасць з беларусамі.

«Я дзякую пасольства Канады за падтрымку. Хацелася б адзначыць, што ваша краіна заўсёды паслядоўна адстойвала дэмакратычныя прынцыпы і настойвала на выкананні правоў чалавека ў Беларусі. Гэтая падтрымка вельмі важная, перш за ўсё, для палітвязняў, якім цяпер вельмі цяжка, а таксама — для ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі», — заявіў ён.