Вольга Дамаскіна звольненая з музею праз удзел у выбарах
Актывістка Руху «За Свабоду» Вольга Дамаскіна праз удзел у выбарах звольненая з Музею традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.
У канцы чэрвеня адміністрацыя Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведнікаадмовілася працягваць кантракт з актывісткай Руху «За Свабоду» Вольгай Дамаскінай. Яна заявіла кіраўніцтву пра сваё жаданне балатавацца у парламент і лічыць звальненне палітычна матываваным. Прафкам адмовіўся дапамагаць Дамаскінай у захаванні працы.
«31 ліпеня фармальна быў апошні мой працоўны дзень. Звальненне адбылося ў cувязі з заканчэннем кантракта. Але, на маю думку, яно адбылося толькі праз тое, што я заявіла пра свой удзел у выбарах», — распавяла Дамаскіна.
Яна лічыць, рашэнне пра яе звальненне было неабдуманым і спантанным. «На маё месца так і не знайшлі нікога. Калегі, якім прапаноўвалі гэтае месца, — адмовіліся. Таму, што трэба поўнасцю мяняць свой профіль, сваю дзейнасць і пачынаць усе з нуля», — патлумачыла актывістка Руху.
Па словах Дамаскінай, усё, што было пад яе адказнасцю, яна «перадала вядучаму навуковуму супрацоўніку музея, але яна яшчэ не адпрацавала 5 гадоў у запаведніку, а па службовай інструкцыі на пасаду загадчыка музея выстаўляюць кваліфікацыйныя патрабаванні: вышэйшая профільная адукацыя, добрае валоданне беларускай мовай і стаж музейнай працы не менш за 5 гадоў».
Яна чакае адказу ад абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры на свой зварот. «Ведаю, што яны запатрабавалі пратакол пасяджэння нашага прафкама і ведаю, што званілі дарэктару. Таму, што сакратарка вельмі хутка прыбегла да мяне ў музей, каб я падпісала, што азнаёмленая з загадам аб звальненні. Што ў практыкі запаведніка такога не было. Звычайна выклікаюць у адміністрацыю і там падпісваюць», — адзначыла актывістка Руху.
Але на дапамогу ад прафсаюзу яна не разлічвае, кажа, што «хутчэй за ўсе будзе нейкая адпіска».
«Я думаю, што дырэктарка чакала, што я буду прасіцца, каб застацца на працы. Я не прасілася. А ёй гонар не дазволіў самой мне прапанаваць што небудзь. Цяпер я думаю, што адміністрацыя пастаўлена ў тупіковую сітуацыю, таму што мяне няма, а дзяўчаты, што працуюць у музеі — навуковыя супрацоўнікі, адна праз 2 месяцы пойдзе ў дэкрэт, а другая выходзіць замуж і думаю, што ў хуткім часе і яна пойдзе», — дадала Вольга Дамаскіна.
Музей будзе вымушаны шукаць новых супрацоўнікаў, заключыла яна.
Паводле pyx.by