Забыты дзень нараджэння

Паміж адсутнасцю стабілізацыі на валютным рынку і расколам грамадства на першы погляд няма непасрэднай сувязі, але толькі на першы погляд.

Паміж адсутнасцю стабілізацыі на валютным рынку і расколам грамадства на першы погляд няма непасрэднай сувязі, але толькі на першы погляд.
2011 год — год круглых датаў. 24 жніўня дваццацігоддзе сваёй незалежнасці адзначыла Украіна, а 25 жніўня — Беларусь. Рэспубліка-партызанка зрабіла гэта своеасабліва. Адкрываю сайт «адзінага палітыка» (АП). У раздзеле «Навіны» знаходжу віншаванне «ад імя беларускага народа і сябе асабіста прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча з нацыянальным святам — Днём Незалежнасці». Віншаванне датавана 24-м жніўня. Двума днямі раней змешчана інфармацыя пра віншаванне з днём нараджэння кіраўніка Адміністрацыі Валгаградскай вобласці. 21 жніўня АП павіншаваў Каталікоса ўсіх армян з нагоды 60-летняга юбілею.
Я некалькі разоў уважліва прагледзеў галоўную старонку галоўнага афіцыйнага сайта краіны, і не знайшоў віншавання, адрасаванага мне асабіста, маім дзецям, унукам, а таксама астатнім грамадзянам Беларусі. Я адкрыў сайт «самай саліднай газеты». Вынік быў аналагічны. У дзень дваццацігоддзя незалежнасці ў якасці топ-навіны рэдакцыя вылучыла інфармацыю пра землятрус у ЗША.
Трохразовае «Ура!»
У англійскага пісьменніка Дональда Бісета ёсць выдатная казка пра забыты дзень нараджэння. У свой час я любіў чытаць яе сваім дзецям. І сёння не магу ўтрымацца, каб не працытаваць фрагменты гэтага маленькага шэдэўра:
«Раптам ён (сланянё) пачуў, што хтосьці плача. Плакалі зусім побач, хоць Ялмар не бачыў хто. І ён сказаў:
— Не плач. Хочаш, я дапамагу табе?
Плакаць перасталі.
— Хто ты? — спытаў Ялмар.
— Забыты дзень нараджэння. Я не ведаю, чый я.
— Ай! — сказаў Ялмар. — Вось бяда. А святочны пірог у цябе ёсць?
— Які ж гэта дзень нараджэння без пірага! На маім вось шэсць свечак, значыць, камусьці сёння споўнілася шэсць гадоў».
На святочным пірагу беларускай дзяржаўнасці 20 свечак, але дзяржаве ён не патрэбны. Задзьмуць свечкі няма каму. Дзяржава не тое каб забылася пра свой дзень нараджэння, яна ад яго адмовілася. Таму разлічваць на шчаслівы канец, як у Бісета, шанцаў у нас няма. Мяркуйце самі:
«— Успомніў! — сказаў тата-слон. — Я так і ведаў, што гэта ўчора, ці заўтра, ці сёння. Так і ведаў!
— Што сёння? — спытаў Ялмар.
— Што сёння твой дзень нараджэння! — сказала сланіха-мама, уваходзячы ў пакой. — Табе сёння споўнілася шэсць гадоў».
Ялмар расхваляваўся і хутчэй пабег назад да невысокага ўзгорка побач з бамбукавым гаем.
— Паслухай! — крыкнуў ён. — Атрымлівацца, ты МОЙ дзень нараджэння. Мне сёння шэсць гадоў!
— Ура! — закрычаў забыты дзень нараджэння. — Ура, ура, ура!»
Паміж рынкам і кірмашом
Паводле афіцыйнай версіі, «Беларусь состоялась как самостоятельное и независимое государство». Гэтай падзеі папярэднічалі дзве катастрофы: «Сначала величайшая техногенная катастрофа — Чернобыль, затем геополитическая — развал Советского Союза». Пакінем першую за дужкамі і засяродзім сваю ўвагу на другой. «Аналіз такіх ацэнак, — лічыць палітолаг Эміль Паін, — непазбежна спараджае пытанне: якім чынам можа скласціся адзіная і пазітыўная ідэнтычнасць у жыхароў дзяржавы, якая ўспрымаецца ўладамі і грамадствам як нечаканае і незаконнанароджанае дзіця, калека, ахвяра катастрофы і змовы?»
Распад шматнацыянальных дзяржаў — хваравіты працэс, які суправаджаецца крызісам ідэнтычнасці. Не так проста замест ранейшага «мы» сфармаваць новае, сфармаваць «пэўнае ядро салідарнасці грамадзян» (Аляксандр Філіпаў, філосаф), без якога немагчыма сучасная дзяржава-нацыя. Тут сваё слова павінны сказаць эліты, у тым ліку палітычныя.
Фармаваць беларускую нацыю даводзіцца ва ўмовах расколатага грамадства. Праблема, аднак, пагаршаецца тым, што сам факт расколу на афіцыйным узроўні не прызнаецца. Кароткае прасвятленне, якое наступіла пасля Плошчы, хутка прайшло, і ўсе тыя, хто не ўпісваецца ў міфалагему адзінага народа, зноў ператварыліся ў прадстаўнікоў «пятай калоны». Пра гэта нам нагадаў АП 25 жніўня падчас нарады па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Інтэграцыя сучасных грамадстваў забяспечваецца найперш культурным кансенсусам і ў меншай ступені — дзяржавай. Але ва ўмовах расколу для пераадолення сіл адштурхвання паміж часткамі грамадства, што супрацьстаяць адна адной, патрэбны пасярэднік — медыятар. Ролю медыятара і павінна браць на сябе дзяржава.
Вернемся да нарады, на якой было заяўлена пра неабходнасць «выходить на нормальный уровень функционирования валютного рынка», і не проста выходзіць, а абапірацца на рашэнні, заснаваныя «на объективных экономических законах, независимо от того, хотим мы того или нет». Ключавое слова ў працытаваным фрагменце — «рынак». Калі яго не зводзіць да паняцця «кірмаш», то пад рынкам варта разумець адну з формаў супольнасці, якая спалучае жыццё людзей у адзінае цэлае. Менавіта рынак ператварае «чужых» у «сваіх», бо стварае сувязі як паміж вытворцамі (вытворчая кааперацыя), так і паміж вытворцамі і спажыўцамі. Рынак, калі хочаце, — фактар развіцця абстрактнага мыслення, у адрозненне ад кірмашу, дзе прынята гандлявацца, абапіраючыся на эмоцыі.
Ці здольная беларуская ўлада забяспечыць на справе «нормальный уровень функционирования валютного рынка»? Тут ёсць пытанні. Рынак не ў стане эфектыўна працаваць на падставе кропкавых рашэнняў. Рынак — гэта рынкавыя інстытуты, рынак — гэта лад жыцця мільёнаў, важны элемент масавай культуры, нарэшце. Яго разавымі рашэннямі не запусціць. Пры гэтым калі, праспаўшы 17 гадоў, раптам пачаць махаць шашкай, то лёгка можна выклікаць алергію ў большасці, якая прызвычаілася да дзяржаўнага патэрналізму, а калі і да рынку, то адміністрацыйнага, на якім усе пытанні вырашаюцца праз асабістыя сувязі.
Яшчэ разумее, але ўжо не гаворыць
У штаце Пенсільванія ўкраінская дыяспара адзначала сваё нацыянальнае свята ў нядзелю, 21 жніўня. З гэтай нагоды мясцовыя фальклорныя ансамблі зладзілі традыцыйны канцэрт у мястэчку Хоршэм. Улічваючы, што мая малодшая дачка да нараджэння дзіцяці танчыла ў адным з такіх ансамбляў («Валошкі»), мы збіраліся наведаць свята ўсёй сям’ёй. Паездку, аднак, давялося адмяніць з-за дажджу. Выступаюць артысты на адкрытай сцэне, і ехаць з малечай мы не адважыліся.
Сярод удзельнікаў ансамбля мая дачка была адзіным эмігрантам у першым пакаленні. Усе астатнія нарадзіліся ў Амерыцы. Па-руску ніхто з іх не размаўляе, але ўсе гавораць па-ўкраінску. Гэты факт прымусіў мяне ўспомніць выпадак двухгадовай даўнасці. У 100-м аўтобусе, які курсуе па галоўным праспекце Мінска, ехалі маладая жанчына з дзіцем і яе бацькі. Яны пра штосьці перагаворваліся паміж сабой. Перыядычна жанчына спрабавала супакоіць занадта гарэзлівае малое. І тут я заўважыў, што на яе рэплікі дзіця адказвае па-англійску. Падобныя двухмоўныя дыялогі, толькі паміж бабулямі і ўнукамі, мне даводзілася назіраць у канцы 90-х у Брукліне.
А зараз разгледзім дадзены выпадак праз прызму «Азбукі паліталогіі». Маладая жанчына, відавочна, прыехала да бацькоў з англамоўнай краіны. Яе дзіця ў свае 3–4 гады па-руску яшчэ разумела, але ўжо не размаўляла. Праз некалькі гадоў яно пойдзе ў школу, значна больш часу будзе праводзіць па-за домам і, хутчэй за ўсё, рускую мову так і не асвоіць. У мяне няма інфармацыі адносна беларусаў, але адносна рускіх — гэта добра вывучаны факт: рускія эмігранты ў другім пакаленні, як правіла, цалкам губляюць сувязь з культурай сваіх бацькоў.
У гэтага парадоксу (а на фоне іншых нацыянальных дыяспар дадзены факт інакш як парадокс расцэньваць нельга) ёсць тлумачэнне. Асноўны кампанент нацыянальнай ідэнтычнасці рускіх — дзяржава. Апынуўшыся па-за зонай яе ўплыву, сталыя людзі, безумоўна, да канца сваіх дзён адчуваюць сябе рускімі, але ў культурным плане перадаваць дзецям ім няма чаго. Імігранты-дваране, якія ўцякалі ў гады рэвалюцыі, у гэтым сэнсе з’яўляюцца выключэннем.
Што аб’ядноўвае беларускую большасць? Не сакрэт, што галоўным інтэгратарам для прыхільнікаў «моцнай дзяржавы» з’яўляецца сама дзяржава, дакладней, яе здольнасць выступаць гарантам сацыяльнай справядлівасці. На мяжы 2002–2003 гадоў, калі гарант даў збой, сацыёлагі НІСЭПД зафіксавалі імклівы рост колькасці ахвочых інтэгравацца як з Расіяй, так і з Еўрасаюзам. Усё лагічна: страціўшы дзяржаўны «дах», прадстаўнікі большасці сталі падшукваць ёй замену.
Улік і кантроль аб’ектыўных законаў
Што да меншасці, то яна не ўспрымае беларускую дзяржаву ў яе цяперашнім выглядзе як сваю, але пры гэтым (чарговы парадокс) менавіта прадстаўнікі меншасці складаюць касцяк апанентаў любых формаў інтэграцыі з Расіяй, што пагражаюць, на іх думку, дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Прычым такімі яны былі задоўга да пачатку беларуска-расійскіх інфармацыйных і іншых войнаў.
Мне ўжо неаднаразова даво­дзілася падкрэсліваць, што сучасныя нацыі — гэта цывільныя нацыі. Яны фармуюцца з дапамогай механізмаў уключэння насельніцтва ў кіраванне дзяржавай. Працытую яшчэ раз Карла Дэйча: «Нацыя — гэта грамадства, якое авалодала дзяржавай». Менавіта ў грамадзянах найперш мае патрэбу сёння палітычная эліта Беларусі, якая імкнецца абараніць свае меркантыльныя інтарэсы ад усходніх канкурэнтаў. Але адначасова менавіта ад грамадзян зыходзіць асноўная пагроза іх меркантыльным інтарэсам у самой краіне.
Аўтарытарызм з яго цэнтралізацыяй можа быць эфектыўны пры кіраванні толькі дастаткова простымі сацыяльнымі сістэмамі. Узровень складанасці беларускага грамадства ўжо даўно перарос кіраўнічыя магчымасці «вертыкалі». 25 жніўня нам паабяцалі звесці ўсё «в один документ», і на наступным тыдні абвясціць, «как будет действовать правительство и Нацбанк в этой ситуации». Да, ледзь не забыў: «Будут определены ответственные и контролеры».
Дзяржава ў чарговы раз прадэманстравала сваю няздольнасць адэкватна ацэньваць выклікі, з якімі сутыкаецца расколатае грамадства. Яно па-ранейшаму робіць стаўку на кантралёраў, спадзеючыся з іх дапамогай наладзіць масавае прыняцце рашэнняў, заснаваных «на объективных экономических законах». Грамадству, на думку дзяржавы, адводзіцца права толькі назіраць і верыць, што «все у нас будет хорошо!»