"Заходнебеларуская Атлантыда" зачынена

Супрацоўнік МНС маёр, які не назваў журналістам сваё прозвішча і адмовіўся ад каментараў, зрабіў сваю справу. "Заходнебеларуская Атлантыда" зачынена канчаткова. Сёння Ігар Мельнікаў пачынае дэмантаж экспазіцыі.



vystava_ihara.jpg

Экспазіцыя выставы, якую вы не ўбачыце

Сам Ігар да апошняга моманту спадзяваўся на тое, што здаровы сэнс пераможа, і цкаванне скончыцца. "Яшчэ сёння я спадзяваўся, што ўсё будзе добра. Бо мая выстава расказвае пра гераічны лёс беларусаў, якія змагаліся ў Войску Польскім якраз 75 гадоў таму. Але камусьці гэта не падабаецца. Не падабаецца, што беларусы разам з палякамі змагаліся супраць фашыстаў за сваю зямлю. Не ведаю, адкуль родам Трухан, але ён дакладна не патрыёт Беларусі", — сказаў з горыччу Ігар Мельнікаў.

Дырэктар музейна-выставачнага комплексу ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" Мікалай Паграноўскі наогул адмовіўся што-небудзь каментаваць. "Я зараз у такім псіхалагічным стане, што нічога не магу і не хачу каментаваць. Усё і так зразумела", — сказаў па тэлефоне Мікалай Міхайлавіч. І паабяцаў, што праз нейкі час абавязкова раскажа чытачам НЧ усе падрабязнасці гэтай гісторыі.

А між тым, Ігар Мельнікаў ужо атрымаў некалькі прапаноў для сваёй выставы — з Кіева і Вялікабрытаніі. Магчыма і ў Беларусі знойдзецца годны дырэктар музея, патрыёт краіны, які захоча выставіць прыватную калекцыю Ігара ў сябе.

Храналогію скандала вакол выставы можна пачытаць тут. Пра тое, як усё пачыналася тут.

Наведаць віртуальную экскурсію па выставе можна тут.