Заходнебеларуская Атлантыда зноў пад пагрозай (абноўлена)

Скандал вакол выставы з прыватнай калекцыі Ігара Мельнікава працягваецца. Галоўны ідэолаг Мінскай вобласці Руслан Трухан пераводзіць стрэлкі на дырэктара музея. "Заходнебеларуская Атлантыда" зноў пад пагрозай.



mieljnikov_zaslauie_logo.jpg

"Лёс выставы будзе заўтра вырашаць Трухан, — паведаміў Ігар Мельнікаў. — Заўтра на 9.00 раніцы Руслан Іванавіч выклікаў да сябе начальніка аддзела па ідэалогіі, культуры і справах моладзі Мінрайіспалкама Сяргея Кудзіна і дырэктара музея Мікалая Паграноўскага".

Пасля сціплага адкрыцця 12 верасня выстава «Заходнебеларуская Атлантыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакументах, фотаздымках і артэфактах» фактычна не працавала. Яе маглі наведаць толькі прадстаўнікі СМІ.

zhurnalisti_tut_baj_na_vistavke_logo.jpg

Сёння экспанаты з прыватнай калекцыі Ігара Мельнікава разглядалі журналісты партала ТУТ.БАЙ. А вось звычайныя аматары гісторыі пакуль пазбаўленыя такой магчымасці

Адчыніць выставу, але прыпыніць яе на час перемоваў з ідэолагам — такое рашэнне прыняў Мікалай Паграноўскі. І вось заўтра гэтыя перамовы пачынаюцца.

На адкрыцці выставы Паграноўскі сказаў:"Майце мужнасць спакойна ўспрымаць нашу гісторыю!" Цікава, ці скажа ён заўтра гэтыя ж словы Руслану Трухану? І ці падтрымае дырэктара музея ідэолаг Мінскага раёна? Бо Сяргей Кудзін якраз наведаў выставу і бачыў цікавасць да яе на ўласныя вочы.

У любым выпадку, зразумела, што заўтра гэта гісторыя не скончыцца. І не важна працягне выстава сваю працу ці не. Працяг будзе ў любым выпадку. Магчыма, хтосьці пазбавіцца сваёй пасады. Мікалай Паграноўскі да гэтага гатовы. Ды і пасада яго, мякка кажучы, не зайздросная. А вось ці гатовы да гэтага Руслан Трухан? Асабліва калі скандал выйдзе на міжнародны ўзровень. Дарэчы, днямі наведаць выставу Ігра Мельнікава збіраецца нашчадак знакамітага беларускага роду Мацей Радзівіл.

Як стала вядома раніцай 15 верасня, на сустрэчу з галоўным ідэаолагам МІнскай вобласці паехаў толькі Сяргей Кудзін. Мікалай Паграноўскі вырашыў, што яму няма пра што размаўляць з Труханом. Сустрэча была перанесена на 11.00.

Па стану на 12.00 15 верасня лёс выставы так і высветлены. Руслан Іванавіч Трухан сказаў, што ён нічога не забраняў, бо "гэта не ў яго кампетэнцыі", а ў кампетэнцыі раённага ідэолага. А Сяргей Сцяпанавіч Кудзін папрасіў патэлефанваць пасля 14.00 (у яго зараз "праходзіць планёрка"). Але пасля 14.00 ні мабільны, ні службовы тэлефоны Кудзіна не адказвалі.

Хутчэй за ўсё выставу не зачыняць, але ідэолагі будуць імкнуцца зрабіць усё, каб выстава не працавала 17 верасня. Каб раптам не азмрочыць гадавіну "вызваленчага паходу Чырвонай арміі". Аднак гэтыя намаганні будуць марнымі. Менавіта на 17 верасня Ігар Мельнікаў збіраецца запрасіць прадстаўнікоў СМІ і дыпламатычнага корпусу, каб правесці для іх адмысловую экскурсію па выставе.