Заява БХД: Адключыць расейскія тэлеканалы — абараніць Беларусь
"Расійскія СМІ ўжо даўно перасталі быць сродкамі масавай інфармацыі, а ператварыліся ў сродкі масавай дэзінфармацыі і прапаганды," — адзначаецца ў заяве БХД.
"Транслюемыя імі навіны не толькі носяць відавочную заангажаванасць, але часцяком з'яўляюцца хлуснёй, мэта якой — апраўдаць расійскую агрэсію супраць Украіны і ўкраінскага народу. Вераць гэтай хлусні і многія беларускія тэлегледачы.
Досвед інфармацыйнай вайны Расіі супраць Украіны можа ў любы зручны момант быць выкарыстаны і ў дачыненні да Беларусі. Сёння ён ужо апрабуецца на шэрагу беларусафобскіх і заходнерускіх сайтаў, а заўтра можа быць скарыстаны і на тэлебачанні, каб апраўдаць расійскія тэрыятарыяльныя, палітычныя і эканамічныя прэтэнзіі на Беларусь.
У сувязі з усім гэтым Беларуская хрысціянская дэмакратыя заклікае спыніць трансляцыю ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў "Первый канал", НТВ, "Россия 1", Рен-ТВ і іх адцэнзураваныя варыянты, што паказваюцца ў Беларусі. Замест гэтага мы прапануем паспрыяць увядзенню ў пакеты кабельных тэлеканалаў украінскіх тэлеканалаў, беларускага тэлеканалу "Белсат", расійскага тэлеканалу "Дождь".