Затрыманыя першыя падазраваныя ў забойстве Барыса Нямцова

ФСБ паведаміла іх імёны — Анзор Губашаў і Заур Дадаеў. Затрыманыя маюць каўказскае паходжанне.

Аб затрыманні першых падазраваных заявіў кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў: "У выніку праведзенай работы сёння затрыманыя два падазраваных у здзяйсненні дадзенага злачынства — гэта Губашаў Анзор і Дадаеў Заур, пра што праінфармаваны кіраўнік дзяржавы", — сказаў Бортнікаў.

Ён удакладніў, што падазраваныя з'яўляюцца жыхарамі Каўказа. Бортнікаў нагадаў, што "па даручэнні прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна, ФСБ, МУС і Следчаму камітэту Расіі было дадзена даручэнне аб стварэнні сумеснай аператыўна-следчай групы па расследаванні забойства Барыса Нямцова". Прэзідэнта інфармавалі аб затрыманні падазраваных, інфармуе агенцтва ТАСС.

Расійскі апазіцыянер Барыс Нямцоў быў застрэлены ў цэнтры Масквы позна ўвечары 27 лютага. Следства правярае некалькі версій злачынства, не выключаючы, што яно было заказным.

euroradio.by