Завадатарку Маршу дармаедаў у Брэсце затрымалі і адвезлі ў псіхдыспансер

Наталлю Папкову затрымалі двое ў міліцэйскай форме нібыта за тое, што яна не з'явілася ў псіханеўралагічны дыспансер. Па звестках на 17.00 пятніцы 3 сакавіка, Наталля Папкова знаходзіцца ў псіхіятрычнай лякарні Брэста, паведамляе «Брэсцкая газета».

0217_hdz_marsh_aburanyh_belarusau_04_fvwgx.jpg


Наталля Папкова ўдзельнічала 26 лютага ў Брэсце ў акцыі супраць дэкрэта №3. А ўвечары 2 сакавіка ёй патэлефанавалі з дыспансера і прапанавалі абследавацца, бо на яе прыйшла папера з міліцыі, паведамляе сайт АГП. Наталля вырашыла не ісці: баялася правакацый.
А на наступны дзень, калі Папкова выйшла з дому са сваёй сястрой, да іх падышлі двое міліцыянтаў і прапанавалі ёй пайсці з імі. Яны не дазволілі сястры забраць тэлефон і асабістыя рэчы Наталлі, не патлумачылі, куды яе вязуць. Сказалі толькі, што затрымліваюць Наташу праз тое, што яна праігнаравала візіт у дыспансер, распавяла актывістка АГП Людміла Захаранка. Паводле інфармацыі Захаранкі, Папкову будуць трымаць у лякарні да панядзелка.
Наталля абвясціла галадоўку.
На нядзелю 5 сакавіка ў Берасці запланаваны чарговы пратэст супраць эканамічнай палітыкі ўладаў. На думку актывістаў АГП, затрыманне Папковай, як і ранейшае затрыманне фермера Кабанава, мае на мэце застрашыць людзей і сарваць пратэст.
Паводле «Нашай Нівы»