Спецдакладчыку ААН дакладуць пра прымусовае змяшчэнне ў лякарню Наталлі Папко
Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай сёння Палітрадай Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
«Затрыманне сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Наталлі Папковой звязана з яе палітычнай дзейнасцю, у прыватнасці, з актыўным удзелам у «Маршы Недармаедаў» 26 лютага ў г. Брэсце, а таксама з мэтай не дапусціць яе ўдзелу ў акцыі, запланаванай у г. Брэсце на 5 сакавіка.
Выкарыстанне карнай псіхіятрыі з мэтай пераследу палітычных апанентаў улады з'яўляецца недапушчальным і вяртае Рэспубліку Беларусь у эпоху таталітарызму.
Наталля Папкова павінна быць неадкладна вызвалена з псіхіятрычнай стацыянара, а яе парушаныя правы цалкам адноўлены.
Аб'яднаная грамадзянская партыя пакідае за сабой права настойваць на крымінальным пераследзе асоб, якія ўжылі карную псіхітрыю ў дачыненні да Наталлі Папковой.
Інфармацыя аб факце выкарыстання ў Рэспубліцы Беларусь карнай псіхіятрыі будзе перададзена Спецдакладчыку ААН па Беларусi і тэматычнаму Спецдакладчыку ААН», — гаворыцца ў заяве Палітрады АГП.
Нагадаем, учора стала вядома, што адну з лідараў «Марша Недармаедаў» Наталлю Папко прымусова змясцілі ў псіхіятрычны дыспансер у Брэсце.
Паводле прэс-рэлізу АГП