20 долараў ЗША за адзін беларускі «зайчык». Беларускаму рублю спаўняецца 30 гадоў

Успамінаем, адкуль «запазычылі» выяву таго самага зайчыка, як па-іншаму магла называцца беларуская валюта і іншыя цікавыя факты.

ace0cdea_b5e7_4392_b890_59999d584e71_w1023_r1_s.jpg


Першая ў найноўшай гісторыі Беларусі нацыянальная валюта афіцыйна з’явілася 25 траўня 1992 года і атрымала назву «беларускі рубель». Да 30-годдзя нацыянальнай валюты амерыканскае радыё, «экстрэмісцкае» ў Беларусі, згадвае асноўныя факты пра беларускія «зайчыкі».


Першыя — купоны

Уласныя папяровыя купоны, якія выкарыстоўваліся для наяўных разлікаў за тавары, Беларусь пачала друкаваць яшчэ да афіцыйнага развалу СССР — у лістападзе 1991-га.

Яны выкарыстоўваліся паралельна з савецкімі рублямі — беларусы атрымлівалі вялікія лісты купонаў разам з заробкам. Пасля ў крамах прадаўцы самі выразалі з купонных лістоў неабходную колькасць нажніцамі. Такім чынам улады спрабавалі змагацца з «вывазам прадукцыі» з беларускага рынку. Пратрымаліся купоны менш за год, ужо летам 1992-га іх фактычна перасталі выкарыстоўваць.

Выпускалі купоны і цэнтральныя банкі іншых савецкіх рэспублік. Беларускія адрозніваліся выкарыстаннем беларускай мовы і простым афармленнем. Агульныя наміналы лістоў купонаў, якія друкаваліся ў 1991–92 гадах, амаль цалкам адпавядалі сучасным наміналам — 20, 50, 75, 100, 200 і 500 рублёў.

07bf0000_0aff_0242_cc2c_08da3ddbaba6_w650_r0_s.jpeg


Да 1993 году ў Беларусі паралельна карысталіся новымі сваімі і старымі савецкімі рублямі, але пазней хаджэнне савецкіх было спыненае.


Нацыянальная валюта магла называцца іначай

Размовы аб увядзенні беларускай нацыянальнай валюты ў Вярхоўным Савеце БССР пачаліся яшчэ ў 1990 годзе, калі ў развал СССР мала хто верыў.

Найбольшую актыўнасць у гэтым праяўляў баранавіцкі дэпутат Сяргей Слабчанка. Вынікам яго дзейнасці стаў распрацаваны канцэпт з эскізамі банкнотаў і нават манет, якія прапаноўвалася назваць талерамі і грошамі адпаведна. Таксама неабходна было стварыць новую структуру, якая б займалася распрацоўкай і друкам беларускіх грошай. У СССР усім гэтым займалася адна структура, размешчаная ў Маскве, — Гознак СССР.

Канцэпцыяй выгляду беларускіх талераў займаўся мастак Уладзімір Крукоўскі, эскізы банкнотаў аформіў Леанід Бартлаў. На іх былі выявы Янкі Купалы, Усяслава Полацкага, планы старажытных беларускіх гарадоў. Манеты «маляваў» графік і скульптар Леў Талбузін.

Усе банкноты планавалася аформіць у светлых, шэра-чырвона-белых адценнях. Але ў выніку большасць дэпутатаў прагаласавала супраць такой канцэпцыі, і першая нацыянальная валюта па аналогіі з савецкай і расійскай стала называцца беларускім рублём.


Выяву зайца «запазычылі» са старой савецкай кнігі пра жывёлаў

У выніку было вырашана выбраць цалкам нейтральны варыянт, які б задаволіў усе бакі — і нацыянальную плынь, і камуністычную. Як згадваў Сяргей Слабчанка ў пазнейшыя гады, ідэю аформіць беларускія рублі выявамі жывёлаў запазычылі ў галандскай нацыянальнай валюты — гульдэна: там на банкнотах былі выявы птушак і сланечніку.

«Я проста пайшоў у суседнюю бібліятэку, узяў дзіцячую энцыклапедыю і адксеракапіяваў адтуль зайца, які спадабаўся, — расказваў Слабчанка ў інтэрв’ю журналісту «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзю Мажэйку (арыштаванаму ў кастрычніку 2021 за публікацыю пра смерць Андрэя Зельцара. — РС). — Намаляваў на адваротным баку ад рукі «Пагоню» і крыж са слуцкіх паясоў. Падпісаў — «Адзін рубель».

Друкавалі першыя беларускія рублі ў Расіі, хоць свае прапановы актыўна дасылалі і заходнія друкарні. Яны нават распрацавалі свае ўзоры будучых беларускіх рублёў, гэтыя протабанкноты можна зараз пабачыць у музеі Нацыянальнага банку Беларусі.

Іншых звяроў падгледзелі на літоўскіх купонах, якія ў Літве пачалі хадзіць на год раней за беларускія рублі ў Беларусі. Адтуль на беларускую нацыянальную валюту «перасяліліся» рысь, лось, мядзведзь і нават зубр.

Па памерах першыя беларускія «зайчыкі» былі амаль удвая меншыя, чым сучасныя банкноты. Гэтак было зроблена з жадання зэканоміць. У 1991 годзе ў беларускага ўраду не было грошай нават на друк уласных банкнотаў.


Купала мог з’явіцца на беларускіх рублях у 1993-м

Разліковыя білеты з зайцам, рыссю і іншымі звярамі ад пачатку прымаліся як часовы варыянт. У будучыні Нацбанк збіраўся ўвесці ў абарачэнне паўнавартасную валюту. Яе наклад нават быў надрукаваны перад выбарамі 1994 году. Але пасля да ўлады прыйшоў Лукашэнка, і ўсе новыя банкноты, як мяркуецца, былі знішчаныя.

Ускоснае пацвярджэнне гэтай гісторыі знайшлося ў 2016 годзе, калі на адным з заходніх аўкцыёнаў «усплыў» поўны набор з шасці банкнот перадсерыйнага ўзору. Набор спачатку прадаваўся за 6000 долараў, пазней лот знік з продажу.

У 2021 годзе яго за значна меншыя грошы купіў амерыканец беларускага паходжання, які падзяліўся са СМІ якаснымі фотакопіямі ўсіх банкнотаў. Іх сапраўднасць пацверджаная экспертамі спецыялізаванага аўкцыёну.


На банкнотах наміналам ад 1 да 100 рублёў былі выявы Купалы, Коласа, Скарыны, Багдановіча, а таксама Камянецкая вежа і царква ў Полацку.


Тры дэнамінацыі — агулам у 100 мільёнаў разоў

З 1992 году беларуская нацыянальная валюта тройчы пазбаўлялася нулёў. Агулам за гэты час яе намінал змяніўся на восем нулёў — гэта значыць у 100 мільёнаў разоў.

У момант увядзення ў абарачэнне курс абмену беларускіх рублёў на савецкія складаў 1 да 10. Першая дэнамінацыя адбылася ўжо ў 1994 годзе — у 10 разоў. Наступная, у 2000-м, — адразу ў 1000 разоў.

Апошняя на гэты момант прыпала на 2016 год і супала з увядзеннем зусім новых банкнотаў, якія нарэшце можна было лічыць паўнавартаснай нацыянальнай валютай (раней беларускія рублі тэхнічна былі разліковымі білетамі Нацбанку). Дэнамінацыя 2016 году «абрэзала» адразу чатыры нулі.

Такім чынам, беларускі рубель за 30 гадоў свайго існавання абясцэніўся ў 100 мільёнаў разоў. Долар ЗША, да прыкладу, не дэнамінаваўся ні разу за ўвесь час існавання. У якасці адзінага плацежнага сродку долар ЗША існуе з 1792 году. Усе банкноты, выпушчаныя ў ЗША пасля 1861 году, з’яўляюцца законнымі плацежнымі сродкамі.

27d180b4_391f_4e16_9bd6_049953625ef4_w650_r0_s.jpg


Першы афіцыйны курс — 20 долараў за адзін «зайчык»

Паводле афіцыйнага сайта «Банку Расіі», афіцыйны курс савецкага рубля да амерыканскага долара 27 траўня 1992 году складаў 50 капеек за долар. У гэты ж дзень новы беларускі рубель мянялі па курсе на 10 савецкіх. Але ў рэальнасці абмяняць «зайчыкі» і тым больш савецкія рублі па такіх курсах было немагчыма.

Ужо ў 1990 годзе Гарбачоў зацвердзіў альтэрнатыўныя камерцыйныя курсы валют, якія маглі адрознівацца ад афіцыйных у дзясяткі разоў.

Першы рэальны курс беларускага рубля да амерыканскага долара, зафіксаваны на сайце Нацбанку Беларусі, адносіцца да 29 сакавіка 1995 году. Тады долар ЗША каштаваў ужо 11 600 беларускіх рублёў. Курс па стане на 25 траўня 2022 году — 2 рублі 46 капеек. З улікам усіх дэнамінацый гэта 246 мільёнаў беларускіх рублёў за 1 долар ЗША.


Мог знікнуць ужо ў 2005 годзе

Пра пераход на расійскія рублі ў якасці адзінай валюты Лукашэнка загаварыў неўзабаве пасля свайго абрання ў 1994-м.

13-ы артыкул дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» прадугледжваў увядзенне расійскага рубля ў Беларусі ўжо з 1 студзеня 2005 году.

Пазней тэрміны неаднаразова пераносіліся. Апошні на сёння раз пра ліквідацыю беларускага рубля як нацыянальнай валюты і пераход на расійскі рубель гаварылася ў сувязі з падпісаннем так званых інтэграцыйных мапаў восенню 2021 году.