2023 – год Калет. Да 150-годдзя пісьменніцы, якая перапужала мужчынскі літаратурны свет

Сёлета Францыя і франкафонны свет адзначаюць 150-годдзе пісьменніцы, драматургіні, журналісткі і акцёркі Калет (1873-1954), пры нараджэнні названай Сідані-Габрыель Калет.

colette_1922.jpg

Яна нарадзілася 28 студзеня 1873 году — цягам усяго 2023 году ва ўсім франкафонным сьвеце адбываюцца і адбудуцца розныя імпрэзы, прысьвечаныя адной зь першых францускіх пісьменьніцаў, якая змагла зарабляць пісьменьніцтвам і скандальнай славай. Пісьменьніца, якая літаральна перапужала мужчынскі літаратурны сьвет, пасунула многіх мужчынаў-пісьменьнікаў на задні плян і праклала шлях іншым жанчынам у літаратуру.

Ейныя кнігі прадаваліся вялікімі накладамі. Пісьменьніца выклікала зьдзіў, захапленьне і зайздрасьць. Яна насіла то мужчынскія строі, то сьмела агалялася і цягам дзесяцігодзьдзяў сымбалізавала свавольны і мудрагелісты Парыж Пекнай эпохі. А яшчэ славілася як караліца бісэксуальнасьці пачатку XX ст.

Касьцёл адмовіў у правядзеньні паніхіды па памерлай, якая ўвесь час крытыкавала і высьмейвала рэлігійнікаў, тады сьвецкія ўлады зарганізавалі ёй нацыянальныя хаўтуры: Калет сталася першай жанчынай, якой зладзілі хаўтуры нацыянальнага маштабу.

Адна з самых вядомых францускіх пісьменьніцаў XX ст. дасюль застаецца недаступнай па-беларуску: перакладнікі абышлі ўвагай клясыкіню францускай літаратуры. Таму ёсьць сэнс коратка пазнаёміць беларускае чытацтва з жыцьцём і творчасьцю слыннай францускай эмансіпэ, зь якой многія сучасныя беларусы сустрэліся не праз тэксты, а дзякуючы амэрыканска-брытанскаму фільму «Colette» 2018 году.

yp0162373_portrait_of_sidonie_gabrielle_colette_known_as_colette_on_her_balcony_1910_1912.jpg

Тыранічная маці: Калет была апошняй з чатырох дзяцей у сям’і

Маці Сідо любіла маленькую Калет як «залатую пэрліну». Маці гадавала яе ў перабольшанай і часта тыранічнай любові, як пазьней пісала сама Калет. Яна атрымала сьвецкую адукацыю. Сідо, перакананая фэміністка і атэістка, пастаянна ўступала ў дыскусіі і спрэчкі з мясцовым парафіяльным сьвятаром, чытала Карнэля, схаванага ў імшале, навучыла дачку мастацтву назіраньня за прыродай.

Але калі Калет пачала падрастаць, адносіны з маці сталі напружанымі. У вельмі аўтабіяграфічным шматсэрыйным рамане пра Клядын вобраз маці адсутнічае — пісьменьніца вынішчала маці, пісаўшы, што ў дзяцінстве яна жыла толькі з бацькам.

Маці шантажавала Калет матчынай любоўю, крыўдліва рэагавала на тое, што Калет зрэзала валасы, насіла мужчынскі строй і пад. Лісты, якія пісьменьніца пісала ўсё ж маці, часта не даходзіліа да яе — іх рваў брат. А калі маці памерла ў 1912 годзе, Калет адмовілася ехаць на хаўтуры…

Першы шлюб: У 1893 годзе Калет пабралася шлюбам з Генры Гат’е-Вілярам

Пад імем Вілі ён быў вядомым крытыкам, сьвецкім ільвом і неспатольным аматарам жаночага полу. Устаноўлена, што першыя вядомыя тэксты, напісаныя Калет, ён бессаромна падпісаў і апублікаваў як свае... Пара рассталася ў 1906 годзе. Калет пачала самастойнае жыцьцё, вярнула сваё аўтарства скрадзеных тэкстаў. І з таго ж часу Калет усё жыцьцё перасьледавала Вілі з упартай нянавісьцю і дэманстратыўнай крыўдай, называючы яго то «старым прыдуркам», то «старой свалатой», то «старым шэльмай», то «вярблюдам», усяляк прыніжаючы яго.

Пісьменьніца-рэгіяналістка: Яе адносяць да прадстаўнікоў рэгіяналізму ў літаратуры

Гэты статус быў прысвоены ёй у міжваенны пэрыяд, у прыватнасьці, дзякуючы шматлікім апісаньням роднай Бургундыі. Таксама ў Парыжы Калет адрозьнівалася вымаўленьнем, уласьцівым Бургундыі: яна моцна грасавала «р». Тагачасныя парыжане вымаўлялі «р» проста, не грасуючы, а таму лёгка ідэнтыфікавалі артыстаў і пісьменьнікаў, якія прыехалі з правінцыі. Але Калет ніколі і не саромелася свайго бургундзкага паходжаньня, наадварот, усюль падкрэсьлівала свае карані. Да 150-годзьдзя пісьменьніцы ў бургундзкім Бэзансоне на вакзале скульптарка Наталі Талек усталявала дзівосную гіганцкую статую ў гонар Калет: бюст маладой дзяўчыны з катом на плячы і шалікам, на якім бачныя шматлікія пашпартныя штампы, што адсылаюць нас да ейнай слабасьці да падарожжаў.


manuel___colette.jpg

«Караліца бісэксуальнасьці»: Бісэксуальнасьць пісьменьніцы займала важнае мейсца як у жыцьці, так і ў створаных тэкстах

Не зважаючы на тое, што Калет тройчы бралася шлюбам з мужчынамі, у яе былі шмалікія каханіцы: ад такіх вядомых, як пісьменьніца Жэаржы Рауль-Д’юваль, амэрыканская літаратарка Наталі Кліфард Барні і маркіза дэ Бэльбёф, вядомая як Місі, да невядомых і забытых гісторыяй акторак і журналістак.

Ейны раман з Місі, маркізай дэ Бэльбёф, выклікаў шматлікія скандалы, бясконцыя асуджэньні з боку кансэрватыўнага грамадзтва і нават умяшаньне паліцыі. Так, у 1906 годзе падчас спэктаклю Калет і Місі шакавалі публіку ў Мулен-Руж з адкрыта гомаэратычнай сцэнай пацалунку паміж дзьвюма жанчынамі. Што выклікала вялікі скандал, умяшаньне начальніка парыскай паліцыі і забарону спэктаклю.

У сэрыі вядомых раманаў пісьменьніцы, прысьвечаных Клядын, сустракаюцца шматлікія бісэксуальныя геройкі. Зрэшты, у адным з найлепшых і досыць позьніх тэкстаў Калет «Le Pur et l'Impur» («Чыстае і ганебнае», 1941) аўтарка сьмела разважае пра сваю сэксуальнасьць, шмат спыняючыся на бісэксуальным досьведзе, апісваючы Парыж Пекнай эпохі. Няма сумневу, усё гэта натхніла Юлію Крысьцеву назваць у адным з сваіх тэкстаў Калет «караліцай бісэксуальнасьці».

Журналістка сэнсацыяў: У 1912 годзе Калет выйшла замуж за рэдактара газэты «Le Matin» Генры дэ Жувэнэля і стала журналісткай

Слыннай і скандальнай журналісткай. Падчас Першай сусьветнай вайны яна ў абыход вайсковай цэнзуры пранікла ў зону баёў і падрыхтавала сьмелыя і праўдзівыя рэпартажы пра вайну. У 1919 годзе, падчас мірнай канфэрэнцыі, яна зрабіла рэзананс, саскочыўшы зь цягніка, які рухаўся, каб узяць інтэрвію ў румынскай каралевы Марыі, унучкі каралевы Вікторыі, цара Аляксандра II і стрыечнага брата караля Румыніі. Валадарка, абураная новым праэктам мяжы паміж сваёй краінай і Вугоршчынай, паведаміла аб гэтым сьвету праз пасярэдніцтва журналісткі Калет.

Жывёлы Калет: Калет вельмі любіла жывёлаў, асабліва катоў

З дзяцінства ў Бургундыі яна захаплялася як дзікімі, так і хатнімі жывёламі. Хатнія коткі Нанош, Біжу, Мюзэт, Фаншэт стануць геройкамі ейнага вядомага і ўжо хрэстыматыйнага твору «Клядын у Парыжы» (1901). Пазьней пад імем, якое зробіць яе вядомай (Калет),  пісьменьніца створыць у сваіх раманах сапраўдны бэстыярыюм.

Апрача котак ейны верны францускі бульдог Тобі-Ш’эн фігуруе ў ейных мастацкіх тэкстах. Зь яе часта кпілі, што пісьменьніца куды мацней любіць і шкадуе жывёлаў, чым людзей. Саму Калет часта параўноўвалі з коткай, якая гуляе сама па сабе.


33ar6rl_preview_1536x1025.jpg

Многія біёграфы пісьменьніцы ўзгадваюць напалову анэкдатычную, напалову рэальную гісторыю, што адбылася з Калет: аднойчы яе запрасілі разам зь іншымі артыстамі наведаць зьвярынец цырку ў Бэрліне. Раптам тыгр у клетцы пачаў агрэсіўнічаць, устаў на дыбкі і зарыкаў. Калет падышла, паразмаўляла з жывёлай, якая паступова супакоілася. Затым яна прасунула руку праз краты клеткі. І тыгр палізаў ёй руку...

Калет у Францыі была піянэркай справы абароны правоў жывёлаў. Як яна сама пісала ва ўспамінах, «без жывёлаў я зьбяднела б». Акрамя котак і сабакаў у розныя пэрыяды жыцьця ў яе дома жылі вавёрка, сэрвал, вуж і чарапахі. Ужо ў 1924 годзе ў сваім авангардным закліку, апублікаваным у газэце «Le Figaro», пісьменьніца заяўляла: «Наш спосаб эксплюатацыі хатніх жывёлаў супярэчыць здароваму сэнсу».

Калет і фэмінізм: Яна не была фэміністкай

Так яна заявіла ў 1910 годзе Марысу Дэкабра з выданьня “Paris-Théâtre»: «Суфражысткі выклікаюць у мяне агіду. Вы ведаеце, чаго заслугоўваюць суфражысткі? Пугі і гарэму…».

У 1927 годзе пісьменьніца зноў дазволіла сабе антыфэмінісцкія выказваньні, выступіўшы супраць палітычных правоў для францужанак. Тым ня менш сымбалічнае значэньне дзейнасьці і тэкстаў Калет нельга ігнараваць — яна зьяўлялася пры гэтым узорам эмансіпацыі жанчыны.

Ейнае жыцьцё, эмансіпатарскі прыклад часта разыходзіліся з тым, што яна заяўляла журналістам. Хоць яна баялася слова «фэмінізм», ейныя тэксты і жыцьцё сучаснымі французамі трактуюцца як фэмінісцкія, а сама Калет лічыцца адной з цэнтральных фігураў жаночай эмансіпацыі.

Калет і Бэльгія: У 1935 годзе яна была абраная ў Каралеўскую акадэмію францускай мовы і літаратуры ў Бэльгіі

У той час у Францыі кабеты ня мелі доступу ў Акадэмію! Да ўсяго ў Калет былі іншыя сувязі з гэтай краінай: ейны дзед па матчынай лініі хаваўся ў Брусэлі, ратуючыся ад крэдытораў, і стаў там шакалат’е. Два ейныя дзядзькі, калюмністы і журналісты, зьяўляліся грамадзянамі Бэльгіі. Нарэшце, як літаратурная дырэктарка газэты «Le Matin», яна дала шанец маладому невядомаму яшчэ бэльгійскаму пісьменьніку Жоржу Сымэнону, які надрукаваў у газэце каля 70 апавяданьняў.


karykatura_na_kalet__sem.png

«Злая пісьменьніца»: Неадназначная і з складаным характарам, Калет мела славу злой пісьменьніцы

Пісьменьнік Франсіс Карко называў яе «старой каровай», раздражнёны хвалой, якая лілася ў ейны адрас. Франсуа Марыяк сьцьвярджаў, што ў яе была «помслівая і жорсткая душа», а Ліян дэ Пужы, што яна была «пякельна зласьлівай». Усьведамляючы свой характар, Калет хацела ўсталяваць перад сваім домам у Сэн-Трапэ шыльду «Увага, злы пісьменьнік»...

Пэр-Ляшэз: Скандал не пакідаў пісьменьніцу і пасьля ейнай сьмерці ў 1954 годзе

Ейная бязбожная і скандальная рэпутацыя падштурхнула Каталіцкую царкву адмовіць ёй у рэлігійным пахаваньні. І няважна: тая, хто была адной з самых свабодных жанчынаў свайго часу, атрымала ад дзяржавы нацыянальнае пахаваньне. І стала першай францужанкай, якой зладзілі хаўтуры нацыяльнага маштабу. Пахаваная на слынных могілках Пэр-Ляшэз, Калет доўгі час прыцягвала найбольшую колькасьць іх наведвальнікаў.