Роўна 100 гадоў таму грузіны масава паўсталі супраць Крамля

Выглядае на тое, што бліжэйшым часам зноў не абыйсьціся без той ці іншай формы актыўнага супраціву прарасейскім сілам у Грузіі. Узгадаем, як стагодзьдзе таму горцы выйшлі супраць камуністаў.

Грузінскія паўстанцы

Грузінскія паўстанцы

Грузія пасьля скону Расейскай імпэрыі абвесьціла незалежнасьць 26 траўня 1918 года. Галоўная палітычнай сілай краіны была сацыял-дэмакратычная партыя (меньшавікоў). Незалежнасьць Грузіі прызнала Польшча, бальшавісцкая Расея і некалькі іншых краінаў. Дзяржава праіснавала да 1921 года, калі ў сувязі з бальшавіцкай інтэрвэнцыяй, Грузія страціла свой статус і стала чарговай чырвонай калёніяй Крамля.

Пасьля гэтага быў створаны агульны шматпартыйны антыкамуністычны орган, які атрымаў назву Парытэтны камітэт. Узначаліў яго грузінскі патрыёт Катэ Андранікашвілі. На жнівень 1924 года імі было прызначанае паўстаньне.

Шыфраграма Мясьнікова Сталіну

2 верасьня 1924 года

Апошнія падзеі ў Грузіі ўзьніклі 28 жніўня ў 4 гадзіны захопам улады ў Чыятурах бандай меншавікоў, Чыатуры намі былі адбітыя праз суткі. Падобна Чыятурам выступы паўузброеных бандаў адбыліся на працягу 29, 30 і 31 жніўня ў Нова-Сенаках, Зугдзідзі, Гурыі, частцы Шарапанскага і Кутаіскага паветаў і некаторых вёсках Тыфліскага і Горыйскага паветаў.

28 жніўня былі перарэзаныя многія тэлеграфныя дроты, якія цягнуліся ад Тыфліса да паветаў, але сувязь праз некалькі гадзінаў была адноўленая. 29 жніўня каля Самтрэдзі цягнік на Батум не мог прайсьці, аднак рух па гэтым шляху хутка быў адноўлены. Цяпер паўсюдна выступы ўжо ліквідаваныя сіламі вайсковых частак, узброеных камунараў і, часткова, насельніцтва.

Выступы, у большасьці выпадкаў, як у Кахэціі і Гурыі, насілі бутафорскі характар, выліўшыся ў форму дробнай авантуры; працоўныя ўдзелу не прымалі; сяляне месцамі трымаліся нэйтральна, месцамі ж не спачувалі бандытам; выступоўцы складаліся з былых афіцэраў, шляхты, князёў, а таксама інтэлігентаў.

Бандыты загадзя распаўсюджвалі чуткі аб падзеньні Тыфліса (сёньняшні Тбілісі – заўв. П.Х.), аб дэсанце ангельцаў і прыбыцьці ўрада меншавікоў. Выступ чакаўся таксама ў Тыфлісе, дзе да гэтага часу ўсё спакойна. Настрой працоўных масаў і камунараў цьвёрды і ўпэўнены.

28 жніўня 1924 года ў Чыятурах быў сфармаваны «Часовы грузінскі ўрад» на чале з князем Георгіем Цэрэтэлі. Паўстанцы захапілі большую частку заходняй Грузіі і некаторыя раёны на ўсходзе. Аднак бальшавіцкая армія праз некалькі дзён здолела выцесьніць у горы паўстанцаў.

Грузінскі гісторык Леван Джыкія пісаў: Пасьля паразы паўстаньня ў Чыятуры савецкая ўлада прынялася за арышты паўстанцаў. Удзельнікаў паўстаньня і тых, хто ім спачувае, а таксама падазраваных створаныя савецкай уладай так званыя «тройкі» расстрэльвалі без усялякага сьледзтва і суда. Арыштавалі тых, хто пражывае ў цясьніне Квірылы Цэрэтэлі, і пасадзілі ў спецыяльны эшалён з дастаўленымі з Сачхеры арыштаванымі.

Глядзіце таксама

Арыштаваных разьмеркавалі ў шэсьць вагонаў. Ім казалі, што іх перавядуць у Кутаісі, дапытаюць у сувязі з паўстаньнем, невінаватых адпусьцяць па дамах, а справы вінаватых перададуць суду. Каб замкнёныя ў вагонах людзі не западозрылі чаго-небудзь, раздалі па буханцы хлеба.

Цягнік, які выйшаў з Шарапанскай станцыі, спыніўся паблізу чыгуначнага маста вёскі Аргвеці. Тут загадзя былі выкапаныя ямы. Мясцовасьць ахоўвалі часткі расейскай Чырвонай арміі, у якую ўваходзілі і грузінскія жаўнеры. Як толькі грузінскія вайскоўцы даведаліся, які чакаў лёс замкнёных у вагонах людзей, яны выйшлі са строю і адмовіліся выконваць загад. За гэта іх арыштавалі і пазьней пераслалі ў Тбілісі.

А 3 гадзіне раніцы 30 жніўня 1924 года з першага вагона вывелі вязьняў, паставілі ўздоўж ямаў і з японскага кулямёта расстралялі ўсіх без выключэньня.

Падчас расстрэлу іх крыкі: «Што вы ад нас жадаеце, у чым мы правініліся!» і кулямётная чарга «паставілі ў курс справы» астатніх людзей у вагонах. Яны адмовіліся выходзіць з вагонаў. Уздымацца ў вагоны камуністам было небясьпечна. Тым часам сьвітала.

А «справу» трэба было скончыць да сьвітаньня. У такой «крытычнай» сітуацыі старшыня ЧК Кутаісі Іларыён Талахадзэ выявіў «знаходлівасьць» і прапанаваў расстраляць усіх арыштантаў наўпрост у вагонах. Прывесьці ў выкананьне гэтую ініцыятыву ўзяліся старшыня выканкама Шарапанскага павета Даменцій Мшвенэрадзэ і старшыня павятовага камітэта камсамола Дзідзігуры. Усіх вязьняў у пяці вагонах, што стаялі на шляхах чыгункі, расстралялі з кулямёта проста ў вагонах.

Пасьля расстрэлу крамлёўскія чэкісты адамкнулі дзьверы вагонаў і тых, хто яшчэ быў жывы або падаваў прыкметы жыцьця, Талахадзэ і Мшвенэрадзэ расстралялі з маўзэраў. Былі чуткі, што грузінскія камуністы Сакварэлідзэ і Гогія Мамулаішвілі здымалі залатыя зубы з расстраляных. Пасьля гэтага забітых звалілі ў ямы.

На гэта іншы, сучасны грузінскі гісторык Нэстан Кіртадзэ адзначала, што некаторыя факты патрабуюць крытычнага асэнсаваньня, напрыклад тое, што «тройкі» былі фактычна створаныя толькі праз прыблізна 10 гадоў, а гісторыя пра тое, што чэкісты баяліся заходзіць у вагоны, дзе было па прыблізна 25 чалавек, выглядае дзіўна.

Зрэшты, па іншых дадзеных, падчас гэтай трагедыі было забіта не 95 чалавек, як меркавалася спачатку, а больш за 500.

Дакумэнты сьведчаць

АДПУ СССР пісала 4 верасьня 1924 года:

«Некаторыя матэрыялы, якія характарызуюць палітычны настрой і эканамічнае становішча сялянскіх масаў Закаўказьзя»:

У многіх паветах Грузіі працягвае распаўсюджвацца эпізаатыя сібірскай язвы, зь якой ня ў сілах змагацца мясцовы ветэрынарны пэрсанал. У Зугдзідзкім павеце службоўцам за некалькі месяцаў не выдадзены заробак, у многіх месцах - незадаволенасьць празьмерна нізкімі акладамі.

У Душэцкім павеце і ў горадзе Душэці 60% выкладчыкаў па палітпоглядах чужыя савецкай уладзе і па здагадцы Закчэка вядуць нелегальную працу.

Насельніцтва Верхняй Сванэціі ў адносінах да савецкай улады паводзіць сябе абуральна. Ніякіх павіннасьцей і падаткаў не выконваюць. Бандытызм і супрацьдзеяньне ўладзе працягваюцца. Выканкамы бяссільныя. Пры спробе арыштаваць міліцыя раззбройваецца і зьбіваецца. Ні адзін грамадзянін, які выклікаецца ў суд, не зьяўляецца.

(Зводка №11 за 17 ліпеня): Мяркуючы па чутках і зьвестках, якія цыркулююць у асяродзьдзі інтэлігенцыі, апошняя знаходзіцца ў чаканьні нейкіх зьменаў. Трымае сябе інтэлігенцыя вельмі асьцярожна, пазьбягаючы размоваў на палітычныя тэмы з малазнаёмымі асобамі.

Паўстанцы Какуца Чалакашвілі

Паўстанцы Какуца Чалакашвілі

Лідэраў «Парытэтнага камітэта» знайшлі ў манастыры. Ім прапанавалі выбар: альбо загадаць паўстанцам спыніць супраціў і здацца савецкім уладам, альбо расстрэл на месцы. Катэ Андранікашвілі, ужо ў кабінэце Берыі, выдаў загад спыніць агонь. Толькі іншы знакаміты паўстанец — Какуца Чалакашвілі ў Кахэціі працягваў змагацца яшчэ два месяцы. З сябраў «Парытэтнага камітэта» расстралялі не ўсіх, а Андранікашвілі нават дазволілі заявіць сябрам французскай дэлегацыі:

«Паўстаньне было немінучым наступствам палітыкі акупацыйных уладаў, і мы да гэтага часу застаемся на той жа пазыцыі. Галоўнай мэтай і лёзунгам паўстаньня было аднаўленьне незалежнасьці Грузіі. За намі засталася маральная перамога».

Мясьнікоў дакладвае Сталіну і Дзяржынскаму

6 верасьня 1924 года

Учора Закаўказскі Край Камітэт партыі паведамляў Вам аб захопе намі Парытэтнага камітэта і расстрэле на месцы старшыні яго Андроньнікава (маецца на ўвазе Катэ Андранікашвілі – заўв. П.Х.) і чальца Джавіхішвілі. У момант перадачы гэтага паведамленьня ўжо аддадзенае было распараджэньне аб расстрэле. Грузчэка прыступіла да выкананьня яго, але ўначы справа прыняла іншы абарот: непасрэдна перад расстрэлам чальцы Парытэтнага камітэта, якія кіравалі ўсім паўстаньнем у Грузіі, запыталі дазвол зрабіць заяву, якая зьвялася да таго, што Парытэтны камітэт безумоўна адмовіўся ад барацьбы з савецкай уладай. Расстрэл быў адменены.

Катэ Андранікашвілі

Катэ Андранікашвілі

Параза паўстаньня

Нягледзячы на адсутнасьць вынікаў, на якія разьлічвалі арганізатары, паўстаньне стала яскравым напамінам пра імкненьне да свабоды грузінскага народа. Разам з тым можна было канстатаваць пра поўнае зьнішчэньне структураў паўстанцаў.

У кастрычніку 1924 года на канфэрэнцыі моладзі Аб'яднанай дэмакратычнай партыі Грузіі, куды ўвайшлі нацыянал-дэмакраты, нацыяналісты, радыкал-дэмакраты і Саюз беспартыйных, была прынятая рэзалюцыя аб ліквідацыі аб'яднаньня ў сувязі з прызнаньнем Савецкай улады ў Грузіі. Паспрабуйце ўчытацца ў гэтыя словы, якія выклікаюць у памяці параўнаньне з так званымі заявамі, якія вымушаныя прамаўляць беларусы, пастаўленыя пад кулак і пісталет тэрарыстаў з ГУБАЗіКа, калі тыя запісваюць ганебныя відэа.

У сваёй дэклярацыі 1924 года маладыя грузіны заявілі:

«Жнівеньскае паўстаньне ўяўляе сабой тую мяжу, якая назаўжды адлучае нас ад старога шляху і палітыкі. У будучыні мы нікому не дамо права патрабаваць новага шэрагу трупаў нашай моладзі з мэтай эксперымэнтаў над грузінскім народам. Для нас ужо высьветлілася сапраўднае становішча Грузіі. Мы бачым, што нягледзячы на ​​вялікія цяжкасьці, вонкавыя і нутраныя перашкоды, Грузія ідзе да нацыянальнага адраджэньня, і што кожны пройдзены год зьяўляецца паказчыкам заваёвы Грузіяй новых пазыцый, як на культурным, так і на эканамічным франтах, што ў рэшце стварае лепшыя ўмовы. для сапраўднай незалежнасьці Грузіі.

Сапраўднасьць Савецкай Грузіі — няўхільны паказчык таго, што бальшавіцкая ўлада імкнецца для сапраўднага культурна-эканамічнага росквіту Грузіі. Мы цяпер голасна заяўляем, што савецкі ўрад Грузіі зьяўляецца адзіным законным урадам, і не толькі прызнаем яго такім, але ўсёй сваёй энэргіяй моладзі станем на варце Савецкай Грузіі, і ў будучыні не дамо права ніякім Парытэтным камітэтам дзейнічаць ад імя грузінскага народа. Мы верым, што толькі ў супрацоўніцтве з Савецкай уладай дасягнем пажаданых умоваў для адраджэньня і ўмацаваньня Грузіі».


Па выніках паўстаньня вайсковыя трыбуналы камуністычнай Грузіі прысудзілі да сьмяротнага пакараньня ад 7000 да 9000 чалавек, больш за 20 000 былі арыштаваныя і дэпартаваныя ў Сібір.