Самы ўплывовы мафіёзі з Беларусі

Ці ведалі вы, што адзін з найбольш уплывовых прадстаўнікоў амерыканскай мафіі, які спрычыніўся да стварэння Лас-Вегаса і меў казіно на Кубе і на Багамах, нарадзіўся ў Гародні? З нагоды гадавіны нараджэння 4 ліпеня Меіра Ланскога budzma.by ўспамінае неймаверна захапляльнае жыццё ўраджэнца Беларусі і мафіёзі з нетыповым лёсам.

fro4f60c9_profimedia_0014955826.jpg


Манхэтэнскі бутлегер з Гародні

Меір Ланскі нарадзіўся ў Гародні ў 1902 годзе. Ягонае сапраўднае прозвішча — Сухаўлянскі — было скарочанае па прыездзе ў ЗША эміграцыйнай службай і так і замацавалася на ўсё жыццё. Ён паходзіў з габрэйскай сям’і, а тое былі часы калі габрэі шмат дзе цярпелі, у тым ліку ў Польшчы і на тэрыторыях, захопленых Расійскай імперыяй. Менавіта таму сям’я вырашыла шукаць лепшай долі за акіянам. Спачатку пераехаў бацька Меіра, які працаваў у ЗША прасавальшчыкам на фабрыцы і так накапіў і на пераезд сваёй сям’і.
Сям’я Меіра жыла спачатку ў Брукліне, а потым — на Манхэтэне ў Нью-Ёрку, дзе моцна вылучаліся такія нацыянальныя крымінальныя супольнасці, як габрэйская, італьянская і ірландская. Але банды складаліся не толькі з дарослых, але існавалі і сярод дзяцей і падлеткаў, якія адбіралі грошы ў аднагодак і практыкавалі іншыя дробныя злачынствы. Ужо ў дзяцінстве Ланскі сутыкнуўся з такімі бандамі, але здолеў даць адпор, дзякуючы чаму ператварыў нападнікаў (якія ў будучыні сталі ўплывовымі мафіёзі) у сяброў, якімі яны заставаліся ўсё жыццё.

Малады Меір Ланскі

Малады Меір Ланскі

Бацькі хлопчыка жылі бедна, але намагаліся даць яму адукацыю і добрае выхаванне, бацька дапамог уладкавацца на працу. Але Меір бачыў для сябе іншую перспектыву, досыць хутка ўцягнуўся ў злачынную дзейнасць і нават стварыў уласную банду. Першы раз падлетка арыштавалі ў 16 гадоў. Але найбольш адметным для будучай крымінальнай кар’еры маладога чалавека стаў перыяд «сухога закону» ў ЗША. Сухі закон дзейнічаў з 1919 па 1933 год. У гэты перыяд Меір здолеў наладзіць вялікія каналы кантрабанды алкаголю ў краіну і яе падпольныя продажы. Бутлегерства, як гэта называлася, дазволіла Меіру Ланскі зарабіць вялікія грошы (бо кошт бутэлькі часам вырастаў у 15 разоў), пашырыць сферу свайго ўплыву і замацавацца ў амерыканскім крымінальным свеце. Разам з тым ён пачаў дзейнічаць у сферы азартных гульняў, і менавіта дзякуючы яму ў будучыні паўсталі вядомыя гульнявыя месцы рэгіёна, якія існуюць дагэтуль.

Казіно, Батыста і Кастра

Першыя казіно і гульнявыя дамы Ланскі адкрыў у Дэтройце, Чыкага, Кліўлендзе. Чым далей, тым больш пашыралася тэрыторыя ягонага бізнесу, які ахапіў таксама Флорыду, Луізіяну, Арканзас, Новы Арлеан, Кентукі, Маямі і іншыя штаты. Менавіта дзякуючы Меіру Ланскі і ягонаму ўплыву паўстаў Лас-Вегас, які стаў цэнтрам азартных гульняў і адным з цэнтраў амерыканскай мафіі. Цікава, што, каб пазбегнуць праблемаў у сувязі з нявыплатай падаткаў, Ланскі выкупіў швейцарскі банк, дзе захоўваў свае сродкі і праз які таксама праводзіў шэраг махінацый.

З дачкойСандрай

З дачкойСандрай

Аднак Ланскі не абмяжоўваўся тэрыторыяй ЗША. Адным з найбольш адметных і важных пунктаў яго бізнесу і ўплыву была Куба. Будучы поспех на Кубе забяспечылі шэсць мільёнаў даляраў, якія Ланскі прапанаваў дыктатару Батысце (якога пазней зверг Фідэль Кастра) пры першай сустрэчы. У выніку Меір Ланскі атрымаў патэнт на адкрыццё і кіраванне гульнявымі дамамі на Кубе, Батыста прыняў закон, згодна з якім гульнявыя дамы ў гатэлях (кошт — ад мільёна даляраў) не абкладаліся падаткам. Пазней Батыста нават зрабіў Ланскі дарадцам па рэформе сферы азартных гульняў. Але неўзабаве адбылася Кубінская рэвалюцыя, і Ланскі страціў усю нерухомасць на востраве і шмат грошай (былі нават няўдалыя спробы дамовіцца з Кастра і Чэ Геварам). Пасля гэтага Ланскі пераарыентаваўся на Багамы, дзе, гэтаксама дзякуючы хабарам і асабістым сувязям, разгарнуў свой гульнявы бізнес, пабудаваў гатэль-казіно па аналогіі з кубінскімі.

Прэм’ер-міністарка Ізраіля і ФБР

Пасля Другой сусветнай вайны, з 50-х — 60-х гадоў ХХ стагоддзя, ціск на Меіра Ланскі з боку амерыканскіх уладаў і праваахоўных органаў усё ўзмацняўся, і ён паспрабаваў пераехаць у Ізраіль. Варта адзначыць, што мафіёзі шмат рабіў для Ізраіля і габрэйскай супольнасці: быў адным з тых, хто лабіяваў стварэнне габрэйскай дзяржавы, пазней перавёў значную частку ўласных грошай на патрэбы маладой дзяржавы (і абяцаў рэгулярна пераводзіць 10% ад сваіх прыбыткаў), перашкаджаў пастаўкам зброі ў арабскія краіны і шмат чаго іншага. Па прыездзе ў Ізраіль Ланскі нават пазнаёміўся і завёў прыязныя стасункі з прэм’ер-міністаркай Голдай Меір. Але схавацца тут так і не атрымалася (як з прычыны крымінальнага мінулага, так і праз непасрэдны ціск амерыканскіх уладаў на ізраільскія), і Меір Ланскі быў вымушаны з’ехаць з Ізраіля, пасля чаго быў арыштаваны ФБР. Але, як ні дзіўна, быў апраўданы, бо насамрэч не атрымалася назбіраць фактаў, якія б сведчылі, даказвалі злачынствы Ланскі. Рэшту жыцця Меір Ланскі правёў у коле сям’і як шараговы пенсіянер.

579a358856f7bc402fe0544fe987a402.jpg


Меір Ланскі адышоў ад спраў мафіі, дажыў да старасці і, у адрозненне ад многіх калег, памёр ва ўзросце 80 гадоў з натуральных прычын. Ягоныя дзеці ніякім чынам не былі звязаныя з крыміналам, чаго ён свядома дамагаўся. А ад вялікіх грошай у памеры мільёнаў даляраў — альбо надзвычай перабольшаных чуткамі, або страчаных у апошнія дзесяцігоддзі жыцця — нічога не засталося.