Святлана Алексіевіч: «Салдатаў пасылалі, каб сталі героямі, а яны вярнуліся злачынцамі»

15 лютага споўнілася 30 гадоў завяршэння вываду савецкіх войскаў з Афганістану. З гэтай нагоды «Радыё Свабода» распытала пра афганскі досвед Святлану Алексіевіч — лаўрэатку Нобелеўскай прэміі ў літаратуры, аўтарку кнігі «Цынкавыя хлопчыкі» пра гэтую вайну.



9d1d041f_99c5_4eda_817f_b7f36962929c_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg

Тры тыдні ў верасні 1988 года Святлана Алексіевіч з групай савецкіх журналістаў знаходзілася Афганістане. У Кабуле і іншых гарадах яна сустракаліся з вайскоўцамі, мясцовымі і камандзіраванымі з СССР чыноўнікамі, жыхарамі краіны. Да вываду савецкіх салдат з краіны заставалася меней за паўгода.

Вынікам паездкі стала дакументальна-мастацкая кніга «Цынкавыя хлопчыкі» (у запаяных цынкавых трунах адпраўлялі на радзіму забітых савецкіх салдатаў). У кнізе прывяла ўспаміны маці і жонак загінулых, а таксама непасрэдных удзельнікаў вайны, бальшыня якіх пасля вяртання сутыкнулася з неразуменнем грамадства і непрыстасаванасцю да мірнага жыцця.

На пачатку 2017 года гэты твор упершыню выйшаў на фарсі (у перакладзе паэта-публіцыста Хазрата Вахрыза): савецкае ўварванне пакінула горкі след у памяці афганскага народу, чые ахвяры ў той вайне склалі 1 мільён загінулых, і 5 мільёнаў сталі вымушанымі ўцекачамі.

— Святлана Аляксандраўна, гісторыя сведчыць, што ўсе спробы заваяваць Афганістан аказаліся безвыніковымі — брытанцы, СССР, амерыканцы заходзілі з амбітнымі мэтамі, а выходзілі ні з чым. У чым, на вашу думку, прычына такой бясплённасці?

— Афганістан — гэта краіна, якая існуе абсалютна ў іншым часе. Прынамсі склалася такое ўражанне падчас майго там знаходжання 30 гадоў таму, але думаю, што і дагэтуль так. Калі я размаўляла з людзьмі, яны зусім з іншага часавага вымярэння, у іх цалкам сваё ўспрыняцце рэальнасці.

Памятаю, нейкі савецкі палкоўнік «наразаў» сялянам зямлю. Стаяць тыя дэхкане, ён аднаго выклікае і паказвае, што ягоны надзел адтуль і дасюль. І ўрачыста абвяшчае: маўляў, цяпер гэта тваё. А той спакойна паварочваецца і гаворыць: «А ты што, Алах, каб раздаваць зямлю?» І пайшоў па сваіх справах. Іншымі словамі, ніякай «ласкі» ад чужынцаў папросту не прымалі.

Павінны адбыцца вельмі глыбінныя ўнутраныя працэсы. Такое ў мяне засталося адчуванне. Можа, нават трэба дапамагаць краіне ў гуманітарнай сферы, каб яна прасоўвалася наперад. Аднак несці свабоду «на штыках» бессэнсоўна, людзі самі яе адрынуць.

 

Як СССР хацеў «камунізаваць» Афганістан

— Як афганцы ўспрымалі камуністычную ідэалогію, якую на сваіх штыках нёс туды СССР?

— Памятаю, мы ляцелі ў Кабул самалётам, які траха не напалову быў загружаны «ідэалагічным смеццем»: бюсты Леніна, Маркса, партрэты членаў Палітбюро ды іншая наглядная агітацыя. Уявіце: пасярэдзіне стаяў танк на ланцугах, па баках сядзелі вайскоўцы, а ззаду ў хвасце кучай наваленыя нашы правадыры. Безумоўна, усё гэта выклікала толькі іронію, паколькі для афганцаў тыя твары былі абсалютна чужароднымі.

 

Святлана Алексіевіч у Кабуле, 1988 год

Святлана Алексіевіч у Кабуле, 1988 год

— Кіраўніцтва Беларусі ніяк не ацэньвае гэтую вайну. А вось у Расеі ацэнкі той вайны часоў перабудовы пераглядаюць...

— Мяне вельмі здзівіла, калі летась Пуцін заявіў: правільна, што ўвайшлі ў Афганістан. І аргумент: каб не мы, там бы ўжо сядзелі амерыканцы. Ну і што? Былі амерыканцы, а да таго, не забывайцеся, і брытанцы: калі часам лавілі маджахедаў, тыя былі ўзброеныя ангельскімі «бурамі», стрэльбамі аж ХІХ стагоддзя. Вядома, потым было шмат рознай зброі, але свядомасць мясцовага люду заставалася абсалютна адрознай ад «місіянераў». Таму ўсе чужынцы заходзілі і выходзілі практычна з аднолькавым эфектам.

Наогул я ўсё больш пераконваюся: любым спробам прынесці і навязаць свае правілы прызначаны сумны фінал. Нам жа не прыходзіць у галаву прымусіць мінскі метрапалітэн працаваць паводле нямецкага ці французскага раскладу? Чаму тады думаем, што ў сілах «нагнуць» пад сябе цэлыя краіны?

Можна дапамагаць унутраным працэсам дзеля стварэння грамадзянскай супольнасці, якая б працавала на агульную карысць для ўсіх. Аднак спробы гвалтам прышчапіць свабоду і дэмакратыю — ад Афганістану і Сірыі да Іраку і Лівіі — пакуль відавочных поспехаў не мелі.

 

Афганцы крычалі савецкім салдатам «Шураві-гітлеры!»

— Ці можна сказаць, што ў краінах былога СССР цяпер па-рознаму ставяцца да салдат той вайны, так званых «афганцаў»?

— Усё досыць складана... У любым выпадку бясспрэчна адно: улады ўсіх падманулі. Савецкае грамадства тады, відаць, было яшчэ не ў тым стане, каб пратэставаць. Прынамсі я вельмі рэдка сустракала людзей, якія разумелі, што можна было зрабіць інакш. Зразумелая справа, што ў аўтарытарнай дзяржаве — нават такой, як цяпер у нас, — выбар у чалавека невялікі. Так і ў тых хлопцаў асаблівай альтэрнатывы не было. Яны і дагэтуль падманутыя.

 

Святлана Алексіевіч у Кабуле, Афганістан, 1988 год

Святлана Алексіевіч у Кабуле, Афганістан, 1988 год

Дарэчы, іх там пагардліва звалі «шураві-гітлеры», і гэта вельмі балюча было выслухоўваць — ад зморшчаных старых, ад сухенькіх маленькіх жанчын з дзецьмі без рук, без ног. Зразумела, закладалася пачуццё віны. Туды пасылалі, каб яны сталі героямі, а ў выніку вярнуліся дадому злачынцамі — у канцы 1980-х сутнасна Савецкі Саюз быў ужо зусім іншы. Іх «здалі» з усіх бакоў: і вайна ўжо нікому не была патрэбная, і краіна змянілася — паўсталі іншыя каштоўнасці, якія, дзеля справядлівасці, сёння імперская свядомасць у Расіі зноў спрабуе «абнуліць».

Я ў любым выпадку мяркую, што тая вайна будзе прызнаная злачыннай. Як некалі сказаў Міхаіл Гарбачоў, так і давядзецца канстатаваць: за ўсё трэба адказваць. Не кажучы ўжо пра тое, што ў кожнага «афганца» поўна сваіх грахоў. На вайне практычна нельга не страляць, а значыць, так ці інакш становішся злачынцам: ужо загнаны, як патрон у патроннік, і нічога не можаш зрабіць.

— Вайна Расіі на Данбасе, акупацыя Крыму — гэта ў нейкім сэнсе паўтарэнне Афганістану?

— Магу сказаць, што пісьменнік Захар Прылепін, які быў на Данбасе ў складзе так званых «войскаў ДНР», вярнуўся адтуль, скажам так, «разбураным» чалавекам. Ён гаварыў так: усіх нас можна судзіць і ў той жа час называць героямі... Судзіць — так, але, думаю, нідзе не паставяць помнік «герою-Матаролу» (забіты баявік прарасійскіх сепаратыстаў на Данбасе. — РС).

Нас кормяць казкамі, што там ваююць мясцовыя, данбасцы. Насамрэч гэта добраахвотнікі-расіяне, многія з якіх загнаныя ў сітуацыю безграшоўя, безвыходнасці. Перакананая, там няшмат яўных «новапатрыётаў», таксама па-свойму падманутых людзей. Але з-за іх гінуць украінцы, якія мусяць бараніць сваю зямлю.

Асабіста я хацела б, каб людзі хутчэй расплюшчылі вочы, каб гэты досвед паслужыў прарывам у новую адкрытую будучыню. Праўда, мяркуючы па тым, што цяпер адбываецца ў Расіі (і нават у нас якая абстаноўка), пакуль што спадзявацца на гэта не даводзіцца. Гэта яшчэ доўгі шлях. Свабода не такі бескарыслівы падарунак, як мы думалі ў 1990-я, калі хадзілі па плошчах і скандавалі дэмакратычныя лозунгі. Свабода — гэта доўгі шлях.

 

Як судзіліся з аўтаркай «Цынкавых хлопчыкаў»

— На пачатку 1990-х вас як аўтарку «Цынкавых хлопчыкаў» спрабавалі прыцягнуць да суду. Як лічыце, сапраўды гэта быў крык душы маці і жонак загінулых ці нейкая спланаваная акцыя?

— Зразумела, пэўныя сілы змірыцца з праўдай не маглі. Падбухторвалі маці забітых — маўляў, вашы дзеці героі, гэта Алексіевіч робіць з іх злачынцаў. Паколькі быў час татальнага дэфіцыту, падкуплялі і халадзільнікамі, і тэлевізарамі, і працу «афганцам» абяцалі.

Толькі пазней, падчас чачэнскай вайны, калі я сустракалася з жанчынамі, якія не дачакаліся дзяцей з Афганістану, яны казалі: Святлана, ты маеш рацыю, мы проста не маглі паверыць, што нашы сыны забівалі. А пасля Чачэніі бачым, як усё насамрэч адбываецца.

Афганістан спрабавалі спісаць на «стратэгічную памылку», але, як казаў адзін з пакалечаных герояў, калі гэта памылка, дык вярніце мне мае ногі! І гэта таксама праўда той вайны.

— Да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў “Свабода” падрыхтавала серыю артыкулаў пра ўдзельнікаў вайны. Адным з герояў быў і шараговец Алег Ляшэнка, які патрабаваў ад вас маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі. Ці ёсць жаданне зноў сустрэцца з пазоўнікамі, абмеркаваць, наколькі змянілася іх стаўленне да тых падзеяў?

— Якраз прыгадваю такі момант: калі Алег хацеў са мной судзіцца, нехта з залі яму пракрычаў: «Што ж ты з ёй судзішся?! Адсудзі грошы ў Міністэрства абароны, гэта ж яны мусяць цябе забяспечыць пенсіяй...»

 

Алег Ляшэнка

Алег Ляшэнка


Спадзяюся, за столькі гадоў Алег нарэшце зразумеў, хто рэальна вінаваты ў ягоным становішчы.

А што тычыцца сустрэчы... Думаю, што найперш ім самім было б цяжка вярнуцца ў той час. Наогул я шчыра радая, што Алег жывы. І мне не ўсё роўна, чым ён цяпер займаецца, ці ёсць вакол яго блізкія людзі. Прынамсі я б хацела, каб у яго была жонка, дзеці, бацькі. Каб было доўгае жыццё ў асяродку родных, бо ад дзяржавы ніякай дапамогі, спагады не дачакаешся...

Я мімаходзь згадала пра помнікі, дык у гэтым сэнсе Востраў слёз у Мінску досыць арганічны — проста прыйсці памаліцца за душы тых хлопцаў, якія невядома за што палеглі ў Афганістане. Я ведала многіх мацярок, якія вельмі рана пайшлі з жыцця, бо часта гэта іхныя сыны былі адзінымі дзецьмі ў сям’і. Таму толькі і застаецца, што памаліцца за душы ўсіх ахвяраў той вайны.

 

www.svaboda.org