У Польшчы ўзгадалі бітву пад Танэнбергам (шмат фота)

Напрыканцы ліпеня на тэрыторыі гміны Шкотава, каля возера Каўнаткі, адбыўся ваенна-гістарычны фестываль «Танэнберг 1914–2014». 



У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 аматараў вайсковай гісторыі з Польшчы, Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Канады і іншых краін.

У 1914 годзе менавіта ў гэтых месцах праходзілі жорсткія баі паміж часткамі Рускай імператарскай арміі і кайзераўскімі войскамі. Прычым з абодвух бакоў у баявых дзеяннях удзельнічалі палякі (для немцаў гэта былі “мазуры”, а царская адміністрацыя рускіх грамадзян польскага паходжання называла “братамі-славянамі”). Пра тое, наколькі кровапралітнай была гэтая бітва, сведчаць шматлікія вайсковыя пахаванні, якія да сённяшняга дня захаваліся ў гэтым раёне.

a_tar_dae_nterv_ju_pol_skamu_telebachannju.jpg

Аўтар дае інтэрв'ю польскаму тэлебачанню

Трагедыя арміі Самсонава

Амаль 100 гадоў таму, 26–30 жніўня 1914 года, на тэрыторыі тагачаснай Усходняй Прусіі адбылося буйное боесутыкненне паміж рускімі і германскімі войскамі. У расійскай гістарыяграфіі яно вядома як бітва пры Танэнбергу, “Самсонаўская аперацыя”, “Самсонаўская катастрофа”, “аперацыя Гіндэнбурга”. Гэта падзея выклікала каласальны грамадскі рэзананс не толькі ў Расіі, але і ў Германіі. Тагачасныя нямецкія ідэолагі неадкладна правялі гістарычныя паралелі паміж разгромам 2-й арміі генерала ад кавалерыі А.В. Самсонава пад Танэнбергам і Грунвальдскай бітвай эпохі Сярэднявечча, у якой Тэўтонскі ордэн быў разбіты саюзнымі польска-літоўска-рускімі арміямі. Перамога 1914 года пазіцыянавалася як рэванш за паражэнне ў 1410-м.

17 жніўня першая армія генерала Рэненкампфа перайшла нямецкую мяжу, праз тры дні рушыла ў бой і другая армія генерала Самсонава. Рускія войскі ў Усходняй Прусіі мелі над 8-й германскай арміяй значную перавагу ў жывой сіле, а вось у артылерыі сілы былі практычна роўныя — прыблізна тысяча рускіх гармат супраць тысячы нямецкіх. Таксама ў немцаў мелася 156 цяжкіх палявых гармат. Да таго ж, па колькасці кулямётаў германская пяхота таксама мела перавагу. Быў у немцаў і яшчэ адзін козыр — густая дарожная сетка, якая пакрывала прасторы Усходняй Прусіі. Прыкрытая з усходу непраходнай лініяй Мазурскіх багнаў, яна забяспечвала бесперашкодную і хуткую перакідку войскаў з флангу на фланг. Гэтым неадкладна скарыстаўся нямецкі камандуючы фон Прытвіц, які сканцэнтраваў супраць 75-тысячнай групоўкі Рэненкампфа не менш як 110 тысячсваёй пяхоты і кавалерыі.

maneta_vib_taja_da_rekanstrukci_(1).jpg

Манета, выбітая да рэканструкцыі

26 жніўні 2-я армія рушыла наперад, і на працягу трох наступных дзён усё было скончана. Немцы хутка змялі адкрытыя флангі арміі Самсонава. 29 жніўня два рускіх вайсковых корпуса — 13-ы і 15-ы, якія складалі цэнтр баявога парадку, адступілі ў лес, вакол якога і замкнулася кола атачэння. Прарваць яго атрымалася не больш чым 20 тысячам чалавек. Не вытрымаўшы ганьбы, генерал Самсонаў застрэліўся. Немцы пахаваюць яго з вайсковымі ўшанаваннямі, а пазней перададуць парэшткі афіцэра ў Расію. Армія Самсонава страціла забітымі 6 000 чалавек, 20 000 былі ўзяты ў палон на полі бою. 30 000 салдат і 15 генералаў склалі зброю пазней. Усходне-Пруская аперацыя скончылася паразай выключна па віне камандавання. Генералы Рэненкампф і Самсонаў у Японскую вайну былі нядрэннымі дывізіённымі камандзірамі, але нічога не змаглі зрабіць, камандуючымі буйнымі вайсковымі злучэннямі. Галоўнай праблемай рускага штабу стала адсутнасць сувязі, а значыць — адсутнасць рэальнага кіравання войскамі.

Рэканструкцыя

Першыя рэканструктары на поле бітвы з’явіліся за тыдзень да мерапрыемства. Менавіта яны арганізавалі палявы лагер і пачалі ўладкоўваць пазіцыі, на якіх і адбылася маштабная рэканструкцыя баёў Вялікай вайны. Шматлікія гледачы, якія прыехалі ў Шкотава з усёй Польшчы, змаглі ўбачыць не толькі “баі на Усходнім фронце”, але таксама адзін з эпізодаў Першай сусветнай вайны ў Заходняй Еўропе.

amerikanec_rusk_.jpg

Амерыканец і рускі

У прыватнасці, рэканструктары ў форме рускага экспедыцыйнага корпуса ў Францыі, а таксама ў мундзірах арміі ЗША, разыгралі эпізод з захопам браневіка ў немцаў. У якасці аб’екта атакі выступіла копія бронемашыны “Ролс-Ройс”, якая “прыехала” з Літвы.

branjav_k_rolls_rojs_2_.jpg

 

branjav_k_rolls_rojs.jpg

Бранявік "Ролс-Ройс"

Пасля гэтага пачалася рэканструкцыя непасрэдна баёў 1914 года пад Танэнбергам. Засеўшых на вышыні нямецкіх жаўнераў спрабаваў атакаваць батальён Рускай імператарскай арміі. Наступ падтрымлівала царская артылерыя. Рускім (з трэцяй спробы) атрымалася захапіць першую лінію нямецкіх акопаў, але кайзераўцы перайшлі ў контратаку і “скінулі” з гары “царскае войска”. Скончылася рэканструкцыя ўрачыстым маршам перад гледачамі.

perad_boem.jpg

Перад боем

ataka.jpg

Атака

 

kajzera_ci.jpg

Кайзераўцы

 

gledachi.jpg

Гледачы

 

padchas_bajo_.jpg

Падчас баёў

getuju_garu_shturmaval_rekanstruktari.jpg

Гэту гару штурмавалі рэканструктары

 

ruskaja_kavalerija.jpg

Руская кавалерыя

 

Нягледзячы на жудасную спякоту (тэрмометры паказвалі ў гэты дзень +34) аматарам вайсковай гісторыі з розных краін атрымалася паказаць жах і гераізм той вайны. Сімвалічным знакам было тое, што пасля мерапрыемства пачаўся моцны дождж. Неба нібы аплаквала 10 мільёнаў загінулых у Першай сусветнай вайне.