Футбол прызямліўся ў Гародні. У чэмпіянаце Беларусі з’явілася каманда, з якой не засумуеш

Санкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы гэтым летам у нас назіраюцца двух тыпаў. Першы — гучнае турнэ па краіне «Анёлаў Чарлі» на чале са Святланай Ціханоўскай. Другое — чэмпіянат Беларусі па футболе, якому каронавірус да лямпачкі.

«Неман». Фота прэс-служба ФК «Нёман»

«Неман». Фота прэс-служба ФК «Нёман»


Які з гэтых рэгулярных івентаў збірае больш гледачоў — пытанне няпростае, дыскусійнае і нелінейнае. Але ж і там, і там — жарсці, многагалоссе ды інтрыгі.

Аднак палітыкі ў нашым жыцці сёння столькі, што «Разбуры турмы муры» льюцца, бадай, з кожнага праса. Таму лепей крыху папляткарым пра футбол, у якім, вядома, таксама разбіраюцца ўсе, нават хатнія гаспадыні.

Сёлетні футбольны сезон вычарпаў сябе амаль на дзве траціны. У вышэйшай лізе з 30 тураў згулялі 19. Збольшага пейзажы звыклыя: наверсе табліцы барысаўскі БАТЭ, які прагне вярнуць сабе чэмпіёнскі тытул, побач салігорскі «Шахцёр», спонсары якога ўкідваюць у праект вялізарныя грошы дзеля доўгачаканых залатых медалёў. Прагнозы пяюць амаль у адзін голас: хтосьці з гэтага тандэму ў выніку і прыйдзе да фінішу першым. Але калі б усё было так проста, то не варта было б цяпер і гарод гарадзіць. А яго гародзяць — і яшчэ як.

Бо спакваля саспела ў беларускім футболе яшчэ адна сіла, пра якую гавораць літаральна на кожным куце. Не, гэта не брэсцкае «Дынама» — яно свой зорны час перажыло год таму, калі ўпершыню ў гісторыі стала чэмпіёнам. Цяпер імкнецца пацвердзіць паўнамоцтвы, але ж дзе там. Зімой склад каманды не надта ўзмацніўся, да таго ж кіраўніцтва чамусьці вырашыла змяніць трэнера, адправіўшы дадому ў Чэхію шчасліўчыка Марцэла Лічку. Нарэшце, пасярод лета клуб накрыў каронавірус, праз які дзве гульні адкладзеныя ў доўгую скрыню, а трэцюю — няўступлівай, каржакаватай «Іслачы» — берасцейцы нядаўна прайгралі.

А наперадзе еўракубкі, калі завіхацца давядзецца на два фронты, і ўвогуле падобна на тое, што карона спадзе з брэсцкай галавы. І гэта абавязкова назавуць тым самым сіндромам другога сезону, паводле якога перамагчы лягчэй, чым гэтую перамогу затым адстаяць.

Не, гэта і не другое «Дынама» — мінскае. У яго свае цяжкасці жыцця. Пасля сыходу з футбольнай арбіты бізнесоўца Юрыя Чыжа «бела-сінія» доўга пакутавалі праз адсутнасць уладальніка — і, як вынік, неяк целяпаліся без руля і ветру. Ненадоўга клуб прыгрэў Мінгарвыканкам, але тое было часовым прытулкам. І толькі ў красавіку найстарэйшая каманда Беларусі нарэшце намацала пад нагамі цвёрдую глебу — адышла, як некалі даўно, пад крыло аднайменнага БФСТ. Лічы, пад апеку дзяржавы, а больш канкрэтна — яе сілавога блоку.

Якія ж могуць быць перамогі падчас жа агульнай гаспадарчай турбулентнасці? Нават калі ў цябе такі аўтарытэтны трэнер, як Леанід Кучук. Ён узначаліў «Дынама» тады ж — у красавіку, аднак справа пакуль рухаецца са скрыпам. І добра будзе, калі мінчукі ўвогуле паспеюць ускочыць на п’едэстал. Ці хаця б застануцца на сённяшнім чацвёртым месцы.

І не «Энергетык» — БДУ з’яўляецца гэтай новай сілай. Хоць, напэўна, змог бы, калі б меў за душой больш грошай. Цікавая маладая каманда паспела ў бягучым сезоне надзерці чуб і БАТЭ (двойчы!), і Брэсту. Першае кола мінскія «студэнты» сенсацыйна скончылі на трэцім месцы. Зразумела, гэта не засталося незаўважаным, і на летнім «піт-стопе» клубы-багацеі «перакупілі» лідараў «Энергетыка» — кагосьці зманілі доўгім рублём у Салігорск, кагосьці ў Брэст. Раптам абяскроўлены, небагаты сталічны ФК паціху счах і цяпер мае тры паразы запар.

І не Віцебск з Жодзіна да гэтага часу наводзяць страху на канкурэнтаў. І тым больш не «Іслач», якая яўна і фатальна не паспявае за сваімі зімовымі амбіцыямі. Вы спытаеце: хто? Адказ у загалоўку. І таксама — у той жа турнірнай табліцы. Зразумела — «Нёман».

«Неман». Фота прэс-служба ФК «Нёман».

«Неман». Фота прэс-служба ФК «Нёман».


Пра гродзенскую каманду і яе поспехі сёння адным і тым жа рэфрэнам згадваюць і журналісты, і спецыялісты, і заўзятары. Маўляў, адкуль што ўзялося. Сапраўды: залаты дождж на заходні футбольны клуб не праліўся — там плюс-мінус той жа склад, што і год, і два таму. Без зорак і даражэзных легіянераў. «Нёман» жыве за кошт дзяржбюджэту, што апрыёры азначае даволі сціплае існаванне. І што звычайна пасяляе каманду ў масоўку пелетону, дзе ціха і спакойна.

Але гродзенцам спакой толькі сніцца. Нейкім чынам яны адшукалі славутыя ўнутраныя рэзервы і рванулі наверх. Пры тым, што вясной такіх імкненняў не паказвалі і блізка. Наадварот, тады «Нёман» матляўся ў табліцы як вядомая субстанцыя ў палонцы. Даходзіла да таго, што кіраўніцтва горада ставіла галоўнаму трэнеру Ігару Кавалевічу нешта накшталт ультыматуму — не выправіш становішча ў бліжэйшых матчах, мусіш шукаць новую працу. І недзе ў той момант ісціны каманду і прарвала. І яна панеслася, руйнуючы ўсё на сваім шляху.

Недзе тут і крыецца адгадка. Кавалевіч — харызматык, які ўмее згуртаваць каманду вакол сябе. Ён яшчэ шмат чаго ўмее — у тым ліку выказацца так, што закрыюць вушы не толькі ў тургенеўскія паненкі. Пра такіх уласціва казаць: мужык. Вось на такіх мужчынскіх якасцях Ігар Мікалаевіч і зрабіў калектыў, і загартаваў, і нацэліў да высокіх мэтаў.

Ад пачатку траўня «Нёман» нікому не прайграе. За гэты час каманда згуляла дзесяць матчаў, у васьмі з якіх — перамагла. Дзвюх нічыіх саромецца няма чаго — тое былі сустрэчы з моцнымі «Шахцёрам» і «Віцебскам». Але ж усё астатняе засталося на карысць Гродна. Яшчэ крыху статыстыкі: у сямі апошніх гульнях нёманцы не прапускаюць у свае вароты. Гэта паказчык, варты лепшых каманд краіны.

Але лепшыя гуляюць у іншых гарадах — дзе больш плацяць і шчадрэй кормяць. У Гродне сабраліся простыя хлопцы, у чый бок асабліва не глядзяць ні трэнеры зборнай, ні ўвішныя агенты. Хіба што армянскі тэхнар Гегам Кадзімян уяўляе сабой прывабную мэту для заможных працадаўцаў. Астатнія — як кажуць, сярэдняй нагі майстры.

І ўсё ж яна верціцца — гульня «Нёмана» ў гэтым годзе. У табліцы гродзенцы трэція, але ў іх на адзін матч меней, чым у «вышэйстаячых» «Шахцёра» і БАТЭ. Дастаткова гэты матч выйграць, і «Нёман» дагоніць Салігорск і Барысаў. То-бок па страчаных балах ён ідзе ўпоравень, што толькі надае чэмпіянату інтрыгі.

Самае ж галоўнае, што ў горадзе народ зноў пайшоў на футбол. Не так, канешне, як у далёкім 2002 годзе, калі «Нёман» першы і пакуль апошні раз выйграў медалі (сярэбраныя). Аднак жа цяпер пандэмія — лішні раз «у людзі» не находзішся. І тым не менш на нядаўнім дамашнім паядынку (з «Шахцёрам») гродзенцы сабралі на трыбунах 4200 чалавек. Гэта трэці паказчык у сезоне — лепш здаралася толькі ў Барысаве і Брэсце.

Зрэшты, рэкорд наведвальнасці хлопцы Ігара Кавалевіча могуць паставіць ужо ў бліжэйшую суботу. Яны чакаюць у госці мінскае «Дынама».


Чэмпіянат Беларусі



turnirnaja_tablica_futbol.jpg


ВЫНІКІ 19-га ТУРА: 24.07. РУХ (Брэст) — СЛАВІЯ (Мазыр) — 3:3. ВІЦЕБСК — СЛУЦК — 2:0. 25.07. ІСЛАЧ (Мінскі раён) — ДЫНАМА (Брэст) — 2:0. БЕЛШЫНА (Бабруйск) — НЁМАН (Гродна) — 0:1. ДЫНАМА (Мінск) — ГАРАДЗЕЯ — 1:0. 26.07. ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) – 1:4. БАТЭ (Барысаў) — МІНСК — 6:0. ШАХЦЁР (Салігорск) — СМАЛЯВІЧЫ — 4:0.

20-ты ТУР. 31.07. Слуцк — Шахцёр, Дынама Бр. — Віцебск. 1.08. Смалявічы — Белшына, Славія — Іслач, Нёман — Дынама Мн. 2.08. Тарпеда–БелАЗ — БАТЭ, Мінск — Рух, Гарадзея — Энергетык-БДУ.