Як выхаваць чэмпіёна? Што трэба ведаць бацькам, якія плануюць для свайго дзіцяці спартовую кар’еру

Вы бачыце сваё дзіця ў вялікім спорце? Хочаце, каб яно зрабіла кар’еру і «выбілася ў людзі» праз гэты сацыяльны ліфт? Марыце аб будучыні, у якой вашаму сыну/дачцэ будуць пляскаць трыбуны, а заўзятары ўстануць у чаргу па аўтограф?

islocz.jpg

Жаданне ёсць — «дарожнай карты» няма? То што ж, паспрабуем яе акрэсліць. НЧ вырашыў скласці элементарны дапаможнік для мам і тат, якія хочуць, каб іх дзіця стала паспяховым спартоўцам.
Адразу папярэдзім: ніжэй напісанае не ёсць нейкае ўсемагутнае «евангелле», якое абавязкова вядзе ў спартыўны Эдэм. Шляхі да перамог невыведныя, і на сёння індустрыя сусветнага спорту не вынайшла ўніверсальных і беспамылковых алгарытмаў дасягнення поспеху.
Ніжэй напісанае — гэта ўсяго толькі некалькі базавых парадаў, выкананне якіх зробіць ваша вакно магчымасцей крыху шырэйшым. Лічым іх дарэчнымі ўжо таму, што практыка паказвае: бацькі маленькіх спартоўцаў часцяком не прытрымліваюцца нават гэтых азбукавых ісцін. І ў выніку іх дзеці як мінімум не дасягаюць тых вышынь, якіх маглі б дасягнуць, — як максімум страчваюць імпэт да трэніровак і спакваля сыходзяць са спорта ў макрамэ альбо раслінаводства.
Каб хаця б знізіць гэтыя рызыкі, мы сфармулявалі пяць простых пытанняў на заяўленую тэму — і паспрабавалі на іх адказаць.

Першы крок. Які від спорта абраць?

Шмат гадоў розныя даследчыя групы з розных краін намагаюцца выпрацаваць методыкі, якія дазвалялі б выявіць схільнасць дзіцяці да таго ці іншага віду спорта ці не ад самага маленства. За аснову бяруць разнастайныя чыннікі: генетыку, антрапаметрыю, ментальныя і разумовыя асаблівасці… Актыўнасць такіх «селекцыянераў» падаецца слушнай, але ж дагэтуль пераканаўчых вынікаў яны не дасягнулі. І не факт, што калі-небудзь дасягнуць. Бо чалавек — істота занадта складаная, а яго галава — як казалі ў старым кіно — прадмет цёмны і даследаванню не падлягае.
Дык што ж тады рабіць? Універсальнага адказу няма. У кожнага свой шлях да выяўлення здольнасцяў і талентаў.
У гісторыі спорта цэлая прорва прыкладаў, калі схільнасці ўвогуле дапамагаў выявіць звычайны выпадак. Менавіта такім чынам у гандбол патрапіў, скажам, Аляксандр Тучкін. Хлопец вучыўся ў сярэдняй школе не надта ганбольнага горада Бабруйска, ужо амаль скончваў яе, збіраўся паступаць у ваеннае вучылішча… І тут у тую школу па нейкай патрэбе зайшоў адзін дзіцячы трэнер з накіданым вокам. Паглядзеўшы на фактурнага — рост пад два метры — старшакласніка, на яго шырачэзны размах рук… Карацей, легенда сведчыць, што трэнер проста даў вучню Аляксандру мяч і папрасіў шпульнуць яго ў сцяну спартыўнай залы.
Той і шпульнуў. Са столі густа пасыпалася тынкоўка. У хуткім часе Тучкіна сустракалі ў мінскім СКА — найлепшым гандбольным клубе Савецкага Саюза.

Аляксандр Тучкін (на пярэднім плане). Фота handballfast.com

Аляксандр Тучкін (на пярэднім плане). Фота handballfast.com

Цікава, што да таго, як аказацца ў знакамітым спорткомплексе ва Уруччы, Аляксандр паспеў папрацаваць аператарам на Бабруйскім малочным заводзе.
Далей — суцэльная песня. Пачаўшы займацца гандболам у 17 гадоў, Аляксандр у выніку вырас у зорку сусветнага ручнога мяча і аднаго з найлепшых пазсярэдніх планеты. Двухразовы алімпійскі чэмпіён, трохразовы ўладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў — яго дасягненні цяжка пералічыць. А іх вытокі — вось шчаслівы выпадак — у той бабруйскай тынкоўцы і ў тым пільным трэнеры, які зразумеў, што такі талент не мусіць прапасці.
Такія гісторыі вельмі любяць журналісты, аднак бацькам на выпадак усё ж разлічваць не варта.
Паўторымся: універсальнай рэцэптуры тут няма, акрамя хіба што адметных прыродных даных. Зразумела, што калі хлопчыку Бог даў высокі рост, то яго трэба паказаць трэнерам па баскетболе, гандболе ці валейболе. Калі дзяўчынка гнуткая і танклявая, не будзе залішнім зайсці ў залу па мастацкай гімнастыцы. Тыя ці іншыя базавыя даныя характэрныя для ўсялякіх відаў — ад веславання і штангі да бегу і кідання молату.
Але што ў другім прыбліжэнні? Вось гэта ўжо — ураўненне з многімі невядомымі. І адпаведна, з цэлым комплексам захадаў. Па-першае, варта надаць увагу агульнаму фізічнаму выхаванню. Па-другое, пільна сачыць, да чаго мае цягу само дзіця. Па-трэцяе, паразмаўляць са спецыялістамі з розных відаў. І галоўнае — не спяшацца. Памятаць, што сапраўдныя таленты могуць афармляцца і ў 8, і 10, і 12 гадоў.

Суправаджэнне. Як удзельнічаць у яго сталенні?

Калі ваш «нашчадак» метадам спроб і памылак нарэшце вызначыўся з відам спорта, то тут бацькам ужо фактычна прыйдзецца прыняць новую рэальнасць. Прынамсі, унутрана пагадзіцца з думкай, што ў жыцці дзіцяці з’явіўся яшчэ адзін важны чалавек. Цяпер гэта не толькі мама і тата, але і трэнер. Спецыяліст, які лепш за вас ведае, што юнаму спартоўцу патрэбна ў дадзены момант і што будзе патрэбна надалей. Настаўнік, у чыю працу лепш не ўмешвацца, бо будзе толькі горш.
Так, гэта бывае цяжка, але гэта — аксіёма. Вы ж не вучыце, як выкладаць, школьных фізіка, матэматыка ці «беларусіцу». То не вучыце і трэнера, паводле якой схемы гуляць у футбол і як інтэграваць у гэтую схему вашага сына.

8603_one_max.jpg

Насамрэч, гэта вялікая праблема. Пагаварыце па душах з любым дзіцячым футбольным трэнерам — і ён распавядзе, як бацькі і асабліва бацькі імкнуцца часам даказаць, што іх хлопец лепшы за вунь таго і заслугоўвае большага часу на полі падчас кантрольнага спарынгу.
Футбольнае поле — не класны пакой, дзе можна адасобіцца ад старонніх. Трэніроўку лёгка наведаць, і бацькі гэта робяць — і, бывае, іх гучныя галасы чуваць лепей, чым трэнерскі. Некаторыя клубы спрабавалі адгароджвацца і забараняць мамам-татам прысутнічать на занятках. Тады тыя ішлі да журналістаў і скардзіліся, маўляў, так добрыя справы не робяцца.
Адсюль першае правіла — давярайце свайму трэнеру. Асабліва, калі ў яго добрая рэпутацыя і паспяховыя кейсы. Пры адсутнасці даверу лепш адразу развітацца, бо ў адваротным выпадку будзе толькі горш і ў першую чаргу — юнаму спартоўцу.
Правіла другое — размеркаваўшы такім чынам паўнамоцтвы, варта засяродзіцца строга на адміністратыўных функцыях. Вазіць будучую зорку спорта на трэніроўкі, ахвяруючы ўласным часам (у ЗША датычна футбола ёсць адмысловы тэрмін «soccer mom»). Забяспечваць інвентаром і аплочваць зборы і турніры (гэта патрабуе нямалых выдаткаў, але ж за ўсё трэба плаціць). Размаўляць з трэнерам як з аўтарытэтнай апошняй інстанцыяй — і выконваць яго рэкамендацыі для «пазакласнай» працы.
І вычарпальна разумець: з кожным годам роля бацькоў у спартыўным сталенні дзіцяці будзе няўхільна змяншацца. Пакуль не сыдзе да нуля, і тады вам застанецца толькі адно — быць адданым заўзятарам свайму маленькаму атлету.

Дапамога. Якія якасці ў дзіцяці выхоўваць?

Спорт — гэта не толькі спаборніцтвы, поўныя трыбуны і фанфары ў дні буйных перамог. Спорт — гэта цяжкая, катаржная праца, без якой не будзе анічога.
За кожным слэм-данкам у баскетболе, за кожнай бісіклетай у футболе і за кожным свінгам у боксе — літаральна гады зацятых трэніровак, літры пралітага поту і адчай крытычна знясіленага арганізма. Ператамленне, траўмы, хваробы. Вядомую прыказку «вялікі спорт здароўя не дадае» атлеты спасцігаюць з дзяцінства. Некаторыя віды — найперш мастацкая гімнастыка — дзяцінства ўвогуле забіраюць, бо чатыры гадзіны штодзённа ў зале — надта адчувальная ахвяра для вучаніцы восьмага ці дзявятага класа.
Крышціяну Раналду ў 36 гадоў застаецца адным з лепшых футбалістаў свету — і гэта гісторыя не толькі пра талент. Гэта — пра неверагодную працаздольнасць знакамітага партугальца, аб якой ужо ходзяць легенды. У Вікіпедыі ёсць асобная старонка, дзе пералічваюцца ўсе тытулы і дасягненні КрыРо, але нават пяць «Залатых мячоў» не прымусць яго адмовіцца ад звыклага ладу жыцця. А там — суцэльныя трэніроўкі. З камандай, з персанальным фітнэс-трэнерам, у адзіноце — і з самаахвярным куражом, які аднойчы ператварыў сына шматдзетнай маці-кухаркі з Мадэйры ў найвялікшага гульца сучаснасці.

Крышціяну Раналду і дзеці

Крышціяну Раналду і дзеці

Лепшы футбаліст сучаснай Беларусі Аляксандр Глеб у праграмных інтэрв’ю заўсёды з цеплынёй узгадвае нямецкага трэнера Фелікса Магата. Яны пазнаёміліся ў «Штутгарце», куды хударлявы беларускі паўабаронца прыехаў 19-гадовым і зусім кволым. Але ўжо праз год беларус стаў адным з ключавых гульцоў швабскай каманды — і ці не ў першую чаргу гэта быў вынік катавальных трэніровак галоўнага трэнера. Магат не шкадаваў футбалістаў, ганяў іх да знямогі і на тым здабыў сабе імя і дзве вельмі паказальныя мянушкі — Жалезны Фелікс і Садам. Здабыў ён і будучыню сваім выхаванцам, уключаючы Глеба, які ўрэшце дарос да лонданскага «Арсенала» і «Барселоны».

Аляксандр Глеб і Фелікс Магат

Аляксандр Глеб і Фелікс Магат

Такіх гісторый вялікі спорт ведае цэлую процьму. Тыцні ў любога чэмпіёна, і ён табе ахвотна распавядзе, як яго ванітавала падчас аэробных нагрузак у тыднёвым цыкле. І як потым на спаборніцтвах выраслі крылы і прынеслі да перамогі.
«Дык нам што з таго?» — можа запытацца хтосьці з бацькоў. Ну, хаця б тое, што гэты патагонны выварат спорту варта для пачатку прыняць і асэнсаваць. А потым — назіраць за тым, наколькі гатовае да працы ваша дзіця. Добра будзе, калі яно дысцыплінавана выконвае ўсе трэнерскія заданні. Яшчэ лепш — калі не цураецца папрактыкавацца ў вольны час. Ідэальны выпадак, калі ў вашай сям’і падрастае сапраўдны фанат абранага віду.
У футболе пра такіх кажуць — «ночыць з мячом». У хакеі — «спіць у каньках». А наогул любоў да справы спараджае імпэт, з якім славутае «правіла 10000 гадзін» выконваецца непрыкметна і нават з задавальненнем.Калі ж выпадак будзе адваротным, і дзіця пачне ленавацца, гэта вельмі кепскі знак. І бацькоўскі прымус тут анічога не вырашыць, бо з-пад палкі чэмпіёнам не становяцца. А на адным таленце далёка не заедзеш. Нават калі аднаразова пашанцуе і лёс падкіне авансам вялікі куш, шчасце хутчэй за ўсё не будзе доўгім — спытайце ў барысаўскага штангіста-самародка Андрэя Арамнава, які ў 20 год стаў алімпійскім чэмпіёнам, а пасля так больш нічога вартага і не выйграў.
Карацей, калі ўжо на дзіцяча-юнацкім узроўні маленькі спартовец «уключае гультая» і любіць сачкануць, шанцы, што з яго вырасце выбітны пераможца, рэзка зніжаюцца. Альбо ўвогуле імкнуцца да нуля. То, можа, лепш не марнаваць час і заняцца філатэліяй.

Перасцярога. Чаго не варта рабіць бацькам?

Век цяпер цынічны, і, аддаючы дзіця ў спартыўную секцыю, бацькі часта не хаваюць спажывецкага матыву. Маўляў, наш сын/дачка апрыёры таленавіты, і трэнер проста абавязаны зрабіць з яго/яе галактычнага чэмпіёна. На тое ён і спецыяліст, на тое мы і паступаем у лепшую спартыўную школу горада — і, калі што, то ніякіх грошай дзеля поспеху не пашкадуем.
Такі падыход даволі распаўсюджаны — і ён ёсць вялікая памылка.
Завышаныя чаканні — роўна тое, ад чаго трэба рашуча пазбавіцца ўжо на самым пачатку. Завышаныя чаканні — гэта залішнія перажыванні, фрустрацыі на пустым месцы і шкода, якую вы ўсвядоміце, калі будзе позна.
Варта ведаць бранябойную ісціну: на рэальна вялікую арбіту падымаюцца адзінкі з сотняў і тысячаў юных спартоўцаў. На кожнага такога шчасліўчыка прыходзяцца сотні і тысячы тых, каго адсеяў натуральны адбор, выкінулі пад адхон абставіны і акалічнасці рознага кшталту. Што важна: святло ў канцы тунэлю можна згаснуць знянацку — і ў 14, і ў 18, і нават ў 22 гады, калі здаецца, што ты ўжо абыйшоў усе падводныя камяні і саспеў для вялікіх здзяйсненняў.
Да гэтага патрэбна быць падрыхтаваным. І жорсткі прысуд успрыняць лёгка, свабодна і з усмешкай. Не ўсім наканавана прабіцца ў прафесійным спорце, то ў выпадку вашага дзіцяці хай ён так і застанецца аматарскім — у выглядзе захапляльнага і карыснага хобі.

1__1__25.jpg


Аптымізм. Чаму прайграўшых тут не бывае?


З папярэдняга параграфу выцякае фінальны. Дапусцім, што са спортам у вашага ўлюбёнца не зраслося. Патрачана шмат часу і яшчэ больш грошай. Згубленыя надзеі і планы, мара знікла і спарадзіла ментальную пустэчу.
Не бяда, вышэй нос. Усё было недарма. Доўгія трэніроўкі ўсё роўна прынеслі плён.
Замест вялікага спорту з вашым дзіцем застанецца маленькі. Застанецца фізічная і маральная загартоўка. Досвед існавання ў жорсткім канкурэнтным асяроддзі. Пашыраны кругагляд — асабліва, калі ўдалося дарасці да міжнародных збораў і пабачыць свет. Новыя сябры — з якімі застанецца непарыўная сувязь. І, канешне, цэлае мора ўспамінаў, уражанняў і цікавых гісторый.
Мала хто, каму кар’ера не ўдалася, шкадуе аб тым, што аднойчы пераступіў парог спартыўнай залы. Наадварот — здабыткі шматкроць пераважваюць выдаткі. А занятак у жыцці яшчэ не позна абраць і іншы. І рушыць у новым кірунку з цудоўным разуменнем таго, што здаровы лад жыцця будзе тут добрым спадарожнікам.
Займайцеся спортам.