Беларускі кандыдат, які хацеў узначаліць Міжнародную федэрацыю хакея, пакідае хакей

Беларускі функцыянер Сяргей Ганчароў заявіў, што сыходзіць з хакея. Раней ён вылучаў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF), аднак не атрымаў гэтае месца.

honcz_1_1.jpeg


«Сыходжу па асабістых прычынах. Сыходжу і з IIHF, і з хакея. Жыццё занадта кароткае, хочацца пажыць. Думаю, буду адпачываць бліжэйшыя паўгода–год», — цытуе Ганчарова РІА «Новости».

Сяргей Ганчароў — намеснік старшыні Федэрацыі хакея Беларусі і чалец Рады (галоўнага выканаўчага органа) Міжнароднай федэрацыі хакея. У арганізацыі ў яго было рэнамэ лабіста, ён прывёз у Беларусь два чэмпіянаты свету па хакеі (праўда, турнір 2021 года ў выніку прайшоў толькі ў Латвіі).

Ганчароў меў шанцы ўзначаліць Міжнародную федэрацыю хакея, аднак яго кандыдатура адсеялася ў трэцім туры выбараў. Па выніках кангрэса 25 верасня новым прэзідэнтам федэрацыі абралі француза Люка Тардзіфа. Раней гэты пост займаў швейцарац Рэне Фазель.

Былі чуткі, што Ганчароў можа ўзначаліць Беларускую федэрацыю хакея — месца кіраўніка там застаецца вакантным пасля скандальнага сыходу Дзмітрыя Баскава. Аднак калі ён пакідае хакей увогуле…