Падчас матча ЧС у Катары на поле выбег мужчына з вясёлкавым сцягам і надпісам у падтрымку Украіны (фота)
Да апошняга матча другога тура групавога этапу ЧС-2022 Партугалія — Уругвай усе матчы абыходзіліся без скандалаў, звязаных з пранікненнем заўзятараў на поле. І ўсё-ткі інцыдэнт здарыўся, адзначае Sports.ru.
На 51-й хвіліне гульні Партугалія — Уругвай на газон
вырваўся мужчына з вясёлкавым сцягам. Прабегшы за цэнтральны круг, ён кінуў
сцяг на траву (неўзабаве яго падняў арбітр).
Самога заўзятара павалілі на полі двое вельмі хуткіх
ахоўнікаў. Яны адвялі яго ў падтрыбуннае памяшканне (напэўна, яму пагражае
нейкае пакаранне).
Заўзятар быў у футболцы Супермэна.
Таксама на спіне быў надрукаваны надпіс «Respect for Iranian
Women», а на грудзях — «Save Ukraine».
Праз некаторы час стала вядома, хто гэта. Гэта італьянец
Марыа Фэры, які ўжо выбягаў на поле больш за 10 разоў за кар'еру. Самыя
рэзанансныя выпадкі:
у паўфінале ЧС-2010 паміж Іспаніяй і Германіяй — з
вувузелай і ў футболцы з надпісам «Касана ў зборную!»;
у фінале клубнага ЧС-2010 у Абу-Дабі — яго затрымалі і
выслалі ў Італію;
на матчы ЧС-2014 Аргенціна — ЗША;
на матчы «Напалі» — «Ювентус» у 2017 годзе.
Ён выбягаў з рознымі пасланнямі — ад «Мір ва ўсім свеце» да
«Выратуйце дзяцей у фавелах».
У сакавіку 2022-га Фэры (ён яшчэ і футбаліст,
звязаны кантрактам з клубам «Юнайтэд Спортс Клаб» з Індыі) паехаў на мяжу
Польшчы і Украіны падчас паўзы ў чэмпіянаце. Ён працаваў валанцёрам,
дапамагаючы бежанцам. Ён арандаваў аўтамабіль і вазіў жанчын і дзяцей у
польскія гарады (адзін раз вёз жанчыну і яе сына ў Варшаву 15 гадзін).