У пасольстве Украіны ў Мадрыдзе адбыўся тэракт. Выбухоўка прыйшла па пошце

У пасольстве Украіны ў Мадрыдзе (Іспанія) адбыўся выбух падчас агляду дасланага канверта. Камендант пасольства атрымаў нязначныя раненні, паведаміў спікер Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


У пасольства Украіны ў Іспаніі паступіў канверт. Пры аглядзе канверт выбухнуў у руках каменданта. Камендант атрымаў нязначныя раненні, цяпер ён шпіталізаваны, яму аказваецца неабходная медыцынская дапамога. Пагрозы яго жыццю няма.

Астатнія супрацоўнікі амбасады не пацярпелі.

Нікаленка адзначыў, што міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба даручыў тэрмінова ўзмацніць бяспеку ўсіх украінскіх пасольстваў за мяжой.

Ён таксама звярнуўся да свайго іспанскага калегі з заклікам прыняць тэрміновыя меры для расследавання нападу на ўкраінскую дыпустанову. На месцы ўжо працуюць іспанскія праваахоўнікі і піратэхнічныя службы, распавёў ён.

Са слоў прадстаўніка МЗС, міністр таксама падкрэсліў, што хто б ні стаяў за арганізацыяй гэтага выбуху, ім не ўдасца запалохаць украінскіх дыпламатаў або спыніць іх штодзённую працу над умацаваннем Украіны і процідзеяннем расійскай агрэсіі.

Раней іспанскія СМІ паведамілі аб выбуху ў пасольстве Украіны ў Мадрыдзе. Супрацоўнік дыпведамства адкрыў канверт, у якім была мініяцюрная выбуховая прылада. Мясцовая паліцыя актывавала антытэрарыстычны пратакол і ачапіла тэрыторыю.

Паводле «Карэспандэнт», РБК-Украіна