Праз намер БТ скрасці трансляцыі Еўра УЕФА можа пакінуць без грошай футбольныя клубы і АБФФ
Пасля лютага 2022 года так званая «Белтэлерадыёкампанія» (па факце – холдынг, які займаецца прапагандай у інтарэсах рэжыму Лукашэнкі) знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу краін. Прычына — вайна супраць Украіны, якую Расія вядзе пры падтрымцы лукашыстаў. Калі санкцыі ўвяла і Швейцарыя, у чыёй юрысдыкцыі знаходзяцца ФІФА і УЕФА, гэтыя футбольныя арганізацыі забаранілі тэлерадыёкампаніі паказваць топ-турніры, правамі на якія яны валодаюць.
Аднак рэжымных чынушаў гэта не палохае. Яны хочуць паказаць чэмпіянат Еўропы па футболе-2024, нягледзячы на забарону праваўладальніка. Падобны «трук» ужо здзяйсняўся, аднак на гэты раз, паводле інфармацыі «Трыбуны», ён можа мець сурʼёзныя наступствы. Няхай нават не для БТРК.
Яшчэ ў студзені 2023 года лукашысты прынялі нешта, што называюць законам, — «Аб абмежаванні выключных правоў на абʼекты інтэлектуальнай уласнасці». Дакумент, які ўхваліў і падпісаў дыктатар, прадугледжвае стварэнне спіса абʼектаў інтэлектуальнай уласнасці, якія належаць праваўладальнікам з недружалюбных, на думку лукашыстаў, краін, і якія можна выкарыстоўваць без дазволу гэтых праваўладальнікаў.
Так званаму Міністэрству інфармацыі Лукашэнкі дазволена папаўняць гэты спіс, калі праваўладальнік з «замежнай дзяржавы, якая здзяйсняе недружалюбныя дзеянні», забараніў ці не дазволіў трансляцыю, аднак яна неабходная для «стварэння ўмоў для павышэння ўзроўню інфармацыйнай бяспекі», «развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства» або «забеспячэння доступу да дасягненняў сусветнай культуры і падзей сучаснага жыцця».
Так у Беларусі ўжо «дазволілі» трансляваць чэмпіянат Еўропы па футболе, які пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў Германіі. УЕФА ж на гэта дазволу не даваў.
Адзін футбольны турнір лукашысты ўжо «запірацілі». Гаворка пра чэмпіянат свету па пляжным футболе, які праходзіў у лютым гэтага года. Яго паказалі на рэжымным ТБ, не атрымаўшы дазволу ў праваўладальніка, якім зʼяўляўся ФІФА.
Што тычыцца Еўра-2024, то і яго паказ пакуль плануецца на канале «Беларусь 5». Гэта пацвердзілі некалькі не звязаных адна з адной крыніц на БТРК. Колькі хочуць скрасці матчаў, у запісе ці ў прамым эфіры, — гэтыя дэталі пакуль невядомыя.
Пры гэтым 6 верасня 2023 года старшыня тэлерадыёкампаніі прапагандыст Іван Эйсмант казаў, што «пра чэмпіянат Еўропы пакуль не думалі, але, мне здаецца, не будзем паказваць, пакуль размоваў пра гэта няма». Падобна, што афіцыйны дазвол заняцца пірацтвам скарэктаваў гэтую пазіцыю.
Аднак узнікла праблема. Ва УЕФА звярнулі ўвагу на вольнае стаўленне лукашыстаў да аўтарскага права і вырашылі дзейнічаць на апярэджанне. Паводле наяўных звестак, паміж БТРК і УЕФА вядзецца перапіска наконт Еўра-2024, у якой футбольны саюз папярэджвае прапагандыстаў пра намер бараніць сваю інтэлектуальную ўласнасць. Ва ўмовах беззаконня, якое сёння пануе ў Беларусі, лукашэнкаўскія тэлевізіёншчыкі маглі б спакойна пасмейвацца з пагроз еўрапейскіх структур, аднак ва УЕФА абяцаюць несіметрычны адказ — пагражаюць ужыць санкцыі да АБФФ і беларускіх удзельнікаў еўракубкаў.
Калі лукашэнкаўскае ТБ усё ж пакажа чэмпіянат Еўропы, УЕФА пакідае за сабой права пазбавіць усіх выплат клубы, якія будуць гуляць у еўракубкавай кампаніі-2024/25. Мінскае «Дынама» стартуе ў Лізе чэмпіёнаў, «Нёман», «Тарпеда-БелАЗ» і «Іслач» — у Лізе канферэнцый.
Звычайна беларускія клубы сурʼёзна разлічваюць на еўракубкавыя грошы. Усё ж гэта адна з рэальных магчымасцяў зарабіць самастойна, а не выпрошваць фінансаванне з рэжымнага бюджэту. Напрыклад, у кампаніі-2022/23 Салігорск зарабіў 1 мільён еўра, мінскае «Дынама» — 550 тысяч, БАТЭ — 500 тысяч. І гэта з улікам таго, што ніхто з іх і блізка не падабраўся да групавога раўнда. Увогуле штогод клубы з Беларусі зарабляюць з дапамогай УЕФА 1,5-2 мільёны еўра.
Таксама, паводле звестак партала, вялікая верагоднасць, што ў выпадку рэжымнага пірацтва ўсіх грошай ад УЕФА пазбавіцца і Беларуская федэрацыя футбола, а гэтыя паступленні якраз і складаюць аснову бюджэту. Штогод ад еўрапейцаў на рахунак АБФФ прыходзіць прыкладна 10 мільёнаў еўра.
Ва УЕФА прапанавалі лукашэнкаўскай тэлерадыёкампаніі
падумаць аб наступствах калі не для сябе, то для іншых. Аднак рэжымшчыкі далёка
не заўсёды кіруюцца агульнапрынятым здаровым сэнсам.