Жарсці па футболе: як сельгаснік і палкоўнік АБФФ не могуць падзяліць

На чыноўніцкай вярхушцы беларускага футбола ніяк не разыдуцца хмары. Кадравыя перастаноўкі не толькі не вырашаюць праблем, але і, здаецца, ствараюць новыя.

Ілюстрацыя: Midjourney

Ілюстрацыя: Midjourney


22 сакавіка ў АБФФ змянілася кіраўніцтва: замест палкоўніка Уладзіміра Базанава на пасаду старшыні заступіў былы жывёлавод і экс-губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў. І калі перад выбарамі функцыянер быў актыўным у СМІ, шчодра раздаваў інтэрв'ю прапагандыстам, то пасля прызначэння сышоў у цень.

«Тр*буна» даведалася, як змянілася (і ці змянілася) жыццё ў Доме футбола за месяц пры Шарснёве і чым ён наогул цяпер заняты.

Чым Шарснёў ужо вызначыўся на пасадзе старшыні?

Адразу пасля абрання Шарснёў прызнаўся, што радасці ад перамен у кар'еры не адчувае, таму што «няма часу на разбег, усе ўжо стаміліся чакаць вынікаў ад беларускага футбола. Нам патрэбныя перамены». Прайшоў тыдзень (вынікі белфутбола стамілі яшчэ больш, бо зборная ў гонар новага кіраўніка паспела прайграць яшчэ двойчы) — і прагучалі новыя словы пра мэты і задачы.

— Мне застаецца зрабіць так, каб АБФФ была адкрытай для спартсменаў, трэнерскага складу, каб усе пытанні і прапановы ўносіліся, а мы іх зразумелі і рэалізавалі. Шкілет праблем ужо ёсць. Трэба проста знайсці рашэнні. Нават сёння прапанаваны варыянты рашэнняў па многіх пытаннях. Трэба гэта сакумуляваць, параіцца з прафесіяналамі, — сказаў Шарснёў.

Сёння функцыянера можна заўважыць на матчах чэмпіянату Беларусі. Праўда, у асноўным у межах Мінска. Хаця на галоўны матч вясны ў Барысаў, дзе гулялі БАТЭ і сталічнае «Дынама», ён таксама даехаў і «сціпла стаяў на версе трыбун». Паводле слоў відавочцаў, ездзіць на стадыёны Шарснёў разам са сваім першым намеснікам Андрэем Васілевічам.

На пачатку красавіка прызначэнец ад рэжыму ў футбол наведаў таварыскі матч жаночых зборных Беларусі і Расіі на стадыёне ФК «Мінск». Там яму кампанію склаў Базанаў, які пасля перамен стаў намеснікам і адказным за жаночы футбол.


11 красавіка Шарснёў наведаў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе прайшла дзелавая сустрэча па тэме «Падрыхтоўка трэнерскіх кадраў па футболе». На мерапрыемстве прысутнічалі таксама дырэктар тэхцэнтра АБФФ Дзмітрый Касянок, першы намеснік Шарснёва Васілевіч і дырэктар футбольнага «Віцебска» Мікалай Вайцюхоўскі.

А што адбываецца ў Доме футбола?

Як расказваюць крыніцы «Тр*буны», кардынальных перамен у АБФФ пасля справаздачна-выбарчай канферэнцыі не адбылося, хаця зафіксаваныя некаторыя змены ў лакацыі функцыянераў: напрыклад, Базанаў пераехаў у разы меншы кабінет, чым той, які ён займаў, калі быў старшынёй.

Шарснёў у сценах Дома футбола праводзіць дастаткова шмат часу. Прыязджае ад самага ранку і накіроўваецца ў свой кабінет, дзе сядзіць практычна невылазна. Гэта значыць, выпадкова сустрэць яго ў калідоры АБФФ цяжка. Як адзначаюць суразмоўцы выдання, «ідзе актыўнае ўкараненне Шарснёва ў зусім новую для яго сферу дзейнасці». Дапамагае ў гэтым Васілевіч.

Адзначым, што малады функцыянер нядаўна афіцыйна ўсё ж сышоў з пасады кіраўніка «Мінска». Цяпер справамі клуба кіруе намеснік старшыні па асноўнай дзейнасці Аляксей Сытаў. Ну а экс-кіраўнік «Мінска» цалкам сканцэнтраваны на справах АБФФ і большую частку часу праводзіць побач з Шарснёвым.

І зноў да пытання лакацый. Верхавіны — на апошні, трэці паверх Дома футбола зараз насяляюць толькі сам Шарснёў і яго першы намеснік. Раней адзін вялікі кабінет дзялілі Міхаіл Ботнікаў і Юрый Вяргейчык. Але пасля перастановак Ботнікава перасялілі на другі паверх у меншы кабінет, Вяргейчык кіруе Федэрацыяй футбола Мінска ў сваім памяшканні, а вось Васілевічу пакінулі ўвесь кабінет, які дзялілі Ботнікаў і Вяргейчык. Насупраць — дзверы Шарснёва.

Адной з першачарговых задач, якую абазначыў сабе Шарснёў, стала ўкараненне футбола ў школах. Паводле інфармацыі «Тр*буны», кіраўнік АБФФ актыўна, у тым ліку са сваім першым намеснікам, прапрацоўвае праграму «ўрока футбола» ва ўстановах адукацыі, каб потым унесці прапановы чыноўнікам. На якім этапе працэс, пакуль невядома.

Таксама ўдалося даведацца, як Шарснёў ставіцца да сітуацыі з «непажаданымі» футбалістамі. Паводле звестак крыніц, пазіцыя новага кіраўніка АБФФ адрозніваецца ад той, якой трымаецца Мінспорту Лукашэнкі. Так званы міністр Сяргей Кавальчук па-ранейшаму хоча прапусціць футбалістаў, якія, на яго думку, «не за ўладу», праз камісію і толькі пасля гэтага прымаць рашэнне пра вяртанне. Шарснёў жа, наадварот, хоча, каб гэтая камісія не праводзілася і футбалісты спакойна вярнуліся ў чэмпіянат. Як кажуць суразмоўцы «Тр*буны», старшыня АБФФ не лічыць «парушэнні» спартсменаў, якія выступілі супраць гвалту, настолькі сур'ёзнымі, каб адлучаць іх ад працы і ладзіць ідэалагічныя праверкі. Цяпер Шарснёў рыхтуецца да сустрэчы з Кавальчуком, каб унесці свае прапановы па гэтым пытанні. Але не факт, што гэта зменіць сiтуацыю.


Што тычыцца скандалаў з дамоўнымі матчамі і паядынкамі, дзе нібыта мела месца фінансавае стымуляванне клубаў «Шахцёрам», то вярхушка АБФФ сапраўды пакуль не мае гатовага рашэння — усе чакаюць дэталёвай інфармацыі ад лукашэнкаўскіх сілавікоў (некаторыя кажуць, што яна можа з'явіцца да канца красавіка).

Змены ў АБФФ яшчэ магчымыя

Можна падумаць, што ўсе перамены ў вярхушцы федэрацыі адбыліся 22 сакавіка. Былі прызначаны намеснікі Шарснёва, грунтоўна перакроілі выканкам. Аднак можна чакаць і іншых перастановак, праўда, не вясной.

Практычна адразу пасля прызначэння Шарснёў абвясціў супрацоўнікам федэрацыі, што ў бліжэйшыя пару месяцаў чапаць нікога не будзе. Маўляў, патрэбны час прыгледзецца да ўсіх, зразумець, як і хто працуе, а ўжо на пачатку лета могуць быць рашэнні.

Адзначым, што такі падыход, напэўна, задавальняе генеральнага сакратара АБФФ Сяргея Жардзецкага. Функцыянер заняў пасаду 27 жніўня 2019 года і, паводле слоў крыніц з футбольных колаў, быў ледзь не адзіным чалавекам у кіруючым складзе федэрацыі, хто хоць нешта рабіў і стараўся працаваць. Незадоўга да справаздачна-выбарнай канферэнцыі АБФФ з'явілася інфармацыя, што Жардзецкага заменяць — кандыдатам на пасаду называлі прэс-аташэ федэрацыі Аляксандра Алейніка. Таксама генеральным сакратаром прапаноўвалі стаць Аляксандру Глебу. Аднак экс-футбаліст палічыў за лепшае проста ўвайсці ў склад выканкама.

Жардзецкі застаўся на сваім месцы, і, як кажуць відавочцы, ад яго ўпадніцкага настрою, які назіраўся напярэдадні канферэнцыі, не засталося і следу. Функцыянер працягвае працаваць на звыклай пасадзе.

Хто ў найбліжэйшыя месяцы можа сысці з пасады, дык гэта кіраўнік дэпартамента судзейства і інспектавання Франц Ляцяга. Яго прызначалі яшчэ пры Базанаве, а пры новым кіраўніцтве функцыянер не ў фаворы. Ляцяга застаецца кіраўніком дэпартамента фармальна, напрыклад, ставіць подпіс у патрэбных дакументах. Судзейскімі ж справамі фактычна кіруе Васілевіч. Ён сочыць за тым, каго і на якія матчы ставяць, і можа карэктаваць прызначэнні ў адпаведнасці са сваім меркаваннем. Па сутнасці, за Васілевічам апошняе слова пры прызначэнні арбітраў — Шарснёў у гэты працэс не лезе. Як кажуць суразмоўцы са свету футбола, калі Ляцягу прыбяруць, Васілевіч наўрад ці ўзначаліць дэпартамент, але туды прыйдзе, хутчэй за ўсё, нехта «свой» — каго прывядзе першы намеснік старшыні АБФФ.

Ну а яшчэ ў Доме футбола актыўна ходзяць размовы пра тое, што пасаду намесніка пакіне Базанаў. Так, месца хлебнае, працы няшмат, аднак ёсць нюансы.

Па-першае, усім у АБФФ заўважна, як паніжэнне ўдарыла па амбіцыях палкоўніка. Базанаў увесь час не ў гуморы, раздражняльны з калегамі і недвухсэнсоўна ў прыватных размовах даваў зразумець, што пасля пасады кіраўніка яму некамфортна быць звычайным намеснікам. Прычым такім намеснікам, з якім нават не раяцца. Шарснёў пераважна вырашае пытанні з Васілевічам, а Базанаў аказаўся на другіх ролях.


Па-другое, усё гэта прывяло да напружання ва ўзаемаадносінах Базанава і Шарснёва. Як адзначаюць журналісты, паміж функцыянерамі нядаўна нават здарыўся невялікі канфлікт. Пры назначэнні суддзяў на матч БАТЭ — «Дынама-Мінск» стаўка была зробленая на Аляксея Кульбакова. Гэта не спадабалася Базанаву: ён хацеў, каб паядынак абслугоўваў іншы гамяльчук — Амін Кургхелі. Пра тое ён і сказаў кіраўніцтву. Але праблема ў тым, што Кургхелі па выніках паядынку другога тура БАТЭ — «Энергетык-БДУ» (1:1) атрымаў нездавальняючую адзнаку (наверсе палічылі пенальці на карысць БАТЭ неправамерным) і пазбавіўся магчымасці абслугоўваць некалькі наступных матчаў эліты. Базанаў жа лічыў, што варта зменшыць пакаранне Кургхелі і прызначыць таго на матч. Чаму ён так выступаў за суддзю, невядома.

Так ці інакш, прапанова былога старшыні АБФФ была адхіленая. Да размовы на павышаных тонах справа не дайшла, але Базанаву ў чарговы раз далі зразумець, што яго меркаванне ў Доме футбола калі і кватуецца, то не вельмі высока. Паводле слоў назіральнікаў, гэта таксама ўдарыла па самалюбстве былога кіраўніка АБФФ.