2018. Ад хворага Пуціна да бліцкрыгу марсіянаў

Які Новы год без прадказанняў будучыні? Аўтары гэтых твораў часам папросту шакуюць. Як заўсёды, не абышлося без іншапланецян, Пуціна і краху Злучаных Штатаў. Прапануем дайджэст самых незвычайных прагнозаў на бліжэйшы год.

ufo_aliens.jpg

Лагічна пачаць з вялікай палітыкі. У спектры прагнозаў на гэты конт можна вылучыць Святлану Драган, якая чакае ў будучым годзе ўстанаўлення дыктатур у большасці краінаў свету. Гісторык Анатоль Блахін мяркуе, што ў 2018-м Еўрасаюз пяройдзе да мадэлі «крэпасць у аблозе» для абароны ад мігрантаў-мусульман. Цікавымі могуць падацца і прагнозы, зробленыя ў свой час амерыканскім містыкам і медыумам Эдгарам Кейсі. Прарок прадказваў, што ў ЗША можа адбыцца путч. Казахскі медыум Вера Ліён бачыць дэструктыўныя працэсы ў NATO, і нават магчымы канфлікт паміж ЗША і ФРГ. Мае сэнс згадаць і амерыканца Дэніёна Брынклі, які не выключае, што ў ЗША распачнецца масавы голад.

А вось Ванга чакала ў 2018-м рэзкі ўзлёт магутнасці Кітаю. Пакуль цяжка зразумець, за кошт якіх фактараў адбудзецца той якасны скачок. Зрэшты, усе цяперашнія геапалітычныя прагнозы Вангі — гэта не яе словы, а пераказ людзей, якія нібыта мелі зносіны з памерлай. Гэтыя ж людзі кажуць, што Ванга абяцала ў 2018-м пачатак каланізацыі Венеры.

Што да рэгіянальнага ўзроўню, то тут сваю ролю адыгрывае гістарычны каляндар. Прынамсі, так думае ўкраінскі палітолаг Сяргей Дацук. Ён упэўнены, што каталізатарам міжнароднай дэстабілізацыі выступіць стогадовы юбілей заканчэння Першай сусветнай вайны. Гадавіна выкліча ўздым рэваншысцкіх настрояў, напрыклад, у Венгрыі, якая па выніках вайны страціла больш за палову сваёй тэрыторыі. На думку палітолага, у наэлектрызаванай грамадскай атмасферы Будапешт можа рашыцца на небяспечную авантуру — паспрабуе далучыць тую частку ўкраінскага Закарпацця, дзе жывуць этнічныя венгры. Варта таксама чакаць неадэкватных палітычных захадаў ад Румыніі ў сувязі са стагоддзем анексіі Бесарабіі.

Што тычыцца прагнозаў наконт самой Украіны, то тут практычна ўсе згаджаюцца, што ў 2018 годзе пачнецца абвастрэнне існуючага палітычнага крызісу. А вось агульнага меркавання наконт развязкі супрацьстаяння няма. Найбольш арыгінальны варыянт прапануе Павел Глоба. Ён прадказвае ўваходжанне Украіны ў нейкі Усходнееўрапейскі Саюз, кіраваць якім будзе Расія. Зрэшты, пасля таго, як у 2010-м Глоба прадказаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне Юліі Цімашэнка, яго прагнозы асабліва не каціруюцца.

Сярод іншых украінскіх «касандраў» трэба адзначыць Улада Роса, якому бачыцца, як у 2018-м Крым стане часткай... Турцыі. А вось астролаг Валер Маскавічэнка ўпэўнены, што сітуацыя ва Украіне нармалізуецца з-за сур’ёзнага пагаршэння здароўя Пуціна. Пасля гэтага Расія будзе занадта занятая ўнутранымі праблемамі, каб адцягвацца на знешнепалітычныя аспекты — у тым ліку і ва Украіне.

Зрэшты, ёсць і іншыя меркаванні наконт бліжэйшай будучыні Расіі. Расійскі эканаміст Міхаіл Хазін мяркуе, што пасля прэзідэнцкай інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна ў наступным маі Федэрацыя канчаткова адмовіцца ад мадэлі ліберальнай эканомікі і пачне будаваць свой варыянт «чучхэ». Выбару на карысць пошуку новай фармацыі будзе спрыяць пакет амерыканскіх санкцый, які запрацуе ў лютым.

Што тычыцца тэмы сакавіцкіх выбараў кіраўніка РФ, то тут пракрамлёўскія эксперты далі волю фантазіі. Напрыклад, палітолаг Сяргей Маркаў, разважаючы аб магчымых формах умяшання Захаду ў выбарчую кампанію, не выключыў забойства яго агентамі аднаго з апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Замах, маўляў, павінен дыскрэдытаваць рэжым і выклікаць недавер да вынікаў галасавання.

Здзівіў легенда бразільскага і сусветнага футболу Пеле, які падзяліўся меркаваннем аб магчымым пераможцы Чэмпіянату свету 2018 года. Зорка футболу не выключае, што Мундыяль выйграе зборная Расіі. З улікам рэкордна нізкага рэйтынгу расійскай каманды, у прагноз не паверылі нават шматлікія патрыёты Расіі. У інтэрнэце яны рэагуюць на словы Пеле рэплікамі кшталту: «Малайчына Пеле — нягледзячы на хваробу Альцгеймера, захаваў пачуццё гумару».

І, нарэшце, пра надвор’е. Калі верыць словам экстрасэнса Аляксандра Шэпса, прыродныя катаклізмы закрануць заходнія часткі Еўропы і Амерыкі. У пошуках выратавання еўрапейцы і амерыканцы павернуць свой погляд на... Заходнюю Сібір, куды пачнуць масава перасяляцца. Цікава, што знаўцы Настрадамуса ў наступным го­дзе чакаюць, наадварот, шматмесячных пажараў у Сібіры і вывяржэнняў вулканаў на Далёкім Усходзе, што лагічна прывядзе да адтоку насельніцтва з гэтага рэгіёну.

Ну і, вядома, якія ж навагоднія прагнозы без тэмы пра інтэрвенцыю на Зямлю іншапланецян? Брытанскі таблоід «The Sun» піша, што акупацыя планеты адбудзецца ўжо 1 сту­дзеня 2018-га. У артыкуле сцвярджаецца: падступныя прышэльцы маюць намер скарыстацца тым, што чалавецтва, захопленае святкаваннем Новага года, не будзе гатовае да атакі. Так што асабліва не здзіў­ляйцеся, калі з навагодняга пахмелля выявіце побач за сталом зялёнага чалавечка.