Чаго чакаюць ад 2018 года вядомыя беларусы

Надыходзіць новы, 2018 год. Пра тое, што хацелася б змяніць у бліжэйшай будучыні і чаго пажадаць суайчыннікам, «Новаму Часу» распавялі вядомыя ў нашай краіне людзі.

suvenir_yelochka_god_sobaki_na_podstavke_.jpg

Алесь Бяляцкі, старшыня зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна»

maxresdefault_35.jpg

— У мяне ёсць пажаданне ўсім беларусам у наступным годзе больш рашуча адстойваць свае правы. Не маўчаць, не сядзець на кухнях, бо ўсе гэтыя перашэптванні на кухнях і рабочых распранальнях нічога не даюць. Толькі мы самі можам пашырыць сваё поле свабоды, улады за нас гэта не зробяць.

2018 год будзе складаны. Ніякай айцішнай ракі з кісельнымі берагамі нас у бліжэйшы час не чакае. Усе прамашкі і памылкі ўлады кладуцца на плечы простых людзей, і ў наступным годзе мы будзем адказваць за памылкі тых, хто выбудаваў памылковую стратэгію развіцця Беларусі, бо ўзровень заробкаў, сацыяльнай абароненасці паказвае, што мы знаходзімся на адным з апошніх месцаў у Еўропе. Гэта ёсць вынікам кіраўніцтва Рыгоравіча і ўсёй ягонай каманды. Таму трэба супраціўляцца перакладанню гэтых эканамічных цяжкасцяў на плечы людзей. Улады павінны за гэта адказваць.

Я віншую ўсіх са святамі, бо менавіта сям’я ў такіх сітуацыях становіцца апірышчам для кожнага беларуса. Таму жадаю ўсім, каб добра было ў сям’і.

Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ

e1340b637b95732b805e4c45cc79b431.jpg



— Чаканні і спадзяванні на наступны год ужо не новыя, пастаянныя, бо пераменаў у Беларусі — ні эканамічных, ні палітычных — не адбываецца. Але чаканні толькі ўзрастаюць, і спадзяюся, што 2018 год прынясе ў Беларусі ўсё ж перамены, якіх мы чакаем не адзін год. Гэта змены палітычнай сістэмы, якія пацягнуць за сабою і эканамічныя перамены. Хацелася б збліжэння Беларусі з Еўропай, бо кожны крок збліжэння з Еўрасаюзам, з іншымі краінамі будзе азначаць, што Беларусь умацоўвае сваю незалежнасць і зніжае сваю залежнасць ад палітыкі Крамля.

Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў

Фота з сайта palitviazni.info

Фота з сайта palitviazni.info

— Я чакаю, што шмат людзей далучацца да святкавання стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, што беларусы, як і ўвесну 2017 года падымуцца дзеля таго, каб памяняць гэты рэжым. А беларусам я жадаю не баяцца. Біблія 365 разоў на сваіх старонках кажа: не бойцеся! Таму жадаю не баяцца і быць адважнымі. Спадзяюся, што 2018 год будзе лепшы за год 2017.

Што да майго патаемнага жадання: мы зараз з жонкаю чакаем хлопчыка, Францішка, якога ўжо назвалі ў гонар Францішка Скарыны. Я жадаю, каб нарадзіўся ён цудоўны, здаровенькі і жыў ужо ў новай Беларусі.

Юрась Губарэвіч, кіраўнік Руху «За Свабоду»

nn_img_7551_g3hg8_1.jpg

— Наступны год наўрад ці будзе азнаменаваны важнымі палітычнымі падзеямі, верагодна, будзе працягвацца перыяд стагнацыі. Але ёсць чаканне пераменаў, таго, што ўлада нарэшце саспела да разумення, што трэба разнявольваць не толькі прыватную ініцыятыву і бізнес, але і рабіць больш вольнай палітычную атмасферу ў краіне. Бо інакш іх разлікі на прыход грошай ад замежных інвестараў і паляпшэнне сітуацыі з эканомікай наўрад ці спраўдзяцца. Таму што ў краіны з нестабільным заканадаўствам, дзе няма вольных і незалежных судоў, дзе парушаюцца асноўныя правы чалавека, не маюць прывабнасці для ўкладанняў. Таму ў мяне спадзяванні, што тыя крокі, якія робяцца ў дачыненні да ІТ-бізнеса, да прыватных прадпрымальнікаў, будуць мець лагічны працяг і выльюцца ў рэформы палітычнай сістэмы.

Беларусам я б пажадаў адчуць сябе нацыяй, людзьмі, якія нясуць адказнасць не толькі за сябе і за свае сем’і, але і за краіну, дзе яны жывуць, каб быў настрой на пабудову нармальнай краіны тут і зараз. Каб гэты настрой змяніў памкненні з’ехаць адсюль і ўладкавацца ў вольным свеце, бо цяпер існуе апатыя і нявер’е у тое, што ў нас можна нешта памяняць. Трэба адчуць сябе нацыяй і атрымаць настрой на будаўніцтва новае краіны.

Аляксандр Ярашук, кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў

2dc42653_c9f1_499b_a11f_b15a21582e26_w650_r1_s.jpg


— Я думаю, што ў нас усіх чаканне і жаданне адно, але, мяркую, што гэта наўрад ці будзе мець месца ў наступным годзе. Наша краіна цяжарная пераменамі ўжо даўно, але ўся бяда ў тым, што той, хто мусіць ажыццяўляць гэтую функцыю, каб гэтая цяжарнасць нармальна вырашылася і каб адбылося нешта кшталту дэмакратыі, упарта не жадае прызнаваць гэтую цяжарнасць і не хоча гэтага доўгачаканага дзіцяці. Магчыма, у 2018 годзе нешта і адбудзецца, бо сітуацыя вельмі непрадказальная, гэта што тычыцца палітычнай сістэмы і што тычыцца стасункаў з нашым галоўным партнёрам. Папраўку на гэтую непрадказальнасць трэба рабіць.

Таму ўсім грамадзянам краіны я хацеў бы пажадаць, каб непрадказальнасць і ўсе чаканні мелі станоўчы характар. То бок, каб не было ніякіх катаклізмаў, і калі штосьці б і адбывалася, то толькі ў спакайнейшым рэчышчы і ва ўсялякім выпадку прывяло да дэмакратычных пераменаў у нашай краіне.