Абама: Галоўная рызыка, што ядзерная зброя трапіць да экстрэмістаў
Прэзідэнт ЗША Барак Абама, выступаючы на міжнародным саміце па ядзернай бяспецы ў пятніцу, заявіў, што сусветнай супольнасці ўдалося істотна паменшыць верагоднасць трапляння ядзернай зброі ў рукі тэрарыстаў.
Фота Kevin Lamarque/Reuters
Аднак, сказаў Абама, гэтая пагроза застаецца галоўнай для сусветнай бяспекі, паведамляе ВВС.
"Працуючы разам, нашы краіны дамагліся таго, што тэрарыстам стала больш складана атрымаць кампаненты для ядзернай зброі. Мы істотна паменшылі гэтую рызыку", — сказаў прэзідэнт на сумесным брыфінгу з лідарамі краін, якія прынялі ўдзел у саміце. У гэтым годзе саміт адбыўся без Расіі, якая не адправіла прадстаўніка на саміт па ядзернай бяспецы, спаслаўшыся на тое, што ніякіх прарыўных рашэнняў на ім не прадбачыцца
Паводле Абамы, захаванасць ядзерных матэрыялаў — "гэта выдатны прыклад праблемы новага стагоддзя, з якой ні адна краіна не можа разабрацца ў адзіночку", паведамляе ТАСС. Прэзідэнт ЗША паабяцаў, што ўпершыню за 10 гадоў ён апрылюдніць інфармацыю пра колькасць высокаўзбагачанага ўрану, што захоўваецца ў краіне.
У свеце па-ранейшаму застаецца "каля 2000 тон" матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаны для вырабу ядзернай зброі, папярэдзіў Абама.
"Нават малая колькасць плутонію можа быць выкарыстана, каб забіць ці пакалечыць сотні тысяч людзей. Гэта была б гуманітарная, палітычная, эканамічная і экалагічная катастрофа, глабальныя наступствы якой доўжыліся б дзесяцігоддзямі", — заявіў Абама.
Відэа euronews.com
Адной з галоўных тэмаў саміту па ядзернай бяспецы стала ядзерная праграма Паўночнай Карэі, адзначае euronews.com
Паўночная Карэя на фоне саміту ў пятніцу правяла пуск балістычнай ракеты і зрабіла шэраг гучных заяў: "Сітуацыя на Карэйскім паўвостраве набліжаецца да кропкі, калі можа адбыцца канфлікт з прымяненнем ядзернай зброі", — заявіў амбасадар КНДР у Расіі Кім Хен Чжун.