Абама гатовы нанесці ўдар па Асаду

Прэзідэнт ЗША заявіў аб патрэбе вайсковай аперацыі супраць кіроўнага рэжыму Сірыі, аднак канчатковую пастанову прыме Кангрэс.



obama_syria.jpg

Пры гэтым, з ягоных слоў, Вашынгтон гатовы дзейнічаць без санкцыі Рады Бяспекі ААН.
«Мы павінны прымусіць Асада адказаць за выкарыстанне хімічнай зброі. Я паспрабую атрымаць санкцыю на выкарыстанне сілы ад Кангрэсу — прадстаўнікоў народу ЗША», — заявіў Абама.
Са слоў Барака Абамы, «аперацыя можа пачацца і заўтра, і праз месяц».
Прэзідэнт ЗША таксама адзначыў, што нельга пакідаць беспакараным дыктатара, які забівае мірных жыхароў.
Такую заяву кіраўнік Белага дома зрабіў у звароце да амерыканскай нацыі пасля нарады, у якой бралі ўдзел міністр абароны Чак Хэйгэл, дзяржаўны сакратар Джон Кэры і старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Марцін Дэмпсі.
Напярэдадні Дж.Кэры заявіў, што ў Вашынгтона практычна няма сумневаў у тым, што хімічную зброю ў Сірыі ўжылі сілы Асада. Паводле звестак амэрыканскай выведкі, абсталяваныя атрутнымі рэчывамі ракеты запускаліся ў ноч на 21 жніўня з раёнаў, занятых урадавымі войскамі.
Пасля з'яўлення інфармацыі аб выкарыстанні сіламі Асада хімічнай зброі стала магчымым вайсковае ўмяшанне Захаду ў сірыйскі канфлікт. Заявы пра гатовасць да бамбавання сірыйскіх аб'ектаў зрабілі Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія. Аднак напярэдадні брытанскі парламэнт забараніў узброеным сілам краіны ўмешвацца ў канфлікт, а генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн заявіў аб адмове блока ад удзелу ў вайсковай аперацыі ў Сірыі.
charter97.org