АБСЕ: Цяжкія ўзбраенні сепаратыстаў зніклі з месцаў захоўвання на Данбасе
У месцах захоўвання назіральнікі не выявілі чатырох «Градаў». Прадстаўнікі ДНР кажуць, што павезлі рыхтаваць тэхніку да параду на Дзень Перамогі.
Назіральнікі місіі АБСЕ ў Еўропе зафіксавалі частковае знікненне з месцаў захоўвання цяжкіх узбраенняў сепаратыстаў.
Інфармацыя пра гэта змяшчаецца ў штодзённай справаздачы АБСЕ, апублікаванай у панядзелак, 20 красавіка, падае korrespondent.net.
Як адзначаецца ў паведамленні, 19 красавіка місія «паўторна наведала шэсць месцаў захоўвання цяжкага ўзбраення ДНР». Назіральнікі зафіксавалі, што ў палове гэтых месцаў узбраення не перамяшчалі з часу апошняга візіту. У астатніх трох назіралася іншая сітуацыя.
У адным колькасць і тып узбраенняў адпавядалі зафіксаваным раней, але праверыць серыйныя нумары тэхнікі назіральнікам не дазволілі сепаратысты.
«Яшчэ ў двух месцах не засталося ні адной раней зафіксаванай адзінкі ўзбраенняў», — пазначана ў справаздачы. Да прыкладу, у адным месцы зніклі чатыры ўстаноўкі залпавага
агню «Град», якія, па словах прадстаўнікоў ДНР, павезлі рыхтаваць «да параду 9 траўня». У іншым месцы не аказалася ўсёй артылерыі, якая захоўвалася там раней.
Аналагічнае тлумачэнне — пра неабходнасць падрыхтоўкі тэхнікі да параду на Дзень Перамогі — назіральнікі АБСЕ пачулі і ў месцах захоўвання цяжкіх узбраенняў ЛНР.
Лідар ДНР Аляксандр Захарчанка абвінаваціў украінскі бок у падрыхтоўцы да наступлення. Паводле яго, украінскія вайскоўцы пачалі часцей абстрэльваць пазіцыі сепаратыстаў, правяраючы
гэтак найбольш слабыя месцы. Раней Захарчанка прадказваў зрыў Менскіх дамоўленасцяў. У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы абвінавачваюць сепаратыстаў у абстрэлах з
забароненых менскімі пагадненнямі «Градаў».