Захарчанка: Калі Кіеў не прызнае ДНР, мінскія дамоўленасці будуць сарваныя

Лідар самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" Аляксандр Захарчанка заявіў, што дамоўленасць пра спыненне агню, дасягнутая з урадам Украіны пры пасярэдніцтве Захаду, хутчэй за ўсё не будзе выконвацца.



zakharchenko_624x351_afp.jpg

Захарчанка таксама падкрэсліў, што мінскія дамоўленасці маюць сэнс толькі ў тым выпадку, калі Кіеў прызнае самаабвешчаную рэспубліку, і намякнуў, што "ДНР" мае намер пашырыць свае межы, абвінаваціўшы пры гэтым Кіеў у падрыхтоўцы да вайны.

Увесь гэты тыдзень у цэнтры Данецка была чутная страляніна, якая вялася на лініі судакранання. Па словах карэспандэнта Бі-бі-сі Тома Баррыджа, гэта нагляднае сведчанне таму, што ваенныя дзеянні зноў актывізаваліся, і дамоўленасці паміж варагуючымі бакамі, дасягнутыя ў лютым у Мінску паміж Расіяй, Германіяй, Францыяй і Украінай, не прынеслі міру ў гэты рэгіён.

Украінская армія і ўзброеныя прарасійскія фарміраванні сцвярджаюць, што адвялі цяжкія ўзбраенні ад лініі судакранання, але пры гэтым вінавацяць адзін аднаго ў падрыхтоўцы наступальных аперацый і канцэнтрацыі ваеннай тэхнікі.

У пятніцу камісар ААН па правах чалавека паведаміў, што колькасць ахвяраў з абодвух бакоў з пачатку канфлікту ўжо дасягнула 6 116 чалавек. Але рэальная лічба ахвяраў імаверна куды большая.

І вось цяпер адзін з лідэраў прарасейскіх узброеных фарміраванняў на ўсходзе Украіны Аляксандр Захарчанка у інтэрв'ю Бі-бі-сі выказаў здагадку, што мінскія дамоўленасці асуджаныя на правал.

Раней улады Украіны, якія карыстаюцца падтрымкай Захаду, сцвярджалі, што ў адпаведнасці з гэтымі дамоўленасцямі тэрыторыі на ўсходзе Украіны, якія знаходзяцца пад кантролем прарасійскіх узброеных фарміраванняў, застануцца ў складзе Ўкраіны, а Кіеў зноў зможа цалкам кантраляваць мяжу з Расіяй.

Аднак па словах лідэра "ДНР", мінскія дамоўленасці маюць сэнс толькі ў тым выпадку, калі Кіеў прызнае самаабвешчаную рэспубліку.

Аляксандр Захарчанка таксама сцвярджае, што межы рэспублікі, якую ён узначальвае, у будучыні павінны быць значна пашыраныя і ўключыць значную частку тэрыторыі, якая цяпер знаходзіцца пад кантролем ўкраінскай арміі.

Такім чынам, заявы лідэра "ДНР" наўрад абяцаюць надзею на мір.

У адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў адказ на просьбу Бі-бі-сі пракаментаваць словы Захарчанка заявілі: "Украіна поўнасцю выконвае Мінскія пагаднення. Данбас — неад'емная частка Украіны".

BBC