Амбасада ЗША ў Маскве перастане выдаваць расіянам дзелавыя і турыстычныя візы

Амбасада ЗША ў Маскве з 12 траўня скароціць да мінімуму аказанне консульскіх паслуг. Спыняць выдачу турыстычных і дзелавых віз, не звязаных з дыпламатычнымі мерапрыемствамі, піша «Свабода».

Амбасада ЗША ў Маскве. Фота DW

Амбасада ЗША ў Маскве. Фота DW


Пра гэта гаворыцца ў паведамленні амерыканскай дыпламатычнай місіі.
Прычынай абмежаванняў стала скарачэнне на 75% персаналу консульскай службы па патрабаванні Масквы. 23 красавіка расійскія ўлады апавясцілі аб забароне наймаць на працу ў дыпмісіі ЗША расійскіх грамадзян.
«Мы шкадуем, што дзеянні ўрада Расіі вымусілі нас скараціць наш штат супрацоўнікаў консульства», — гаворыцца ў паведамленні амбасады.
Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які абмяжоўвае магчымасці найму на працу грамадзян краіны ў дыпмісіі «недружалюбных дзяржаў».
Спіс недружалюбных краін будзе вызначаць урад, да гэтага такі тэрмін у заканадаўстве не сустракаўся. У дакуменце пазначана, што ён створаны ў адказ на «недружалюбныя дзеянні ЗША і іншых замежных дзяржаў». Указ не распаўсюджваецца на акрэдытаваных дыпламатаў.
З канца 2016 году Расія і ЗША рэгулярна абменьваюцца патрабаваннямі па скарачэнні колькасці супрацоўнікаў амбасад. З пачатку 2017 году працэс выдачы віз расіянам быў сур’ёзна абмежаваны, да канфлікту іх можна было афармляць у Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу і Уладзівастоку, да сённяшняй абʼявы — толькі ў Маскве.