«Падвойныя стандарты кідаюцца ў вочы». Амбасада ЗША пракаментавала пікет з дзяржсімволікай

Мірным дэманстрантам, якія выступаюць за дэмакратыю, трэба таксама забяспечыць права на свабоду сходаў без рэпрэсій. Так амбасада ЗША пракаментавала пікет людзей з дзяржсімволікай, які прайшоў ля будынка дыпмісіі ЗША ў Мінску, паведамляе TUT.BY

photo_2021_04_30_11_30_18.jpg

«Сёння ўлады дазволілі мірным дэманстрантам, якія падтрымліваюць рэжым, сабрацца ля амбасады ЗША. Зноў вітаем мірны пратэст. Мірным дэманстрантам, якія выступаюць за дэмакратыю, трэба таксама забяспечыць права на свабоду сходаў без рэпрэсій. Падвойныя стандарты кідаюцца ў вочы», — гаворыцца ў афіцыйным твітар-акаўнце амбасады ЗША.

Нагадаем, у пятніцу, 30 красавіка, ля будынка дыпмісіі ЗША ў Мінску пратэставалі «абураныя грамадзяне» з чырвона-зялёнымі сцягамі — відаць, пікет звязаны з інфармацыяй ці то пра ўдзел ЗША ў нібыта планаванні »дзяржаўнага перавароту» ў Беларусі, ці то з-за санкцый.

У сакавіку ў Мінску ўжо адбываліся падобныя пікеты ля амерыканскай амбасады, а таксама побач з будынкам дыпмісіі Украіны. Амбасада ЗША тады таксама заклікала беларускія ўлады распаўсюдзіць права праводзіць падобныя мірныя акцыі пратэсту на ўсіх, хто такім чынам жадае выказаць сваё меркаванне.