Юрый Царык: фільм АНТ — найлепшы доказ недатычнасці ЗША да змовы

Коратка пра адзін аспект новага фільма тэлеканала АНТ наконт змовы з мэтай забойства А. Лукашэнкі і правядзення дзяржаўнага перавароту разважае Юрый Царык.

ont_1.jpg

Фільм з'яўляецца найлепшым дакументальным пацвярджэннем таго, што ўлады ЗША не датычныя да дзеянняў змоўшчыкаў. Было відавочна, што перад журналістамі стаяла задача — правесці лінію менавіта пра датычнасць улад ЗША. Але паколькі на АНТ цяпер, як бы дзіўна для кагосьці гэта ні здалося, кіруюцца пэўнымі стандартамі аб'ектыўнасці і доказнасці, такую задачу вырашыць не атрымалася. Няма ні слоў супрацоўнікаў КДБ пра датычнасць ўлад ЗША, ні прызнанняў самога Юрыя Зянковіча. І нават пра міфічную датычнасць Mike Carpenter у кадры кажа Чудзянцоў, а не сам Зянковіч, дый тое нібы чуў, маўляў, гэтае імя ад Зянковіча пры невядома якіх абставінах. Пра гэта піша на сваёй старонцы ў Facebook сузаснавальнік і намеснік дырэктара Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Юрый Царык.

У выніку для таго, каб вырашыць палітычную задачу (выканаць заказ), але захаваць аб'ектыўнасць, усе дружна вымушаныя былі выкарыстоўваць фігуру Дзмітрыя Шчыгельскага як нібыта «кіраўніка змовы» і «пасярэдніка» паміж змоўшчыкамі і ўладамі ЗША (ЦРУ/ФБР/Пентагон). Логіка зразумелая. Для Зянковіча і Фядуты сказаць пра гэта — спосаб паказаць, што не яны галоўныя ў змове і аслабіць абвінавачанне ў дачыненні да сябе. Для журналістаў (з пункту гледжання выканання замовы) таксама рацыя ёсць: паколькі са Шчыгельскага паказанні ўзяць немагчыма, то менавіта яго і можна вінаваціць ва ўсіх смяротных грахах.

З факту недатычнасці ўлад ЗША да «змовы» паўстае мноства пытанняў. Напрыклад, чаму меркаваны дом для ўтрымання і «катаванняў» службовых асоб шукалі побач з мяжой з Расіяй? Што гэта ў Зянковіча за бізнесоўцы ў Маскве, якія «даюць» яму «рэстаран на правядзенне мерапрыемства»? Ну і пытанні па больш ранніх выпусках «серыяла»: адкуль у Макара сувязі ў кіраўніцтве ФСБ Расіі? І гэтак далей…

У выніку на выхадзе атрымаўся добра зроблены прапагандысцкі фільм. Але ісціна, як заўсёды ў такіх выпадках, аказалася нікому не патрэбнай.

Паводле thinktanks.by