Аўстралія. Канстытуцыю перапішуць пад абарыгенаў
Ніжняя палата парламента Аўстраліі прыняла гістарычны закон, які абвяшчае аўстралійскіх абарыгенаў «першымі аўстралійцамі». Адпаведны пункт таксама хутка з’явіцца ў тэксе Канстытуцыі. Раней афіцыйна лічылася, што да пачатку брытанскай каланізацыі кантынент быў «нічыйным».
Паліцыя супраць абарыгенаў, 1865 г.
Рашэнне парламента адназначна гістарычнае, паколькі надае абарыгенам (зараз па ўсёй краіне іх каля 450 тысяч) права патрабаваць кампенсацыі за тое, што нарабілі каланізатары за апошнія 200 гадоў. Нагадаем, што следствам каланіяльнай палітыкі стала скарачэнне колькасці тубыльцаў з 750 тысяч (1788 год — пачатак каланізацыі) да 31 тысячы (1911 год).
Ініцыятары папраўкі (Зялёныя і лейбарысты) кажуць, што позна ці рана белыя жыхары Аўстраліі, каб захаваць маральныя прынцыпы, павінны былі пайсці на гэты крок. Іх праціўнікі са стану кансерватараў непакояцца, што цяпер абарыгены са спасылкай на закон будуць намагацца ўзняць свой сацыяльны статус, напрыклад, атрымаць вялікую квоту ў парламенце і г.д. Дарэчы, да 1967 года абарыгены ўвогуле не мелі грамадзянскіх правоў.
Паводле брытанскай прэсы