Аўстрыя пацвердзіла затрыманне сваіх грамадзян у Мінску і выказала пратэст

Аўстрыя выказала Беларусі пратэст у сувязі з затрыманнем журналістаў тэлерадыёкампаніі ORF у Мінску, паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў у Вене.

МЗС Аўстрыі ў Вене

МЗС Аўстрыі ў Вене


«Міністэрства замежных спраў Аўстрыі пацвярджае, што аўстрыйская журналістка і яе аператар учора на кароткі час былі затрыманыя беларускай міліцыяй, якой былі вызначаныя асобы журналістаў. Аўстрыя неадкладна выказала пратэст супраць гэтага дзеяння беларускіх улад. Затрыманне цалкам непрымальнае для Аўстрыі. Мы чакаем, што журналісты змогуць бесперашкодна выконваць сваю працу, а свабода СМІ будзе цалкам выкананая».
Нагадаем, праваабаронцам паведамілі, што ўчора ў Мінску на плошчы Незалежнасці прыкладна каля 16:20 двое супрацоўнікаў у цывільным затрымалі аператара і журналістку аўстрыйскага тэлебачання, якія бралі інтэрв'ю ў мінакоў.
Спачатку іх адвялі ў шэры «Форд транзіт» за Чырвоным касцёлам, затым перавялі ў сіні аўтобус МАЗ.
 Сёння мінская міліцыя абвяргала інфармацыю пра затрыманне аўстрыйскіх журналістаў. «Ніякіх журналістаў учора ў Мінску не затрымлівалі», — казала афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч.