Азіяцкая фэдэрацыя футболу забараніла Ірану праводзіць міжнародныя матчы
Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Іранскім футбольным камандам забаранілі гуляць міжнародныя матчы на тэрыторыі Ірану. Такое рашэнне прыняла Азіяцкая фэдэрацыя футболу (АФФ).
Іранскія футбольныя ўлады паведамілі, што атрымалі ліст з АФФ, але не патлумачылі, ці звязаная забарона з тым, што ў Іране 8 студзеня збілі ўкраінскі самалёт і загінулі 176 чалавек. АФФ таксама не адказала на просьбы журналістаў пра камэнтар.
Самалёт разбіўся 8 студзеня, адразу пасля ўзлёту з аэрапорта Тэгеран.
Іран першапачаткова сцвярджаў, што катастрофа стала вынікам адмовы рухавіка, але 11 студзеня – у тым ліку пасля з'яўлення запісаў, якія паказваюць збіццё самалёта – улады Ірану прызналі, што «Боінг» быў выпадкова збіты.
Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, знік з радараў празь некалькі хвілінаў пасля ўзлёту.
Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала спісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў планавае тэхнічнае абслугоўванне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілотаў.
Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. 11 студзеня, праз 3 дні пасля катастрофы, прэзідэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы збілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсці вінаватых у гэтай трагедыі.
Камандуючы ваенна-касмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што аператар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусціць крылатую ракету па самалёце, не здолеўшы звязацца з камандаваннем.