«Выбачайце, што хлусілі»: вядучыя сыходзяць з іранскага тэлебачання
Па меншай меры тры вядучыя дзяржаўнага тэлебачання Ірана паведамілі, што звальняюцца з працы ў знак пратэсту супраць спробы ўладаў схаваць праўду пра крушэнні ўкраінскага самалёта, збітага іранскімі СПА.
«Дзякуй гледачам за тое, што прымалі мяне. Сёння гэта скончылася. Я ніколі не вярнуся на тэлебачанне», — напісала ў сацыяльных сетках тэлевядучая Захра Хатамі. Вядучая Сааба Рад паведаміла, што пасля 21 года на тэлебачанні і радыё яна адчувае, што не можа працягваць працу.
«Не магу паверыць у забойства маіх суайчыннікаў. Выбачайце, што я ўвесь час ашуквала вас 13 гадоў. Некалькі гадоў таму я сышла з працы і ніколі на яе не вярнуся», — паведаміла іх былая калега Джэларэ Джабары.
У першыя дні пасля катастрофы, якая забрала 176 чалавечых жыццяў, улады Ірана сцвярджалі, што прычынай крушэння сталі тэхнічныя непаладкі. Але затым ім давялося прызнаць, што лайнер быў збіты СПА. Згодна з цяперашняй версіяй, гаворка ідзе пра трагічную памылку, адказнасць за якую ляжыць на ЗША.
Паводле newsru.co.il