Беларускія памежнікі адмаўляюць ва ўездзе грамадзянам Украіны, Літвы і Польшчы, — амбасадар Украіны

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заявіў, што беларускія памежнікі робяць усё, каб прадухіліць уезд на тэрыторыю Беларусі грамадзян Украіны, Літвы і Польшчы, піша Свабода.

download_132.jpeg


«Улічваючы, што пратэставыя акцыі ў Беларусі трываюць ужо васьмідзясяты дзень запар, памежнікі і іншыя спецслужбы робяць захады, каб не дапусціць уезду ў Беларусь людзей з трох суседніх краін, а менавіта Літвы, Польшчы і Украіны», — заявіў Ігар Кізім у эфіры hromadske.radio.
На думку дыпламата, гэта сведчыць пра тое, што беларуская ўлада працягвае разглядаць Украіну як вонкавую пагрозу.
«Усё гэта беспадстаўна, але камусьці гэта трэба, каб апраўдаць жорсткія дзеянні супраць пратэстоўцаў», — мяркуе Ігар Кізім.
У той жа час міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба на брыфінгу ў Кіеве паведаміў, што яму нічога не вядома пра існуючую для ўкраінцаў забарону на ўезд у Беларусь, але паабяцаў высветліць сітуацыю.
Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што пратэставымі акцыямі кіруюць «лялькаводы» з заходніх краін, і найперш называў Літву, Польшчу і Украіну.