«Сказалі, што замежнікі не праедуць». Беларусаў пачалі прапускаць праз мяжу з Украіны
Як мінімум на дзве з паловай гадзіны затрымаліся беларусы на мяжы з Украінай. Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на інфармацыю ад сваіх чытачоў. «Нам сказалі, што нас не прапускаюць у сувязі з каранціннымі мерапрыемствамі, — распавядае Сяргей. — Але прыкладна ў 18.50 рух пайшоў».
Сяргей жыве ў
Наваполацку. У чацвер, 29 кастрычніка, ён на машыне вяртаўся дадому з
адпачынку. Адпачываць лётаў праз Кіеў, таму ў Беларусь ён едзе з Украіны.
— Вяртаюся праз пункт пропуску «Новая Гута», — распавядае суразмоўца. — Украінцы прапусцілі без праблем, і прыкладна ў 16.30 я наблізіўся да беларускай мяжы. Перада мной машын пяць, ззаду ўжо сабралася таксама шмат машын. Мы з людзьмі хадзілі да памежнікаў, прасілі патлумачыць, што здарылася. Усё — што нам адказалі, — каранцінныя мерапрыемствы, але ніякіх дакументаў не паказалі. Прапанавалі або чакаць, або вярнуцца ва Украіну. Мы растлумачылі, што гатовыя адседзець у каранціне, але гэта не дапамагло.
У выніку Сяргей вырашыў чакаць. Прыкладна ў 18.30 ён і іншыя людзі, што «захраслі» на мяжы, зноў пайшлі да памежнікаў. Ім там паведамілі, што «з беларусамі будуць нешта рабіць, а замежнікаў не прапусцяць».
— Пакуль мы тут знаходзімся, я заўважаў, што праз беларускую мяжу прапускаюць толькі фуры, — дзеліцца назіраннем Сяргей.
А 18.49 Сяргей напісаў, што беларусаў пачалі прапускаць, а «украінскую машыну адправілі на разварот».
— Мы ўжо ў Беларусі, — паведаміў у 19.09 Сяргей. — Мяжу прайшлі спакойна, адзінае, мытнікі спыталі, ці знаходзіліся мы ва Украіне даўжэй за два дні. Я так разумею, тым, хто знаходзіцца даўжэй, па вяртанні трэба адседзець у каранціне.
Нагадаем, у другой палове дня пачала з’яўляцца інфармацыя, што беларусы не могуць вярнуцца ў краіну як мінімум з Польшчы і Літвы: іх разварочваюць на мяжы. Пазней з'явілася інфармацыя пра такія ж праблемы і на ўезд з Украіны і Латвіі.
«У сувязі з эпідэмічным становішчам у сумежных краінах Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фізічных асоб з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны», — заявілі ў Дзяржпамежкамітэце. Як пазначана на сайце Дзяржпамежкаміту, пад абмежаванні не падпадаюць: супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, дакументаваных дыпламатычнымі і службовымі пашпартамі; вадзіцелі транспартных сродкаў, прызначаных для выканання міжнародных аўтамабільных перавозак; члены цягніковых і лакаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін.
Разам з тым пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск функцыянуе без абмежаванняў. Прапускаюць і праз мяжу з Расіяй.
Паводле tut.by