«Белавія» адправіла ўкраінскаму боку разлікі кампенсацыі

Авіякампанія "Белавія" адправіла ўкраінскаму боку свае разлікі адносна кампенсацыі за прымусовае вяртанне ў кіеўскі аэрапорт "Жуляны" беларускага самалёта.


Здарэнне адбылося 21 кастрычніка. Самалёт "Боінг 737-800" "Белавіі" выконваў рэйс В2-840 па маршруце Жуляны (Кіеў) — Мінск, на яго борце  знаходзілася 136 пасажыраў і шэсць чальцоў экіпажа. Яго вярнулі ў аэрапорт на патрабаванне Службы бяспекі Украіны. Дыспетчар заявіў экіпажу, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будзе паднятая баявая авіяцыя. Украінскія праваахоўнікі знялі з рэйса аднаго пасажыра, грамадзяніна Арменіі (пазней яго адпусцілі), пасля чаго "Боінг" змог вярнуцца ў Беларусь.

Фота: БЕЛТА

Фота: БЕЛТА


Намеснік гендырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці авіякампаніі "Белавія" Ігар Чаргінец паведаміў БелаПАН, што ўкраінскаму боку "накіравалі... свае разлікі" і чакаюць "урэгулявання гэтага пытання".
Пасля падзей у кастрычніку МЗС Беларусі заявіла пратэст і ўручыла ноту Украіне. Мінск запатрабаваў ад Кіева кампенсацыі ўсіх фінансавых выдаткаў. Абурэнне беларускага боку выклікала пагроза перахопу баявой авіяцыяй. 10 лістапада ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка ў тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам прынёс прабачэнні за інцыдэнт з самалётам "Белавія". Тады ён сказаў, што "вінаватыя пакараныя".
Паводле euroradio.fm