Bloomberg: лідары G7 дамовіліся аб бестэрміновай падтрымцы Украіны
Першыя вынікі саміту станоўчыя.
Карэспандэнт агенцтва Bloomberg паведамляе, што азнаёміўся з тэкстам праекту заявы «Вялікай сямёркі» па выніках саміту ў Баварыі. Паводле яго інфармацыі, лідары найбуйнейшых дэмакратычных краін свету абавязваюцца аказваць Украіне бестэрміновую падтрымку ў яе абароне ад расійскай агрэсіі.
«Мы будзем працягваць аказваць фінансавую, гуманітарную, ваенную і дыпламатычную падтрымку і падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца», – гаворыцца ў праекце заявы.
Як адзначае Bloomberg, фармулёўка важная, таму што сябры альянсу занепакоеныя зацягваннем вайны. Пры гэтым лідары Германіі і Францыі намякнулі, што яны працягваюць разглядаць варыянты спынення агню праз перамовы.
Згодна з дакументам, лідары G7 разглядаюць магчымасць выкарыстання паступленняў ад тарыфаў на імпарт з Расіі для падтрымкі Украіны.
Лідары «сямёркі» таксама абмеркавалі, як захаваць ціск на Расію і каардынаваць дзеянні па барацьбе з ростам інфляцыі.