У Францыі раскрылі дэталі апошняй размовы Макрона і Пуціна перад пачаткам вайны

Спрабаваў, але не змог.

makron_3.jpg

У дакументальным фільме французскага тэлеканала France 2 раскрываецца змест апошняй перад пачаткам вайны тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтамі Эманюэлем Макронам і Уладзімірам Пуцінам. Аб гэтым піша Le Parisien.
Як стала вядома, размова доўжылася каля дзесяці хвілін, і падчас яе Макрон спрабаваў выступіць у ролі пасярэдніка паміж Расіяй і Украінай, каб прадухіліць пачатак вайны.
France 2 паведамляе, што на пачатку гутаркі Макрон папрасіў Пуціна выкласці яму сваё бачанне сітуацыі на ўсходзе Украіны і наўпрост сказаць, якія ў яго намеры. У адказ на гэта Пуцін абвінаваціў Уладзіміра Зяленскага ў нежаданні выконваць Мінскія пагадненні.
«Што я магу сказаць? Вы самі бачыце, што адбываецца, — сказаў Пуцін. — Насамрэч наш паважаны калега, спадар Зяленскі, нічога не робіць (у дачыненні да Мінскіх пагадненняў). Ён вам ілжэ».
Таксама падчас размовы Пуцін абвінаваціў Макрона ў жаданні «перагледзець Мінскія пагадненні» і папрасіў улічыць прапановы сепаратыстаў з самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
«Нам напляваць на прапановы сепаратыстаў!» — заявіў Макрон у адказ і прапанаваў арганізаваць сустрэчу паміж усімі бакамі. Прэзідэнт Францыі таксама паабяцаў, што зробіць ціск на Уладзіміра Зяленскага, каб той прыняў удзел у такой сустрэчы.
Далей Эмануэль Макрон, як паведамляецца, здолеў пераканаць Уладзіміра Пуціна на сустрэчу з Джо Байдэнам у Жэневе, каб паспрабаваць вырашыць канфлікт, аднак Пуцін не быў натхнёны гэтай ідэяй. У Елісейскім палацы тады сапраўды заявілі аб тым, што такая сустрэча адбудзецца, аднак яна так і не адбылася. А 24 лютага расійскія войскі пачалі ўварванне ва Украіну.