Украіна пакуль устрымаецца ад спробаў далучэння да НАТА

У Кіеве заявілі, што новыя крокі па ўступленні ў Паўночнаатлантычны альянс рабіць пакуль няма сэнсу.

ukraine_nato_flags_2_rdax_775x440s.jpg

Намеснік кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта Ігар Жоўква ў інтэрвію Financial Times заявіў, што Украіна пакуль не будзе рабіць новых крокаў па ўступленні ў NATO. Прычына — пазіцыя асобных краін-членаў.
«Мы хочам, каб было разуменне і прызнанне таго, што Украіна з'яўляецца нарожным каменем у сістэме бяспекі на Еўрапейскім кантыненце. Калі члены NATO не прызнаюць сапраўдную сітуацыю з тым, што адбываецца ў Еўропе і Украіне, тады гэты дакумент стане проста яшчэ адной паперкай, абсалютна няважнай. Сябры NATO адмовілі нам у нашым жаданні. У гэтым напрамку мы пакуль устрымаемся ад любых крокаў», — заявіў Жоўква.
Па словах чыноўніка, NATO абавязаны прыбраць любыя згадкі аб неабходнасці дасягнення «партнёрскіх адносін» з Расіяй. Ён дадаў, што альянс павінен змясціць у дакументах дакладныя і адназначныя папярэджанні Расіі адносна яе агрэсіўных намераў.
Жоўква спадзяецца, што на сваім саміце NATO заявіць пра неабходнасць умацавання супрацоўніцтва з Украінай.
Раней перад NATO паўсталі праблемы з прыёмам у шэрагі арганізацыі Швецыі і Фінляндыі, згоду на прыняцце якіх адмаўляецца даць Турэччына праз тое, што дзве паўночныя дзяржавы не выдаюць Анкары курдаў, якіх турэцкія ўлады падазраюць у «тэрарызме», а ў Стакгольме і Хэльсінкі лічаць гэтых людзей ахвярамі палітычнага пераследу.