Данецкаму журналісту пагражалі і спалілі машыну (+відэа)

У ноч на 12 красавіка невядомы падпаліў машыну галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання " Навіны Данбаса" Аляксея Мацукі. Пра гэта паведаміў сам Мацука ў Фэйсбук.

"Акрамя таго, што мне спалілі машыну, ноччу сепаратысты спрабавалі захапіць будынак пракуратуры Данецкай вобласці, аднак праваахоўныя органы здолелі прадухіліць захоп. Разам з тым, сепаратысты паспелі пашкодзіць частку маёмасці ўнутры будынка, таксама зафіксаваныя факты марадзёрства. Цяпер пракуратура працуе ў штатным рэжыме", — яшчэ напісаў Аляксей.
 

У 00:33 невядомы мужчына падышоў да аўтамабіля рэдактара, прыпаркаванага каля яго дома, абліў гаручым рэчывам і падпаліў.
 

Відэа інцыдэнту было зроблена з экрана камер відэа-назірання на мабільны тэлефон падчас прагляду.
 

Па дадзеных выдання "Навіны Данбаса", аўтамабіль патушылі суседзі Мацукі, якія выклікалі міліцыю. У апошні час Аляксей неаднаразова атрымліваў ананімныя пагрозы.

Паводле "Украінскай праўды"