Дасье ў карыкатурах: Хто ён — будучы лідар Еўропы?
Себасцьян Курц стаў высокапастаўленым функцыянерам урада ў 25-гадовым узросце ў 2015-м. Але гаварыць пра яго пачалі ў снежні 2017-га, калі Курца прызначылі на пасаду міністра замежных спраў Аўстрыі. А яшчэ праз чатыры гады ён стаў самым маладым кіраўніком урада ў свеце.
На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Аўстрыі ў кастрычніку 2017 года кансерватыўная Аўстрыйская народная партыя, якую ўзначальвае Курц, заняла першае месца, а ён сам быў прызначаны на пасаду федэральнага канцлера. На думку карыкатурыста аўстрыйскай Krone Zeitung, так хутка пераадолець такую кар’ерную дыстанцыю Себасцьяну відавочна дапамаглі боты-скараходы.
Заняўшы пасаду канцлера, Курц нечакана для многіх адмовіўся ад традыцыйнай шырокай кааліцыі з эсдэками, зрабіўшы выбар на карысць пагаднення з правымі папулістамі з Партыі свабоды (FРO). Пры гэтым сябры FРO атрымалі партфелі ключавых міністраў — абароны, замежных і ўнутраных спраў. Многія не зразумелі такога кроку Курца. Нямецкі часопіс Cicero праілюстраваў сітуацыю карыкатурай, дзе Курц танчыць з ваўком — сябрам FPO, наіўна мяркуючы, што ён вядзе ў танцы. «Так, вы, вядзеце, але пад нашу музыку», — кажа свабодавец.
На пасадзе прэм’ера Курц сапраўды праводзіў курс, які шмат у чым адпавядаў зместу праграмы FPO. У прыватнасці, заняў вельмі жорсткую пазіцыю наконт мігрантаў. Пры гэтым Курц перахапіў ініцыятыву ў правых, перацягваючы на свой бок іх электарат. Тым не менш, шмат хто лічыў, што такая гульня вельмі рызыкоўная, паколькі легімітызуе вельмі праварадыкальную палітычную павестку. На гэтую тэму малюнак аўстрыйскага мастака Мар’яна Камінскага.
Ідылію нечакана перапыніў Ібіца-гейт — палітычны скандал з удзелам віцэ-канцлера ад Партыі свабоды, што выбухнуў увесну. Скандал быў справакаваны публікацыяй відэазапісу сустрэчы на курорце Ібіца (Іспанія), дзе палітык і яго партайгеноссе ў прысутнасці быццам рускай грамадзянкі абмяркоўвалі ўрадавыя кантракты з расійскімі донарамі. У выніку адбыўся распад кіруючай кааліцыі, што прывяло да прызначэння датэрміновых выбараў. Паколькі за выбары галасавалі таксама некаторыя кансерватары, падавалася, што вундэркінду Себасцьяну прыйшоў капут. Нямецкае выданне Spiegel графічна ўявіла як кансерватары ў спешцы знішчаюць усе кампраметуючыя дакументы на спецыяльным блендэры «Ібіца».
Аднак пахаваць Курца так проста не атрымалася. Наадварот, ён атрымаў сярод аўстрыйцаў імідж ахвяры. Шмат хто паверыў, што Ібіца-гэйт быў падставай. А 29 верасня кансерватары набралі на выбарах больш за 37 адсоткаў і толькі ўмацавалі свае пазіцыі. Прычым асабісты імідж Курца стаў больш важным фактарам для перамогі чым прынцыпы кансерватыўнай ідэі.
Сенсацыйны поспех Курца ўзняў яго каціроўкі. Белы дом кліча Себасцьяна ў госці. Масква фліртуе з аўстрыцам, а для нямецкіх правых не Ангела Меркель, а менавіта герр Курц усё часцей становіцца ідэалам. Пішуць, што Брусэль бачыць у Себасцьяне новага папулісцкага лідара, здольнага прагучаць на ўсю Еўропу. Зрэшты, пакуль ёсць шанец, што Себасцьян пры фарміраванні кабміну аддасць перавагу левым. Па сутнасці, ён знаходзіцца ў той жа сітуацыі, што і ў 2017-м, калі шукаў партнёра па кабінету, абіраючы паміж эсдэкамі і FPO. На гэтую тэму малюнак аўстрыйскага мастака Райнера Рахфельда.
Ад выбара залежыць будучыня Еўропы. Якім ён будзе на гэты раз?