Дасье ў карыкатурах: Капут старым партыям
Германія напярэдадні карэннай палітычнай перазагрузкі. У выніку з авансцэны могуць сысці партыі, што фармавалі дзяржаўны курс аж з моманту стварэння ФРГ (1949). Гаворка пра партыю сацыял-дэмакратаў (SPD) і хрысціянска-дэмакратычны Саюз (CDU). Вынікі выбараў 26 траўня ў Еўрапарламент былі настолько сумнымі для сацыял-дэмакратаў і кансерватараў, што можна казаць пра агонію абедзвюх структур.
Самым вялікім лузерам выбараў 26 траўня апынуліся сацыял-дэмакраты, якія з 1887 года (!) не бачылі такога электаральнага прыніжэння — 16 адсоткаў. Навіны з выбарчых участкаў справакавалі дзяжурны крызіс у партыйным кіраўніцтве. А 2 чэрвеня шэраг СМІ заявілі, што лідар партыі Андрэа Налес (Andrea Nahles) гатовая падаць у адстаўку. Вынік яе кіравання мастак Jonson адлюстраваў у выглядзе паказчыка на гульнявым апараце для вымярэння сілы. Зрэшты, ракіроўкі ў кіраўніцтве не выклікаюць аптымізму. Партыя імкліва губляе сацыяльную базу і перш за ўсё ў маладзёжным асяроддзі.
Хоць намінальна выбары 26 траўня выйгралі хрысціянскія дэмакраты (28 працэнтаў), эйфарыі ў гэтым лагеры не назіраецца. У параўнанні з папярэднімі агульнанацыянальнымі выбарамі 2017-га партыя страціла чатыры працэнты. Самае галоўнае, што падзенне рэйтынгу адбываецца на фоне аперацыі «пераемнік». На гэтыя выбары партыю ўпершыню за 18 гадоў павяла не Меркель, а яе пратэжэ новы старшыня Аннгрэт Крамп-Каррэнбауер (Kramp-Karrenbauer), якую Ангела бачыць на пасадзе канцлера. Не самыя шыкоўныя вынікі 26 траўня многія спісваюць на прамашкі АКК — так называюць Аннегрэт у прэсе. Тая, маўляў, дапусціла шэраг праколаў, падтрымала ідэю цэнзуры ў інтэрнэце, наехала на блогераў і г.д. Так ці інакш, ад Меркель патрабуюць перагледзець кандыдатуру яе пераемніка. Між іншым, шмат хто ў жарт гаворыць, што адна з прычын непапулярнасці Аннегрэт — цяжкае для вымаўлення імя і прозвішча. Напрыклад, выданне Radio-Satire ў сваёй карыкатуры прапануе лагапедам з дапамогай імя АКК вучыць пацыентаў прамаўляць гук "р".
Як і ў іншых краінах крызісам умераных левых і правых партый карыстаюцца радыкалы. Так, 26 траўня ўмацавалі свае пазіцыі правыя папулісты з партыі Альтэрнатыва для Германіі (AfD). Асабліва шакавальных поспехаў Альтэрнатыва дамаглася на ўсходзе краіны. У землях, якія калісьці ўваходзілі ў склад ГДР, партыя альбо перамагла альбо «ўзяла срэбра». Пры гэтым на захадзе вынікі AfD куды больш сціплыя. Гэта дазваляе казаць пра тое, што Альтэрнатыва можа стаць рэгіянальнай партыяй. Аднак асаблівага пазітыву ў гэтым трэндзе няма. Відавочна, што такі сцэнар затармозіць працэс нямецкай інтэграцыі. Акрамя таго, праз замацаванне Альтэрнатывы ў палітычным працэсе правыя радыкалы атрымліваюць у яе выглядзе сталы надзейны дах. На малюнку з рэсурсу Kritische Netzwerk неанацыст прызнаецца сябру, што вырашыў насіць гальштук, паколькі запісаўся ў AfD
Галоўным бенефіцыярам сталі Зялёныя, якіх падтрымалі 20 адсоткаў выбаршчыкаў (+ 12% з апошніх выбараў). Гэта самы буйны поспех эколагаў у гісторыі, што тлумачаць маладзёвым фактарам. Аказваецца, для 84 адсоткаў нямецкай моладзі тэма клімату вельмі важная. І магчыма гэта толькі пралог. Паводле апытання агенцтва Forsa, апублікаванага 1 чэрвеня, Зялёныя ўпершыню сталі самай папулярнай партыяй Германіі, абагнаўшы кансерватараў. Калі б выбары праводзіліся заўтра, эколагі атрымалі б 27 адсоткаў супраць 26-ці ў CDU. У нямецкай прэсе ўпершыню сур'ёзна сцвярджаюць, што па выніках наступных выбараў канцлерам Германіі будзе Роберт Хабек (Robert Habeck) — лідар Зялёных. Такая футуралогія прыводзіць у жах бізнес-колы. На іх думку, фінансавыя, экалагічныя і міграцыйныя рэформы, якія абяцаюць Зялёныя ў выпадку перамогі, нямецкая эканоміка не выцягне. Графічна мастак Flickr адлюстраваў небяспеку ад Зялёных на прыкладзе каня, у які Роберт утыкае смяротныя рэформы.
І, дарэчы, новыя выбары ў Германіі могуць прайсці дастаткова хутка. Ступар эсдэкаў і кансерватараў паставіў пад пытанне існаванне «вялікай кааліцыі» з іх удзелам (яе часта называюць "Groko” ад "Grosste Koaltion”). Тым больш, што сацыял-дэмакратаў даўно гняце гэтая місія. Лічыцца, што будучы ў цені Меркель, яны губляюць сваю суб'ектнасць, імідж апазіцыйнай партыі. З іншага боку, у партыі велізарны апарат, рэсурсы на падтрыманне якога дае ўдзел у кабінеце. Бязвыхаднасць эсдэкаў — тэма карыкатуры выдання Mandzel. На малюнку SPD намалявана ў выглядзе карэты, якая круціцца на краі бездані. Яе фурманы сварацца і беспаспяхова спрабуюць знайсці альтэрнатыўны "Groko" шлях. Аднак гэта карыкатура старая. Што вырашаць на гэты раз эсдэкі застаецца загадкай.