Дровы — у іншы бок. У Расіі ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы з ацяпленнем

Памятаеце, як Лукашэнка сек дровы і прыгаворваў, што іх адправяць у Еўропу, калі тая пачне замярзаць? Падобна на тое, што дровы сапраўды прыйдзецца адпраўляць, — толькі ў іншы бок, нашаму «бліжэйшаму саюзніку».

tajiki_bez_gaza.jpg


Расія замярзае. У краіне — сур'ёзныя перабоі з ацяпленнем, таму што камунальнікаў адпраўляюць на фронт. Некаторыя з іх ужо трапілі ў палон, піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».

Праблемы з ацяпленнем назіраюцца ў некалькіх расійскіх рэгіёнах з-за недахопу супрацоўнікаў у камунальных службах. На халодныя батарэі скардзяцца жыхары Астрахані, Краснадара, Растова і іншых гарадоў поўдня Расіі. «Мы звярталіся ў ваенкаматы і да чыноўнікаў, тлумачачы, што хутка ацяпляльны сезон, і нам патрэбныя людзі, але выразнага адказу так і не атрымалі», — распавяла падпісчыца канала, якая працуе ў камунальных службах Астрахані.

Частку мабілізаваных камунальнікаў адправілі ў 205-ю мотастралковую брыгаду на першую лінію, якая ваявала ў Херсонскай вобласці. «Яны пісалі, што былі спачатку ў лесапасадкі, дзесьці каля вёскі Міралюбаўка. Ім сказалі трымаць складаны ўчастак фронту, хоць сярод нашых мужчын не было кадравых вайскоўцаў, некаторыя толькі скончылі вайсковую кафедру, іншым было ўжо пад 40 гадоў», — дадае падпісчыца.

 Некаторыя нават трапілі ў палон пры адступленні з Херсона, таму што камандзіры забыліся іх у хаосе.

Дваіх камунальнікаў адправілі ў інжынерныя войскі, што значна бліжэй да іх спецыяльнасці. Спачатку яны таксама знаходзіліся пад Херсонам, а цяпер адпраўленыя ў вучэбную частку ў Беларусі, дзе будуць рыхтавацца пару тыдняў і пасля паедуць у Крым будаваць абарончыя збудаванні. Па словах суразмоўніцы канала, позвы мужчынам працягваюць прыходзіць нават пасля заканчэння мабілізацыі.

Такія праблемы — паўсюдныя. Напрыклад, у канцы лістапада 14 жыхароў Новасібірска ў 30-градусны мароз засталіся без ацяплення з-за пашкоджання на трубаправодзе. Двума днямі раней такі ж інцыдэнт адбыўся ў Абакане, падача цяпла на некалькі гадзін была спыненая ў 270 шматкватэрных дамоў, дзе пражываюць каля 70 тысяч чалавек. А ў пасёлку Арцёмаўскі людзі некалькі дзён сядзелі без цяпла, хоць тэмпература на вуліцы складала мінус 38 градусаў па Цэльсію.

Між тым, такіх жа навін з Еўропы, насуперак запэўненням расійскіх і беларускіх прапагандыстаў аб тым, што «Еўропа без расійскага газу замерзне», не паступае. Мабыць, дровы Лукашэнку ўсё ж прыйдзецца адпраўляць — але не туды, куды ён разлічваў…